«Не будзе таго, што пачытаўшы кнігу нехта падумае: „Ой, гэта кніжка пра няшчасных жанчын з дыктатарскай краіны, з каторымі здарыліся страшныя рэчы“, — расказвае аўтарка, Дарота Данілевіч для Telegram-канала „Тётя Ира Разрешила“. — Апавяданні гэтых жанчын не такія. Там ёсць расповед аб турме, аб прастрэленай назе, аб тым, як дзяўчына ўпершыню ляцела самалётам, пакідаючы радзіму, як жанчыны ўцякалі з краіны праз балота. Гераіні расказвалі, як перажывалі крытычныя сітуацыі, як трансфармавалі, кожная на ўласны спосаб, слабасць у сілу. Уласна, кніга атрымалася пра гэта».

Невыпадковая аўтарка

Дарота Данілевіч — нямецкая журналістка і пісьменніца польскага паходжання. Доўгі час працавала журналісткай на радыё. Сям’я бацькоў Дароты эмігравала з Польшчы ў Германію, калі яна была яшчэ дзяўчынкай. Дарота — маці дваіх дзяцей. Яе старэйшы сын, Ян, невылечна хворы і мае цяжкую ступень інваліднасці. Яму прысвечана адна з кніг Дароты — «Дарога Яна».

“Белы спеў” адважных жанчын. У Германіі вышла кніга з гісторыямі беларусак. Сярод іх ёсць гарадзенкі
Дарота Данілевіч, фота з уласнага архіва

«Не баюся складаных тэмаў, — расказвае Дарота. — Мяне яны не забіваюць. Можа таму, што сама перажыла складаную гісторыю хваробы сына і удалося мне не зламацца, не страціць сябе, але яшчэ навучыцца з гэтай гісторыі, як адшукаць сілы каб дапамагчы яму і сваёй сям'і, сваіму другому дзіцяці. Праз такі досвед я ведаю, што у жанчынах ёсць моц, што не толькі я, але і іншыя, мае гераіні, мае сёстры па духу, пражываючы складаныя рэчы, атрымліваць сілу ад іх. Ведаю, што гэта магчыма і на гэта гляджу, шукаю такога».

Гераіні 9 гісторый Дароты Данілевіч — 10 беларусак і 1 беларус. Пяць аповядаў - пра людзей з Гродна. У кнігу увайшлі гісторыі дырэктаркі дзіцячага хоспіса Вольгі Вялічкі, журналісткі Ірыны Новік, студэнткі Маргарыты Шыша, сёстраў Жаны Захаркевіч і Надзеі Сцепанцовай, гісторыя Вольгі Каракінай, што чакала з турмы палітвязня Дзмітрыя Фурманава. Таксама гераінямі кнігі сталі журналістка Наталля Лубнеўская, палітых Вольга Кавалькова, студэнтка Дыяна Ігнаткова, дэфектолаг Іна Трусава.

Чаму «Белы спеў»

«Не ведала, як знайсці сваіх гераінь, ці згодзяцца са мною размаўляць, ці захочуць назваць свае імёны. Канечне, думала пра іх бяспеку, — узгадвае Дарота Данілевіч пра пачатак працы над кнігай. — Але яны даволі хутка знайшліся і ўсе пагадзіліся гаварыць адкрыта».

З кожнай гераіняй кнігі аўтарка сустрэлася асабіста. «Падчас тых спатканняў адбывалася нешта большае, чым проста задаванне пытанняў і атрыманне адказаў. У пэўныя моманты жанчыны пачыналі расказваць не толькі пра выбары і пратэсты. Яны ўспаміналі сваіх блізкіх, дом, тое, за што змагаліся ў Беларусі, якія мары спраўдзіліся ці не збыліся, як пакідалі радзіму і шукалі сябе ў эміграцыі».

У аўтаркі гэтая расповяды асацыяваліся з даўняў практыкай белых спеваў - народнай тэхнікай спеваў адкрытым горлам, амаль кантралюемага крыку, дзе ўвага надаецца інтэнсіўнасці гуку і максімальнаму выкарыстанню натуральных рэзанатараў цела — насавога і лобнага рэгістраў. Белы спеў вядомы ў многіх краінах Усходняй Еўропы, быў шырока распаўсюджаны ў абрадавых спевах у Польшчы, Украіне, Беларусі, Балгарыі.

«Раней не было псіхолагаў, не было тэрапіі. Быў гэты белы спеў, што дапамагаў жанчынам адпусціць цяжкія перажыванні, паспяваць у адзіноце ці разам, каб на сэрцы стала лягчэй. Мне хацелася, каб гэтыя гісторыі, як белы спеў, голасна прагучалі на ўвесь свет», — кажа аўтарка. — Хацелася праз апавяданні даць партрэт беларусак — не асобнай жанчыны, але розных, з рознымі лёсамі, у розным узросце, якія падчас рэвалюцыі аказаліся ў пратэстным руху".

