Датэрміновае галасаванне на канстытуцыйным рэферэндуме пачалося 22 лютага. У першы дзень яўка на Гродзеншчыне была самай нізкай з усіх абласцей — 4,14%. На выбарчых участках ужо адбываюцца парушэнні: на кабінках няма шторак, на ўчастка няма незалежных назіральнікаў, а студэнтаў і бюджэтнікаў заганяюць на датэрміновае галасаванне.
Як заганяюць на датэрміновае галасаванне
Супрацоўнікаў ААТ «Гродна Азот» гатовыя адпусціць з працы на дзве гадзіны раней, калі яны прагаласуюць датэрмінова. Тых, хто жыве ў інтэрнатах, просяць больш настойліва, паведаміў праваабарончы цэнтр «Вясна».
Таксама ў першы дзень датэрмінова галасавалі студэнты Гродзенскага дзяржаўнага палітэхнічнага каледжа.
«Датэрміновае галасаванне гэта мажлівасць шматлікіх фальсіфікацый. Калі чалавек прыходзіць галасаваць датэрмінова, то ён можа прыйсці і на наступны дзень. Так званая „карусель“. Пры чым назіральнік не можа паглядзець, наколькі чалавек адпавядае спісу, бо забаронена падыходзіць да сталоў камісіі», — распавёў Hrodna.life Сяргей Верамеенка, які каардынаваў назіранне ў Гродне на папярэдніх выбарах.
«Прымусовае галасаванне забаронена ў Беларусі. Яно добраахвотнае і кожны ідзе згодна свайму жаданню. Cтудэнты, вайскоўцы, людзі абмежаваныя воляй заўсёды былі самыя неабароненыя. Напрыклад, студэнтаў ганялі на датэрміновае галасаванне пад пагрозай высялення з інтэрнату. Тое ж самае вайскоўцы. Я памятаю сам, як нас у савецкім войску ганялі, — расказаў Сяргей Верамеенка. — Быў выпадак на адным з участкаў, што людзей, якія адбывалі „хімію“, проста вялі шэрагам, а сзаду ішоў чалавек у форме і нёс стос пашпартоў».
За першы дзень ужо былі парушэнні
«Самае галоўнае парушэнне — недапушчэнне незалежных назіральнікаў. Асноўную масу не дапусцілі пад рознымі маркамі. Кагосці нават затрымлівалі. Хто прыходзіць і звяртае ўвагу, таго адразу затрымліваюць і праводзяць размову. Гэта тое, што адпрацоўвалі раней, і тое, што будуць выкарыстоўваць. Ціск будзе павялічвацца і ў нядзелю будзе апагей», — лічыць Сяргей Верамеенка.
На шматлікіх участках для галасавання ў Гродзенскай вобласці адсутнічаюць фіранкі. Гэта адно з асноўных парушэнняў прынцыпа таемнасці галасавання. Яно дазваляе камісіі і іншым выбаршчыкам, якія стаяць у чарзе, паглядзець, як галасуе чалавек.
«Галасаванне павінна быць таемным. Адсутнасць фіранак на кабінках мы фіксавалі яшчэ ў 2020-м годзе. Тады казалі, што каранавірус і гэта такі клопат пра здароўе. Дык тады ўвогуле навошта праводзіць галасаванні. Бо гэта парушае закон аб выбарах. Калі не забяспечана таямніца галасавання — гэта не галасаванне», — сказаў Сяргей Верамеенка.
У Гродзенскай вобласці яўка 4,14%, а якая ў іншых
У Гродзенскай вобласці самая малая яўка выбарнікаў на участкі - 4,14%. Яўка ў іншых абласцях:
Гомельская — 8,75%;
Мінская — 6,38%;
Віцебская — 6,37%;
Брэсцкая — 6,26%;
Мінск — 5,58%;
Магілёўская — 5,08%.
Агулам па краіне яўка выбаршчыкаў склала — 6,19%, паведаміў ЦВК.
Хто з гродзенскіх чыноўнікаў прагаласаваў у першы дзень
У першы дзень датэрміновага галасавання прагаласаваў першы намеснік старшыні аблвыканкама Юрый Валеваты, намеснікі старшыні аблвыканкама Віктар Пранюк і Віталій Нявера. Таксама прагаласаваў выконваючы абавязкі галоўнага трэнера ХК «Нёман» Андрэй Коршунаў і намесніца старшыні Гродзенскай абласной арганізацыі «Белая Русь» Святлана Варяніца.
На рэферэндум вынесена толькі адно пытанне: ці прыемаеце вы змены і дапаўненні Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь? Варыянты адказу: «за» і «супраць». Дзяржаўны сродкі масавай інфармацыі і дзяржаўныя ўстановы праводзяць актыўную агітацыю за тое, каб галасавалі «за» і датэрмінова.