Звольненыя з Гродзенскага драматычнага тэатра акторкі Ірына Купчанка і Лізавета Мілінцэвіч арганізавалі пастаноўку для дзяцей беларускіх і ўкраінскіх уцекачоў у Сопаце. Прэм’ера казкі «Шкодная гісторыя» прайшла 1 траўня ў памяшканні Аб’яднання беларусаў Памор’я, паведамляе Telegram-канал «Тётя Ира Разрешила». Спектакль паказалі два разы цягам траўня ў зале на 50 месцаў. Білеты на другі паказ разабралі за тры дні. Акторкі плануюць і надалей рабіць пастаноўкі ў межах праекта «Тэатр без назвы».

«Найважнейшае для мяне, як перажывала эмоцыі [дачка] Соня, — расказала глядачка спектакля, Наталля з Беларусі. — Яна недзе і хвалявалася, закрывала вочкі, і радавалася, калі ўсё было добра. Вялікая падзяка акторам за гэта. Мне здаецца, што такіх мерапрыемстваў не хапала ў Труймесце [аб'яднаная назва Гданьска, Гдыні і Сопата — Hrodna.life], каб прыйсці разам з дзецьмі».

Вярнуліся ў прафесію праз два гады — эмоцыі перапаўняюць

Лізавета Мілінцэвіч пераехала з Гродна ў Гданьск у 2020-м, калі яе звольнілі з тэатра. У Польшчы акторка спрабавала сябе ў розных прафесіях — ад бармэна да SMM-спецыяліста.

Ірына Купчанка пераехала ў Гданьск у 2021 годзе. Цягам трох месяцаў акторка працавала ў таксі. Для абедзвюх гэта першы выступ за межамі Беларусі з 2020 года.

“Самыя неабароненыя зараз дзеці”. Дзве акторкі з Гродна паставілі ў Польшчы казку для беларускіх і ўкраінскіх дзяцей
Ірына Купчанка і Лізавета Мілінцэвіч у спектаклі «Шкодныя гісторыі»

«Гэта першая пастаноўка амаль за два гады. Эмоцыі перапаўняюць. Увесь гэты час мне вельмі не хапала сцэны, — расказала Лізавета Мілінцэвіч. — Я вельмі хвалявалася. Не ведала, колькі прыйдзе людзей, ці яны зацікаўлены ў такіх спектаклях».

Чытайце таксама:

Усё рыхтавалі самі

«Цяжкасць была ў тым, што мы не толькі ігралі, але адказвалі таксама за ўсё астатняе — харэаграфію, рэквізіт, музыку», — распавяла Ірына Купчанка. Для пастаноўкі спектакля яна вырашыла працягнуць свой гродзенскі праект «Тэатр без назвы». Зараз ён пачынае дзейнічаць у Труймясце.

«Рэквізіт збіралі са свеце па кроплі. Я сама пашыла навалачкі, алоўкі нам зрабіў знаёмы, адзенне купілі ў сэкандхэндзе».

акторкі Ірына Купчанка, Лізавета Мілінцэвіч, Польшча
Спектакль паставілі ў межах праекта «Тэатр без назвы», каторы Ірына Купчанка распачала рабіць яшчэ ў Гродне

Па словах акторак, яны хваляваліся, як упершыню: «Мы не ведаем яшчэ гледача. Калі ў драмтэатры атмасфера для нас ужо была знаёмая, то тут мы толькі знаёмімся».

Вырашылі ставіць казку, каб падтрымаць дзяцей

акторкі Ірына Купчанка, Лізавета Мілінцэвіч, Польшча
Акторкі жартуюць, што выбралі казку, каб лягчэй вярнуцца ў творчасць і захаваць маладосць: «Калі акторы шмат выступаюць ў казках, яны не так хутка старэюць»

Калі сур’ёзна, то аргументам Лізаветы стала дапамога ў адаптацыі дзецям з Беларусі і Украіны: «У Гданьску недастаткова падобных мерапрыемстваў для дзяцей рэлакантаў. Многія сем'і, каторыя прыехалі ў Трумяста, яшчэ не паспелі вывучыць польскую мову. Важна даць ім магчымасць далучацца да мерапрыемстваў на той мове, да якой яны прывыклі. Гэта дапамагае адаптацыі на новым месцы».

«Дзеці зараз самыя неабароненыя, — кажа Ірына Купчанка. — Яны засталіся амаль без увагі, таму што большасць праектаў і сіл зараз накіраваны на барацьбу з вайной, валанцёрства, салідарнасць. Таму я вырашыла, што першай пастаноўкай будзе менавіта казка».

“Самыя неабароненыя зараз дзеці”. Дзве акторкі з Гродна паставілі ў Польшчы казку для беларускіх і ўкраінскіх дзяцей
Гледачы на спектаклі «Шкодныя гісторыі». Усе 50 квіткоў на паказ спектакля 1 мая раскупіла за тры дні

Чытайце таксама: