Карона — абавязковы атрыбут любога караля. Але насамрэч карона ніколі не бывае адна. У знаёмага гродзенцам Стэфана Баторыя былі чатыры кароны. Пры гэтым самую першую ён нават не пабачыў. Пра інсігніі караля піша канал пра гісторыю Hrodna 11:27.
Самыя важныя кароны — каранацыйныя. Іх «выдаюць» каралям толькі раз у жыцці, а пасля яны на гады ці нават дзесяцігоддзі вяртаюцца ў скарбніцы і чакаюць каралеўскага наступніка. Ёсць «штодзённыя» кароны, якія каралі замаўлялі ў адпаведнасці з сваім густам і модай эпохі. Ёсць кароны, якія ляжаць на каралеўскай труне ў час пахавання, а ёсць кароны, у якіх каралёў хаваюць.
Шлях сяміградскага ваяводы Стэфана Баторыя да кароны быў няпростым. Яшчэ ў час элекцыі магнаты і сенатары Рэчы Паспалітай выбралі не яго, а імператара Свяшчэннай Рымскай імперыі Максімільяна ІІ Габсбурга. Аднак 15 снежня 1576 г. шляхта ў большасці аб’явіла каралём… Ганну Ягелонку і прызначанага ёй за мужа Стэфана Баторыя. Сяміградскі ваявода хутка прыехаў у Кракаў, але яму яшчэ трэба было дабрацца да кароны.
Самая галоўная карона польскіх каралёў называлася каронай Баляслава Храбрага. Паводле храніста Яна Длугаша, гэтую карону перадаў аднаму з першых польскіх каралёў імператар Свяшчэннай Рымскай імперыі Атон. Такі быў тады парадак: каралі лічыліся васаламі імператара Свяшчэннай Рымскай імперыі, а таго ўжо каранаваў Папа Рымскі.
Насамрэч гэтую карону зрабілі па загадзе польскага караля Уладзіслава І Лакетка ў 1320 г., а каронай Баляслава Храбрага яе называлі толькі каб падкрэсліць пераемнасць з першымі польскімі каралямі. Актыўна каранаваць ёю пачалі з XV ст., амаль усе каралі Польшчы былі каранаваныя пад ёй.
Калі пасля элекцыі Баторый паспрабаваў дабрацца да гэтай кароны, якая была абавязковым атрыбутам працэдуры каранацыі, то супраціў польскіх сенатараў на чале з прымасам Польшчы Якубам Уханьскім прывёў да таго, што стражнік скарбніцы на Вавелі адмовіўся выдаць карону Баляслава Храбрага. Каранацыя апынулася пад пагрозай.
Не атрымаўшы традыцыйную карону Стэфан Баторый і Ганна Ягелонка павінны былі хутка вырашыць пытанне з каронай. І тут прыдалася так званая «венгерская карона», якая на той момант была ўласнасцю будучай жонкі Баторыя.
Справа ў тым, што нашчадкі Ягайлы нейкі час былі і венгерскімі каралямі. Аднак у 1526 г. туркі разграмілі венграў у бітве каля Мохача, там жа загінуў і малады кароль Лаяш (Людвік) Ягелон. Пасля яго каралём стаў Януш Запальяі, муж Ізабэлы Ягелонкі, роднай сястры жонкі Баторыя Ганны. Запальяі, які быў прызнаны каралём толькі часткай венграў, зрабіў сабе карону, якая была копіяй знакамітай кароны святога Іштвана (Стэфана).
Карона святога Іштвана — свяшчэнны артэфакт венграў і заслугоўвае асобнага расповяду, але факт, што пасля смерці Януша Запальяі, яе сына і жонкі, карона аказалася ў Кракаве, у скарбніцы Ганны Ягелонкі. Дарэчы, у 1572 г. венгерскую карону выкарысталі падчас пахавання караля Жыгімонта Аўгуста ў Кнышыне.
Менавіта гэтую карону ўзняслі над Баторыем падчас каранацыі, яна толькі адзін раз была выкарыстана для каранацыі. Баторый і Ганна здалі яе ў дзяржаўны скарбец і далей яе чакаў той самы лёс, што і ўсе інсігніі польскіх каралёў. Гэтая і іншыя кароны захоўваліся ў скарбцы Вавельскага замка да кастрычніка 1795 г. Тады яго разрабавалі прускія войскі і вывезлі ўсё скарбы ў Берлін.
