Каб паскорыць рамонт Новага моста на Паповіча, на аб’ект прыедуць працаваць спецыялісты з Брэста. З лютага да работ далучацца будаўнікі з Мінска, паведаміў «Гродна Плюс».

Зараз на мосце штодня працуюць каля 60 чалавек. Паралельна з працамі ідзе навуковае і экспертнае суправаджэнне праекта.

Падрыхтоўчыя работы ўжо завяршылі. Будаўнікі прыступілі да аднаўлення апорнай канструкцыі моста. На студзень 2023 года запланавана замена апорных частак. Для гэтага некаторыя пралёты моста падымуць дамкратамі вышэй з вертыкальную адзнаку пралётнага збудавання.

Калі дазволіць надвор’е, да лютага будаўнікі выйдуць на этап мантажу агароджы, мост пачнуць пакрываць гідраізаляцыяй, расказаў Мечыслаў Гой. Па планах да канца сакавіка павінны ўкладаць асфальт.

Рух па Новым мосце на вуліцы Паповіча цалкам закрылі з 23 верасня. Па выніках апошняга абследавання эксплуатацыя моста была дазволена да канца снежня 2022 года.

Рамонт моста могуць завяршыць да траўня 2023 года ў выпадку правядзення работ без замены маставых бэлек, казаў Уладзімір Каранік ў кастрычніку. Тады мост праслужыць яшчэ 25 гадоў. Да гэтага Мечыслаў Гой удакладняў, што працы скончацца не пазней за верасень 2023 года, а планавальнікам ён ставіў задачу забяспечыць функцыянаванне моста на 50 гадоў.

Мост перажывае капітальныя рамонт упершыню пасля адкрыцця ў 1971 годзе.