У Мінску нібыта разважалі над вызваленнем часткі палітвязняў, у тым ліку Анджэя Пачобута, але рашэнне быццам бы блакуюць высокапастаўленыя сілавікі. Пра гэта піша Rzeczpospolita са спасылкай на Паўла Латушку і ананімныя крыніцы.

«З нашых крыніц вынікае, што Ігар Сяргеенка, кіраўнік адміністрацыі Лукашэнкі, праводзіў нядаўна нараду. На ёй прыйшлі да высновы, што ўведзеныя Польшчай абмежаванні руху на мяжы, дзейнасць Літвы, якая да гэтага далучаецца, і перспектыва спынення грузавога чыгуначнага руху з’яўляюцца пагрозамі для інтарэсаў Беларусі. У сувязі з гэтым абмяркоўваюць дзеянні, якія аслабілі б гэты ціск», — расказаў газеце Павел Латушка.

Паводле яго інфармацыі, прапаноўвалася вызваліць пяцярых палітвязняў, прадстаўнікоў польскай меншасці. Магчыма, гаворка ішла пра вызваленне Анджэя Пачобута, якому прысудзілі восем гадоў калоніі, і Анжалікі Борыс, якая выйшла з СІЗА і знаходзіцца дома, але справа ў адносінах якой яшчэ цягнецца.

Латушка перакананы, што абмежаванні, якія ўвяла Польшча (закрыццё пункта пропуску «Баброўнікі»), бьюць па Лукашэнку. «Мы ведаем, што ў час апошняга візіту ў Кітай Лукашэнка пачуў, што магчымае закрыццё грузавых чыгуначных пунктаў пропуску пагражала б Пекіну мільярднымі стратамі», — кажа Латушка. Польшча сапраўды разважае такую магчымасць. Гэта спыніла б вялікія аб’ёмы тавараў, якія едуць з Азіі ў Еўропу па беларускай чыгунцы.

Усе спробы нармалізацыі блакуе КДБ

Адна з крыніцы «Rzeczpospolita» ў Варшаве не пацвярджае магчымае вызваленне Пачобута і іншых вязняў. Нічога пра гэта не чула і польскае МЗС. Іншая крыніца выдання ў Мінску, якую яно называе «добра інфармаваным і блізкім да рэжыму суразмоўцам», сцвярджае, што без прызнання віны Пачобута не выпусцяць. Іншыя варыянты выклікалі б незадаволенасць сілавікоў.

Чытайце таксама: Тавары знікнуць, транспарт падаражэе, а Пачобута наўрад ці выпусцяць хутка. Эксперты — пра эфекты ад закрыцця «Баброўнікаў»

«Вышэйшае кіраўніцтва Беларусі не разумее, чаму Польшча так зацята змагаецца за сваіх. Яны перакананыя, што Польшча — амерыканская марыянетка, і бачаць у гэтай дзейнасці тэорыі змовы. Гэта людзі, выхаваныя ў чорна-белых рэаліях, — сказаў суразмоўца газеты. — Таксама ў Беларусі ёсць адно ведамства, якога я не буду называць. Яно любым спосабам блакуе любую нармалізацыю адносін з Польшчай. Яго кіраўніцтва перакрэслівае ўсё, што іншыя спрабуюць рабіць у адносінах з Польшчай, і перш за ўсё тарпедуе дзейнасць Міністэрства замежных спраў».

Паводле «Rzeczpospolita», гаворка ідзе пра КДБ і яго кіраўніка Івана Церцеля. Менавіта гэтая структура нібыта максімальна працівіцца вызваленню палітвязняў.