Звольненыя азотаўцы лічаць звальненне неправамерным і патрабуюць аднавіць іх на працы. Дасудовае паседжанне прайшло 11 студзеня ў судзе Кастрычніцкага раёна Гродна.
Трынаццаць былых супрацоўнікаў ТАА «Гродна Азот» падалі ў суд калектыўную заяву аб незаконнасці звальнення іх з прадпрыемства. Сустрэча бакоў канфлікту прайшла 11 студзеня ў судзе Кастрычніцкага раёна Гродна. Азотаўцаў прадстаўляў юрыст незалежнага прафсаюза Аляксандр Парадкаў. Адміністрацыю «Азота» — вядучы юрысконсульт прадпрыемства Уладзімір Літвін і намеснік дырэктара па бяспецы і кадрах Алег Жывушка.
Незразумела, за што звальнялі
Звальненні закранулі некалькі дзясяткаў супрацоўнікаў «Азота». Асноўную частку звольнілі пасля таго, як людзі пачалі пісаць заявы пра далучэнне да забастоўкі.
Прычынамі звальнення ў загадах пазначаны прагулы ці парушэнне ўнутранага распарадку прадпрыемства. Некаторых рабочых звальнялі за парушэнні працоўнага кодэксу і нават за нанясенне матэрыяльнай шкоды. Пра звальненне многія даведваліся толькі па пошце, з афіцыйных лістоў, ці калі на прахадной даведваліся, што пропуск заблакаваны. Некаторыя на момант звальнення былі на бальнічных ці мелі выхадныя.
Змены ў калектыўную дамову ўнеслі яшчэ ў сакавіку. А вы не ведалі?
Звальненні работнікаў не ўзгадняліся з прафсаюзам, хаця гэта працэдура прадугледжвалася калектыўнай дамовай. Гэта прэтэнзія была пазначана, як адна з асноўных прычынаў пазову ў суд у заяве азотаўцаў. Аднак ужо на першых мінутах паседжання прадстаўнікі адміністрацыі расказалі, што такой неабходнасці не было. Аказалася, што ўзгаданы пункт калектыўнай дамовы быў скасаваны Дапаўненнем № 7 яшчэ ў сакавіку 2020 года. Па словах прадстаўнікоў адміністрацыі, працэдура ўнясення зменаў у калектыўную дамову была датрыманая, а дапаўненні належным чынам зарэгістраваныя ў адміністрацыі Кастрычніцкага раёна.
На ТАА «Гродна Азот» дзейнічае 2 прафсаюзныя арганізацыі. Прафсаюз хімікаў і незалежны прафсаюз. Калектыўную дамову ад імя працоўнага калектыву падпісаў прадстаўнік прафсаюза хімікаў, як больш масавага аб’яднання. Прадстаўнікі незалежнага прафсаюзу далучыліся да калектыўнай дамовы. На прадстаўнікоў абодвух аб’яднанняў аднолькава распаўсюджваюцца патрабаванні і ільготы, прадугледжаныя дамовай.
Звальнялі выхаднымі і падчас бальнічных
Дзмітрыя Барабана звольнілі за прагулы. З такой фармулёўкай і з шэрагам акалічнасцяў звальнення яму цяжка пагадзіцца. «Мяне звольнілі 31 кастрычніка. Так пазначана ў працоўнай кніжцы. Гэта была субота. Хіба нехта з аддзела кадраў у выхадны прыйшоў на працу, каб мяне звольніць? Загад аб звальненні выйшаў толькі 4 лістапада. Чаму так? Хай мне патлумачаць».
«Адміністрацыя ў закладніках, яны не спыняць завод». «Азотавец» — пра страйк, затрыманні і зарплату
Артура Богуша звольнілі, калі ён был у адпачынку. Пазначаны ў загадзе артыкуп працоўнага кодэкса, які нібыта ён парушыў, апісвае сітуацыю з парушэннем працоўнай дысцыпліны і нанясеннем шкоды прадпрыемству.
«Якую шкоду я мог нанесці прадпрыемству, пакуль адпачываў? Пра якое парушэнне ідзе гаворка?» — не разумее рабочы.
Падобная фармулёўка і ў загадзе на звальненне Вадзіма Венскага. «Хацелася б ведаць, што я парушыў?" — пытаецца рабочы.
Юрый Борыс распавёў, што даведаўся пра звальненне з тэлеграм-каналаў. Яго звольнілі праз адсутнасць на працы больш за тры гадзіны. «Мне пагражалі. Страшна было ісці на працу. Я напісаў заяву, што далучаюся да стачкі. Хадзіць на працу з дулам каля спіны лічу непавагай».
«Толпой ломились в подъезд». Десятки гродненцев задержали на марше в поддержку «Гродно Азот«
Аляксей Дарагой апынуўся 26 кастрычніка каля «Азота», бо падвозіў жонку на працу і па дарозе планаваў зняць грошы ў банкамаце каля прахадной. У гэты дзень ён меў выхадны. «На наступны дзень выходжу на працу, а мой пропуск ануляваны. Не разумею, што я парушыў ва ўласны выхадны? Я нават не быў на тэрыторыі завода, толькі побач». Да гэтага Аляксей без нараканняў адпрацаваў на прадпрыемстве 14 гадоў.
Яўгенія Кузікевіч расказала, што далучылася да забастоўкі і не выходзіла на працу. Але прызнаць гэта прагуламі адмаўляецца. 26 кастрычніка АМАПаўцы затрымалі дзяўчыну каля прадпрыемства.
«Гэта жах. Каго прадстаўляюць гэтыя людзі ў форме і бронекамізэльках, што кажуць мне працаваць? Пасля такога трэба да псіхолага звяртацца», — узгадвае Яўгенія тыя падзеі.
Па словах дзяўчын, яна не адчувала сябе ў бяспецы і не працавала з гэтай нагоды. «Наймальнік не пацвердзіў, што знаходзіцца на працоўным месцы будзе бяспечна», — кажа Кузікевіч.
УВД: возле «Гродно Азот» задержали 32 человека, начали административный процесс
Андрэй Пагерыла і Сяргей Шэлест былі звольненыя за прагул у той час, калі сядзелі «на сутках». Прычым звальненне адбылося праз месяц пасля выхаду з ІЧУ.
Аляксей Сідар распавёў, што прычынаю адмовы ад працы 28 кастрычніка была загазаванасць працоўнага месца аміякам і адмова кіраўніцтва забяспечыць яму бяспечныя ўмовы працы.
Што будзе разглядаць суд?
Частка рабочых лічыць звальненне незаконным і патрабуе аднаўлення на працы. Іншыя ўжо працаўладкаваліся і дамагаюцца кампенсацыі за час, калі не мелі заробку. Суддзя Сяргей Слашчоў, які будзе весці справу, параіў рабочым удакладніць і дапоўніць свае патрабаванні і падаць іх у пісьмовым выглядзе:
«Суд абмежаваны граніцамі заяўленых патрабаванняў. Каб нешта стала прадметам разгляду ў судзе, вам неабходна ўдакладніць пазоў. Пры неабходнасці скласці шэраг хадайніцтваў».
Суддзя падкрэсліў, што сустрэча 13 студзеня праводзілася ў дасудовым парадку. Папярэдняе судовае паседжанне па справе адбудзецца 18 студзеня.