Зменшыць страты прадпрыемства за кошт прыпынення выплатаў супрацоўнікам вырашылі падчас нарады генеральнага дырэктара «Гродна Азот» Ігара Ляшэнкі з прадстаўнікамі «АзотСпецТранс». Пра гэта 29 верасня паведаміла карпаратыўнае выданне прадпрыемства «Гродзенскі хімік».

«Рашэнне па прыпыненні некаторых выплатаў было прынята сумесна з працоўным калектывам, а таксама камісіямі прафкама і прафсаюза, — распавёў Hrodna.life выконваючы абавязкі дырэктара „АзотСпецТранс“ Сяргей Антонаў. — Мы падпісалі адпаведны пратакол — не адмяняем выплаты, а толькі прыпыняем на нейкі час».

Па словах Антонава, для прыпынення выбралі толькі тыя выплаты, якія зараз рэдка выкарыстоўваюць. «Зараз у нас няма жанчын, якія сыходзяць у адпачынак па дагляду за дзіцём. Таксама, за апошнія два месяцы ў нас не было выпадкаў смерці супрацоўнікаў. Таму асноўныя выплаты мы захоўваем».

Якія выплаты прыпыняюць

Сяргей Антонаў лічыць, што для зніжэння выдаткаў і павелічэння прыбытку трэба часова прыпыніць выплаты:

—  адзінай выхадной дапамогі ветэранам працы пры сканчэнні працоўнай дамовы;
— на арганізацыю пахавання супрацоўнікаў прадпрыемства і на пахаванне блізкіх сваякоў;
— аплочваемых сацыяльных адпачынкаў жанчынам па цяжарнасці;
— матэрыяльнай дапамогі для тых, хто знаходзіцца ў адпачынках па дагляду за дзіцём да 3-х гадоў;
— даплаты за працу ў шкодных і небяспечных умовах працы;
— на набыццё пуцёвак у санаторыі, прафілакторыі і дзіцячыя лагеры.

На думку кіраўніка, гэта добрая мера для паляпшэння эканамічнай сітуацыі: «Мы ўжо назіраем паляпшэнне сітуацыі. Таму ёсць верагоднасць, што з 1 лістапада мы зноў адновім гэтыя выплаты», — сказаў Hrodna.life Сяргей Антонаў.

А што, так можна было?

«Калі кіраўніцтва дамаўляецца пра гэта з прафсаюзам працоўных, то па калектыўнай дамове могуць прымацца такія рашэнні», — пракаментаваў Hrodna.life кіраўнік аддзела працы і заробка камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Гродзенскага аблвыканкама Вячаслаў Шаўцоў.

Чытайце таксама: «Гродно Азот» хочет ввести на заводе криптовалюту. Эксперт: это неуклюжая попытка обойти санкции

Чаму «АзотСпецТранс» — стратнае прадпрыемства?

На «Гродна Азот» лічаць, што стратнасць даччынага прадпрыемства «АзотСпецТранс» звязана з малой прадукцыйнасцю асобных групаў машын на аўтамабільных і чыгуначных перавозках, кепскім станам завадской чыгункі і неабходнасцю рамонта тэхнікі. Кіраўніцтва лічыць што прычына кепскага стану тэхнікі - ігнараванне работнікамі правіл эксплуатацыі.

«АзотСпецТранс» — даччынае прадпрыемства «Гродна Азот». Яно спецыялізуецца на выкананні транспартных паслугаў, рамонце тэхнікі, мыцці аўтамабіляў. Колькасць супрацоўнікаў - каля 560 чалавек.