Гродзенскі інтэрнэт-рэсурс Hrodna.life унеслі ў “пералік арганізацый, фарміраванняў, індывідуальных прадпрымальнікаў, датычных да экстрэмісцкай дзейнасці”. Такое рашэнне прыняў Камітэт дзяржаўнай бяспекі Беларусі 11 лістапада 2022. Адпаведныя змены ў спісе апублікавалі на сайце Міністэрства унутранных спраў 21 лістапада.

“Суполка грамадзянаў з ліку стваральнікаў, удзельнікаў і адміністратараў інтэрнэт-рэсурса Hrodna.life, Telegram-каналаў “Гродно like!”, Hrodna One Love, а таксама YouTube-канала Hrodna One Love здзяйсняе экстрэмісцкую дзейнасць”, — напісалі на сайце МУС.

Hrodna.life прызналі экстрэмісцкім фарміраваннем. Што гэта значыць для чытачоў
Скрыншот з сайта МУС

Што гэта значыць

За “экстрэмісцкае фарміраванне” могуць пакараць стваральніка, кіраўніка альбо ўдзельніка. Яго могуць асудзіць да 10 гадоў пазбаўлення волі паводле арт. 361-1 Крымінальнага кодэкса. За ўдзел у такім фарміраванні з мэтай здзяйснення злачынства могуць пакараць да шасці гадоў пазбаўлення волі (арт.361-3 КК). 

За сайдзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці — да сямі гадоў пазбаўлення волі, а за фінансаванне — да васьмі гадоў. 

Ці могуць пакараць падпісчыкаў “экстрэмісцкіх фарміраванняў”

Дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Лілія Ананіч у кастрычніку 2022 года прапаноўвала трактаваць падпіску на “экстрэмісцкія фарміраванні” як “садзеянне”. Але ў судзе павінны даказаць, што ўдзел быў у мэтах здзяйснення злачынства. Гэтая прапанова Ананіч пакуль у законе не замацавана.

Што трэба зрабіць нашым чытачам і падпісчыкам

Вы можаце не адпісвацца ад нашых сацыяльных сетак і працягваць іх чытаць. Але для сваёй бяспекі лепш адпісацца і чытаць нас, знаходзячы ў пошуку. Акрамя гэтага, Hrodna.life раіць вам пачысціць дыялогі з намі і выдаліць усе матэрыялы і каментары, якія вы нам дасылалі. 

Сацыяльныя сеткі Hrodna.life ужо прызнавалі экстрэмісцкімі матэрыяламі

У ліпені 2021 года суд Ленінскага раёна прызнаў Telegram-канал Hrodna.life экстрэмісцкім матэрыяламі. Прычынай сталі выяўленыя сілавікамі публікацыі, якія эксперты палічылі «накіраванымі на распальванне сацыяльнай і іншай варожасці». Прыкметы экстрэмізму і распальвання варожасці экспертная камісія знайшла ў некаторых каментарах чытачоў. Той Telegram-канал рэдакцыя выдаліла.

У ліпені 2022 года Інфармацыю ў суполцы ў Instagram «hrodna. like», Telegram-канале «Гродна Like», суполцы ў Facebook «Hrodna. life» і Youtube-канале «Hrodna Life» таксама таксама прызналі экстрэмісцкай прадукцыяй.

Якія СМІ ў Беларусі ужо прызналі “экстрэмісцкім фарміраваннем”

Раней у спіс “экстрэмісцкіх фарміраванняў” унеслі беларускія незалежныя СМІ. Сярод іх Бе**ПАН, “На** Н**а”, “Еўра***ыё”, “Бел**т”, Ze***o.