Чытайце таксама: Хварэлі і паміралі: якія няшчасці здараліся з каранаванымі асобамі ў Гродне
Наступныя пошукі кароны і іншых каштоўнасцей, у якіх нават прымалі ўдзел расійкія цары, фармальна быўшыя польскімі каралямі, нічога не далі. Лічыцца, што ўсе кароны польскіх каралёў немцы, змучаныя войнамі з Напалеонам, у 1809 г. пераплавілі ў золата, адчаканіўшы з іх залатыя манеты.
Заставацца без уласнай кароны Баторый не хацеў. Ды і яму, як вялікаму аматару сучаснага па тых часах мастацтва ў стылі маньерызму, хацелася мець карону адпаведную эпосе.
Лічыцца, што аўтарам праекта такой кароны стаў фламандскі скульптар Вільгельм ван дэр Блок. Ён праектаваў між іншымі і касцельнае надмагілле брата караля Кшыштафа і асабіста займаўся яго мантажом. Кароль быў настолькі задаволены працай ван дэр Блока, што даў яму рэкамендацыйны ліст і прапанаваў прыехаць у Гданьск. Скульптар грунтоўна папрацаваў у Гданьску, пабудаваўшы там адну з брамаў горада і праектуючы некаторыя гарадскія камяніцы.
На адным з патрэтаў Стэфан Баторый паказаны з каронай, выкананай паводле праекту таленавітага фламандца. Яна багата аздоблена пярлінамі, а яе знешні выгляд цалкам адпавядае тагчаснай модзе на разнастайныя геаметрычныя фігуры і раслінны арнамент. Лёс гэтай кароны Баторыя, безумоўна нятаннай і дарагой каралю, невядомы.
12 снежня 1586 г. Стэфан Баторый памёр у гродзенскім Старым замку пасля некалькіх дзён цяжкай хваробы. Пахаванне караля, згодна з яго запаветам (Баторый казаў, што «Гродна, гэта найлепшы горад для жыцця і для вечнага адпачынку»), было запланавана ў горадзе над Нёманам, у пабудаваным ім касцёле Найсвяцейшай Дзевы Марыі.
Караля абавязкова клалі ў труну ў кароне, якую трэба было спецыяльна вырабіць. Смерць караля была нечаканай, таму карону тэрмінова замовілі гродзенскім ювелірам-злотнікам. На выраб гэтай кароны з каралеўскага скарбу было выдзелена некалькі зламаных сярэбраных паўміскаў, што дакладна зафіксавалі перапісчыкі каралеўскіх рэчаў.
Менавіта ў гэтай, зробленай у Гродне невядомым майстрам, кароне, Стэфан Баторый быў пахаваны ў крыпце галоўнай каталіцкай святыні горада, а ў маі 1588 г. перавезены ў Кракаў. Гэтую карону на яго галаве пабачылі спецыялісты, якія вясной 1930 г. ускрылі труну караля на Вавельскім замку.
Чытайце таксама: Толькі выпіваў і памёр? Што насамрэч зрабіў Стэфан Баторый для Гродна
Хочаш ведаць больш пра гісторыю і спадчыну Гродна? Падпішыся на канал Hrodna 11:27! Штодзённыя цікавыя факты з гісторыі горада над Нёманам.
Считается, что сложно выбрать подарок именно мужчине - мужу, сыну, отцу, партнеру или другу. Ситуация…
Белорус Алекс Вознесенский посетил Новогрудок как турист. Мужчину поразило, что город с богатой историей находится…
Ресторан-кафе «Неманская витина» в виде ладьи – часть концепции новой гродненской набережной, которую обсуждали в…
Алексей Коженов уехал из Минска в 1998-м году. Он получил работу в Google, стал дьяконом…
Сленг постоянно меняется - в последнее время под влиянием TikTok. Понять его сразу и весь…
Каждый месяц 22 тонны кофейных зерен выезжают из Гродно, чтобы попасть на заправки по всей…