Фотакаляндар «Гэта — МЫ» хутка выйдзе з друку. У ім будзе 12 здымкаў з беларускімі сюжэтамі і традыцыйнымі строямі. Героі здымкаў - гродзенцы і гродзенкі, што вызваліся па-валанцёрску падтрымаць праект. Вокладка ў каляндара — маляваная. Яе стварыла дызайнерка Марыя Кудынюк, натхніўшыся гравюрай 1600 года Томаша Макоўскага.

Атрымаць каляндар можна ў рэдакцыі ці ў Сяргея Марозава за данат.



Хацела быць мадэллю, а стала ілюстратаркай

Першы раз Марыя напісала Марозаву, калі той абвесціў, што будзе рабіць фотакаляндар і запрашаў ахвотных паўдзельнічаць.

«У апошні час мяне цікавіць наша гісторыя і культура. Мне падабаюцца традыцыі мінулага і беларускія вобразы, што адлюстроўваюць гісторыю», — гаворыць Марыя. Аднак аказалася, што мадэлі на ўсе 12 сюжэтаў ужо абраныя. Для Марыі месца не засталося.

Але ўсё змянілася, калі фатограф паглядзеў як старонку ў Instagram. Так з’явілася ідэя зрабіць вокладку для фотакаляндара маляванай.

Марыя Кудынюк — дызайнерка, аўтарка вокладкі календара «Гэта — МЫ!»

Нарадзілася і вырасла ў Брэсце. Пачала маляваць, калі навучылася трымаць аловак у руцэ. Скончыла дзіцячую мастацкую школу, у 2018 паступіла ў ГрДУ на факультэт мастацтваў і дызайну.

«Вельмі ўзрадавалася прапове намаляваць вокладку. Гэта было вельмі цікава, бо я ніколі не ўдзельнічала ў такім праекце. Канешне, я крыху хвалявалася, бо вельмі адказная праца, і хацелася, каб усё атрымалася добра».

“Гэта – МЫ!” Паглядзіце, якой будзе вокладка каляндара ад Сяргея Марозава і Hrodna.life

Гродна ад 1600 да 2021

За крыніцу для натхнення мастачка ўзяла гравюру Томаша Макоўскага 1600 года з выявай Гродна ды гістарычныя сімвалы Беларусі.

“Гэта – МЫ!” Паглядзіце, якой будзе вокладка каляндара ад Сяргея Марозава і Hrodna.life

Малюнак павінен быў аб’яднаць буслоў і вясковы матывы, лятучых вершнікаў і людзей ў традыцыйных строях, гродзенскія краявіды і сувязь часоў.

«Я арыентавалася на сярэднявечныя гравюры беларускіх гарадоў. Нешта падобнае захацелася зрабіць. Трэба было прадумаць шмат дробных дэталяў».

«Праца гэта нялёгкая, карпатлівая, але я малявала з задавальненнем і вялікім натхненнем. Самой было цікава, што атрымаецца».