На канец лютага ў Рускім тэатры Марыупаля планавалі прэм’еру. Аднак пачалася вайна. Тэатр стаў сховішчам для жыхароў горада, а потым быў разбомблены. Пра тое, якія жыццёвыя драмы прайшлі праз тэатр замест запланаванай прэм’еры, паказалі ў пастаноўцы «Спектакль, які не адбыўся» акторкі «Тэатра Жніўня» Наталля Лявонава, Натэла Бялугіна і Ганна Іванова. Паставіў спектакль рэжысёр Андрус Дарала. Яго паказалі ў Рускім тэатры Літвы ў Вільні 17 — 19 чэрвеня ў час паэтычнага фестывалю «Жывое слова».
Гісторыя не скончана — п’еса толькі пішацца
Увесь спектакль базуецца на тэкстах журналісткі з Марыупаля Надзеі Сухарукавай. Яна была адной з тых, хто ратаваўся ў сутарэннях тэатра.
«Усё пачалося з тэлефоннага званка, — расказала акторка Наталля Лявонава. — Патэлефанаваў знаёмы рэжысер з Марыупаля і папрасіў запісаць відэаводгук на пост у сацсетках журналісткі Надзеі Сухарукавай».
Калі пра гэта даведаліся калегі калегі, то прапанавалі і сваю падтрымку — так нарадзілася ідэя спектакля. Спачатку артысты меркавалі, што паставяць п’есу, якую рыхтавалі да прэм’еры ў Марыупалі. Потым вырашылі больш працаваць з тэкстамі Сухарукавай.
«Гэта пакуль эскізная работа, — тлумачыць Наталля Лявонава. — Гісторыя не скончана і п’еса толькі пішацца».
Зараз вы ведаеце…
На сцэне большасць часу толькі тры акторкі. Але ў іх расповядах паўстаюць іншыя героі: хлопчык, што вядзе дзённік, стары, які чакае, каб на абед далі «другое», а не толькі суп і ваду, дзяўчынка, што крычыць, бо баіцца цемры. Паступова гэтыя героі запаўняюць прастору — тут робіцца цесна ад роспачы і эмоцый. «Зараз вы ведаеце, як мог выглядаць і той падвал», — казаў рэжысёр Андрус Дарала.
Пасля эвакуацыі з Марыупаля Надзея Сухарукава прыехала ў Літву і зараз жыве ў Клайпедзе. Наталля Лявонава распавяла, што яны наведалі журналістку і пазнаёміліся. На яе думку, гэта дапамагло ў працы над вобразамі ў спектаклі.
«Была вялікая адказнасць ад таго, што асабіста ведаю гэтага чалавека. Цікава працаваць па тэкстах і перажываннях знаёмай асобы. Я ж ніколі не была на вайне і не ведаю, што адчувалі марыупальцы, чакаючы смерці ў падвале тэатра. Я ніколі гэтага не адчувала, але павінна была расказаць правільна».
Спектакль па хэштэгах
Тэхнічна спектакль пабудаваны на сістэме хэштэгаў. #Самалёт, #Аўтобус, #Асцярожна ды іншыя перамяшчаюць гледачоў у розныя моманты трагічных падзеяў. Акторкі ўвесь час трымаюць у руках лісты з тэкстамі роляў прэм’еры, што так і не адбылася.
«П'еса, як і вайна, пакуль не скончана, — кажа акторка Натэла Бялугіна. — Працаваць у такім фармаце нязвыкла, гэта новы для мяне досвед. Усе гісторыі, якія прагучалі у спектаклі, напісаныя Надзеяй [Сухарукавай]. Усе мы былі ў спектаклі ёй, толькі ў розных іпастасях».
Цягам фестывалю гродзенцы паказалі віленчукам яшчэ адзін свой спектакль — «За што». Ён прысвечаны падзеям Ночы (не)растраляных паэтаў і ўпершыню быў прадстаўлены летась у кастрычніку.
Усе спектаклі фестывалю «Жывое слова», прадстаўленыя «Тэатрам Жніўня», прайшлі з аншлагам.
Чытайце таксама: Гродненские актёры создали в Вильнюсе «Театр Августа». Премьеру посвятили «Ночи (не)расстрелянной поэзии»
Чытайце таксама: «Сістэма вучыць не чуць, а прыгнятаць». Звольненыя акцёры з Гродна паказалі ў Вільні «Трэцюю змену»