Рак грудзей — захворванне ў наш час нярэдкае. На яго пакутуюць каля 10% жанчын ва ўсім свеце. Перажываць анкалагічныя захворванні цяжка ўсім. Але гісторыі трох беларусак, пра якіх расказвае гэты праект — Каці Ваданосавай, Каці Пытлевай і Лены — асабліва вострыя. Гэтыя дзяўчаты, як і многія беларусы і беларускі, сутыкнуліся з хваробай у вельмі няпросты перыяд свайго жыцця — у эміграцыі.
Яны пазбаўлены звыклай медыцынскай падтрымкі, яны ў чужых краінах, яны ў нязвыклых абставінах, у высокім стрэсе. Але іх гісторыі пражывання раку — не пра фатальнасць і безнадзейнасць. Праект «Пра рак. Гісторыі беларусак» гэта спроба паказаць анкалагічнае захворванне праз асабісты досвед гераінь. Праз тое, як дзяўчаты прынялі сваю хваробу і суіснуюць з ёй падчас лячэння. Праз тое, што з дыягназам «рак» жыццё працягваецца.
Зараз анкалагічны дыягназ ставяць нашмат часцей, чым раней. Не таму, што ўсё вакол кепска. Проста, сучасная дыягностыка дазваляе гэта зрабіць. Ці заўсёды рак звязаны з фактарамі паводзінаў і спадчыннасцю, што можа медыцына і як лекуюць рак малочных залозаў, для праекта расказаў хірург-анколаг Валерый Астапенка.
Як быць тым, у каго на рак пакутуюць блізкія? Чым дапамагчы і чаго лепш не рабіць, расказала для праекта псіхолаг Вольга Вялічка.
На рак грудзей хварэюць вельмі розныя жанчыны. Тое, што хвароба прыходзіць — не чыясці віна. Проста так часам здараецца.
Спадзяемся, што гісторыі дзяўчат і расповяды адмыслоўцам дапамогуць чытачам Hrodna.life падтрымаць сваіх блізкіх, калі хто з іх хварэе на рак, ці зрабіць пэўныя захады для прафілактыкі захворвання.