Купец Лейба Шарашэўскі прыехаў у Гродна з Санкт-Пецярбурга ў 1861 годзе. Ён заснавальнік Гродзенскай тытунёвай фабрыкі, якая сёння носіць назву «Нёман». Ці сапраўды Шарашэўскі адкрыў фабрыку, дзе закупалі сыравіну і як коні пераціралі тытунь на фабрыцы, чытайце ў новым артыкуле «Гарадзенскай азбукі».
«Гарадзенская азбука» ад Hrodna.life — гэта 32 артыкулы пра цікавосткі Гродна. Кожнаму з іх адпавядае адна з літар алфавіту. А — Ажэшка, Б — Баторый, В — Вітаўт і так далей. У кожным артыкуле азбукі вы знойдзеце па пяць цікавых фактаў аб адметных гродзенскіх асобах, месцах ці з’явах.
Афіцыйнай датай заснавання гродзенскай тытунёвай фабрыкі лічаць 17 ліпеня 1861 года. Згодна з архіўнымі матэрыяламі, менавіта ў гэты дзень Гродзенскае Губернскае праўленне разгледзела прашэнне купцоў Абрама Гардона і Лейбы Шарашэўскага аб дазволе на адкрыццё ў Гродне тытунёвай фабрыкі. Але з-за адсутнасці ў Шарашэўскага купецкіх гандлёвых правоў, дазвол на адкрыццё фабрыкі далі Абраму Гардону, які такія правы меў.
На момант адкрыцця фабрыка размяшчалася ў памяшканні фабрычнага таварыства на вуліцы Купецкай (суч. Карла Маркса). Там Лейба Шарашэўскі і яго сын Ёсель разам з працаўнікамі займаліся вытворчасцю цыгарэт. У статыстычных дадзеных па Гродзенскай губерні за 1861 год пазначана, што на фабрыцы працаваў адзін майстар і тры працоўных.
У пачатку 1870-х гадоў вытворчасць перавезлі ў казённы дом Беркі Ранэса на вуліцы Саборнай (суч. Савецкая). І толькі ў 1878 годзе фабрыка пачала працаваць у галоўным складзе на вуліцы Маставой (сёння Маставая, 31, будынак былой пальчаткавай фабрыкі «Акцэнт»).
За першыя 10 гадоў дзейнасці тытунёвай фабрыкі сума прададзеных тытунёвых вырабаў вырасла з 2 тыс. да 30 тыс. рублёў. Гэта дазволіла пашырыць вытворчасць, абсталяваць яе сучаснымі тэхналагічнымі машынамі і павялічыць колькасць працоўных.
У 1869 годзе на фабрыцы былі толькі тры станкі для рэзкі тытуню і адна машына для яго перацірання. Гэта была так званая конная машына, бо ў рух яе прыводзілі коні. Але ўжо праз 15 год на фабрыку завезлі паравыя машыны і сем паравых катлоў, тры прэсы і 14 станкоў для рэзкі паперы (сем паравых і сем ручных).
Тытунёвая фабрыка была не адзінай вытворчасцю купцоў Шарашэўскіх. У 1880 годзе ў Гродне яны адкрылі папіросна-гільзавую фабрыку, а ў 1882 годзе гільзавы завод. Акрамя гэтага, сям’я валодала млыном, лесапільняй, таксама былі самымі буйнымі пастаўнікамі спірта і гарэлкі ў Паўночна-Заходнім краі.
З пашырэннем тытунёвай вытворчасці Шарашэўскіх, малыя тытунёвыя мануфактуры не вытрымлівалі канкурэнцыі як па колькасці, так і па якасці прадукцыі. З гэтай прычыны большасць з іх закрылі. Так адбылося з гродзенскімі вытворцамі тытуню: Рабінэрсонам, сямейнай тытунёвай дынастыяй Гарфінкеляў, Айзенштатам і Зільберблатам. Усе яны працавалі пад пазнакай фірмы І.Заблудоўскага.
Такім чынам, Шарашэўскія сталі амаль што манапалістамі на тытунёвым рынку ў Гродне.
Тытунёвую сыравіну для далейшай апрацоўкі на фабрыцы закупалі ва Украіне і Расіі, а тытунь вышэйшага гатунку ў Амерыцы. Калі ў 1880 годзе сын Лейбы Шарашэўскага Ёсель стаў уладальнікам фабрыкі, то ў дадатак ён набыў сыравінныя склады ў Крыме.
Склады для гатовай прадукцыі гродзенскай фабрыкі пабудавалі ў Варшаве, Любліне, Лодзі, Вільні, Дзвінску, Плоцку і Сімферопалі. Гэта дазволіла яшчэ больш пашырыць асартымент прадукцыі.
Будынкі тытунёвых складоў захаваліся і ў Гродне: сёння гэта вядомы многім будынак на Будзёнага, 48А, дзе знаходзяцца офісы і польскае консульства.
Считается, что сложно выбрать подарок именно мужчине - мужу, сыну, отцу, партнеру или другу. Ситуация…
Белорус Алекс Вознесенский посетил Новогрудок как турист. Мужчину поразило, что город с богатой историей находится…
Ресторан-кафе «Неманская витина» в виде ладьи – часть концепции новой гродненской набережной, которую обсуждали в…
Алексей Коженов уехал из Минска в 1998-м году. Он получил работу в Google, стал дьяконом…
Сленг постоянно меняется - в последнее время под влиянием TikTok. Понять его сразу и весь…
Каждый месяц 22 тонны кофейных зерен выезжают из Гродно, чтобы попасть на заправки по всей…