17 спартоўцаў і 8 трэнераў з Гродзеншчыны, якія добра выступілі на міжнароднай арэне ў 2020 годзе, 18 студзеня атрымалі ўзнагароды. На сустрэчы ў аблвыканкаме спартоўцы агучылі прапановы, а кіраўнік вобласці Уладзімір Каранік адказаў на пытанні са сферы спорту.

Каранік аблвыканкам Гродна спорт
Кіраўнік вобласці Уладзімір Каранік ўзнагароджваў спартсменаў і адказваў на пытанні журналістаў не карыстаючыся маскай

Ці будзе ў Гродне Дом барацьбы і Цэнтр гульнявых відаў спорту

Адна з прапановаў, агучаных на сустрэчы, тычылася Дома афіцэраў. У ім прапанавалі стварыць Дом барацьбы. Старшыня аблвыканкама паабяцаў разглядзець гэтае пытанне.

Чытайце таксама: Дом афіцэраў у Гродне не змаглі прадаць 14 разоў: што адпужвае інвестараў?

Непакоіла спартсменаў адсутнасць месца для трэніровак у каманды па індор-хакеі, недахоп пляцовак для заняткаў хакеем на траве і тэнісам. Па-ранейшаму адкрытым застаецца пытанне з пляцоўкай для кідання молата.

Уздамалася пытанне коннага спорту. Уладзімір Каранік аднёс гэты напрамак да нерэнтабельных, пытанне аднаўлення якога не разглядаецца. Але паабяцаў азнаёміцца з прычынамі закрыцця конна-спартыўнай школы ў Гродзенскім раёне.

Чытайце таксама: Выдаткі выраслі ў некалькі разоў: як даюць сабе рады гродзенцы пасля закрыцця конна-спартыўных школ

Уладзімір Каранік пацвердзіў, што сёлета пачнецца праектаванне Цэнтра гульнявых відаў спорту. Гэты праект анансавалі ў Гродне вясной мінулага года. Зараз ужо вызначаны крыніцы фінансавання ды ідзе абмеркаванне месца будоўлі.

Спартсмены дзякавалі Караніку і прэзідэнту

На сустрэчы кіраўніку вобласці ўручылі персанальную статуэтку-ўзнагароду ад гродзенскіх спартсменаў. Яе ўручыў трэнер па грэка-рымскай барацьбе Вячаслаў Максімовіч. «Вы, з’яўляючыся міністрам аховы здароўя, выйшлі ў натоўп разгневаных, неадэкватных, агрэсіўна настроеных і - смела вытрымалі такі націск», — сказаў Максімовіч.

Каранік адказаў жартам. Маўляў, ён там быў «самы вялікі і менш за ўсіх рызыкаваў».

аблвыканкам Гродна Каранік спорт
Удзельнікі цырымоніі ўзнагароджання спартсменаў Гродзеншчыны, 18 студзеня

Заслужаны майстар спорту Андрэй Барбашынскі ў сваім выступлення падзякаваў за падтрымку спорта прэзідэнту: «Нас аб’ядноўвае спорт і музыка».

Апроч тых, хто летась абараняў гонар Гродзеншчыны на спартыўных пляцоўках, падзяку атрымала адна з самых вядомых гродзенскіх ветэранаў спорту — Алена Валчэцкая, першая алімпійская чэмпіёнка з Беларусі па спартыўнай гімнастыцы.

Яна пажадала ўсім спартсменам поспехаў са словамі: «Вы робіце свой унёсак у тое, што Беларусь жыве».