Чытай таксама: Шаги, рисунки, еда. Что спасает, когда совсем трудно — проверено на себе

Рух, дыханне і размовы: псіхалагіні параілі, як справіцца з душэўнымі перажываннямі і адчуваннем небяспекі

“Белы спеў” адважных жанчын. У Германіі вышла кніга з гісторыямі беларусак. Сярод іх ёсць гарадзенкі
«Сёння пабачыла „Белы спеў“ у кнігарні. Звярніце ўвагу на яе атачэнне — з аднаго боку — аўтабіяграфія Алісы Шварцар, з другога — ідэі Зяленскага», — напісала аўтарка ў Facebook 28 траўня

Меркаваннем Данілевіч, «Беларускі у апошнія гады паказалі сябе найбольш адважнымі жанчынамі Еўропы. Зараз побач з імі паўсталі і украінкі. Але кніга пра беларусак, бо пісалася яшчэ да вайны».

Калі доўга жывеш пры дэмакратыі, забываешся на прывілеі

Беларускія пратэсты Дарота Данілевіч называе «шляхетнымі, прыгожымі, далікатнымі, негвалтоўнымі і вынаходлівымі». «У сваёй кнізе „Дарога Яна“ я пішу пра ідэю эмпатычнай рэвалюцыі, якая, на думку амерыканскай філосафакі Доны Хэтуэй, павінна стаць апошняй рэвалюцыяй. Таму што толькі эмпатычная рэвалюцыя не з’ядае сваіх дзяцей. І менавіта вы, беларусы і беларускі, самі таго не ведаючы, па-мойму, паказалі спробу такой рэвалюцыі».

На пытанне, чаму ў Германіі, цалкам дэмакратычнай краіне патрэбна такая кніга, аўтарка кажа:

«Тут ёсць частка грамадства, якая лічыць, што падчас пандэміі ў краіне пачалася «дыктатура». Тобок, не ўсе людзі ўсведамляюць, чым ёсць сапраўдная дыктатура. Я з Польшчы, я гэта ведаю, я памятаю ваенны стан, памятаю савецкую Расію. Немцы з ГДР таксама ведаюць, але многія іншыя — не ведаюць і не разумеюць. Калі доўга жывеш пры дэмакратыі, забываешся на прывілеі.

Тое, як у беларускіх пратэстах лідары ішлі ўслед за людзімі, а людзі здолелі самаарганізавацца — найгоршая абраза для дыктатуры. Вашы спробы стварыць у лукашэнкаўскай дзяржаве дэмакратычныя структуры паказваюць дэмакратыю з нуля, дэманструюць яе сапраўдны сэнс. Пра гэта варта нагадваць людзям у вольных краінах — бо нічога не бывае назаўжды, усё можа змяніцца".

Чытайце таксама: На айтишника из Гродно завели уголовное дело. Во время протестов он стал на колени возле облисполкома

Почему не всем заключённым по политическим мотивам дают статус политических? Объясняют правозащитницы

Адкрыць для Захаду жанчын Усходняй Еўропы

«Гэта кніга дае шмат эмоцый, а праз іх таксама можна навучыцца рэчам, якія не магчыма перажыць на ўласным досведзе ці нават уявіць людзям з вольных краінаў», — расказвае Данілевіч. — Другая задача кніжкі - даць людзям іншы позірк на Усход [Еўропы]. Зараз важна расказваць, што там адбываліся і адбываюцца важныя рэчы, што там жывуць жанчыны, якія могуць змяняць свет да лепшага, а пра якіх па-ранейшаму пішуць вельмі мала.

“Белы спеў” адважных жанчын. У Германіі вышла кніга з гісторыямі беларусак. Сярод іх ёсць гарадзенкі
Аўтарка з кнігай, фота з асабістага архіва Дароты Данілевіч

Шчыра сказаць, для многіх немцаў свет сканчаецца на мяжы з Польшчай. І раптам — у поле зроку патрапіла Беларусь. Хай не скончылася справа перамогай, але Беларусь стала бачнай. Потым Украіна паказала, чаго вартая. Пратэсты жанчын Польшчы таксама прыцягнулі ўвагу цэлага свету.

Мы назіраем, што з’явілася новая якасць дзейнасці жанчын Усходняй Еўропы, каторую трэба паказаць. Падаецца, гэта можа абудзіць людзей на Захадзе. Гэта наш шанец, гэта адкрытае акно каб пусціць свежае паветра, паказаць што Усходняя Еўропа — гэта не пустыня, а еўрапейская і святовая якасць людзей. Спадзяюся, што «Белы спеў» здолее гэта акно адчыніць".