Гродзенская «Чырвоная зорка» — найстарэйшы ў Беларусі кінатэатр. Ён двойчы сустрэў немцаў, перажыў тры рэканструкцыі і ніколі не змяніў сваё прызначэння. Усё гэта пра «Чырвоную зорку» у новым матэрыяле «Гарадзенскай азбукі».

«Гарадзенская азбука» ад Hrodna.life — гэта 32 артыкулы пра цікавосткі Гродна. Кожнаму з іх адпавядае адна з літар алфавіту. А — Ажэшка, Б — Баторый, В — Вітаўт і так далей. У кожным артыкуле азбукі вы знойдзеце па пяць цікавых фактаў аб адметных гродзенскіх асобах, месцах ці з’явах.

Першы стацыянарны кінатэатр

7 мая 1914 года гарадская адміністрацыя падпісала дазвол на будаўніцтва першага кінатэатра ў Гродзенскім павеце. Да гэтага часу кінематограф у Гродне існаваў толькі ў выглядзе паказаў вядомых стужак на прыстасаваных пляцоўках.

Стацыянарныя кінатэатры па ўсім свеце пачалі будаваць пасля гучнай прэм’еры братоў Люм’ер у Францыі ў 1885 годзе. У 1906 першы кінатэатр адчыніў дзверы ў Санкт-Пецярбургу. У Мінску кінапаказы праводзілі ўжо з 1900 года. Адкрыццё першага ў Гродне кінатэатра было сапраўднай культурнай падзеяй рэгіёна. Сёння гэта найстарэйшы кінатэатр краіны.

План будучай «Чырвонай зоркі» уключаў два паверхі і падвал. Акрамя галоўнай залы на 310 гледачоў тут было і некалькі жылых памяшканняў. Будынак меў тры выхады. На выпадак пажару зрабілі дзве закрытыя каменнай клеткай лесвіцы з другога паверху.

Скінуліся з жонкай, а потым засталіся ні з чым

Уладальнік будучага кінатэатра, капітан Сяргей Манастырскі, пасля адстаўкі ў 1913 годзе прыехаў у Гродна разам з жонкай Сафіяй. Жанчына прадала палову сваго маёнтка ў Саратаве, а Сяргей Манастырскі атрымаў адстаўныя пасля службы ў расейкім палку. Гэтыя грошы яны ўклалі ў будаўніцтва кінатэатра. Гаспадары планавалі, што акрамя паказаў кінастужак тут будуць праводзіць выставы і канцэрты.

Але ўжо на пачатку будаўніцтва Сяргей вымушаны быў адправіцца на вайну — пачалася Першая сусветная. Жонка вырашала ўсе справы будоўлі разам з братам мужа. У гэты ж час яна нарадзіла сына. Першы паказ у кінатэатры «Эдэн» адбыўся 7 жніўня 1915 года.

Сяргей Манастырскі вярнуўся з вайны ўжо палкоўнікам на пачатку 1920-х гадоў. Але аказалася, што будынак яму больш не належыць. Даказаць свае правы на маёмасць ён так і не здолеў.

Першыя гледачы — кайзераўцы

Менш чым праз месяц пасля адкрыцця, 4 верасня 1915 года, у Гродна ўвайшлі немцы. Яны сталі першымі і пастаяннымі гледачамі новага кінатэатра. Немцы патрабавалі з горада шмат падаткаў, таму магчымасць хадзіць у кіно была далёка не ва ўсіх. У выніку некалькі год акупанты былі адзінымі гледачамі «Эдэна».

Пасля далучэння Гродна да Польшчы ў 1919 годзе кінатэатр змяніў назву на «Палонія». Білет на сеанс у той час каштаваў як літр малака — 35 капеек. Таму амаль кожны мог сабе дазволіць прагляд стужкі.

Вядома, што кіно з гукам паказвалі ў кінатэатры, калі ён змяніў назву на «Пан». Тут паказвалі польскія, заходнееўрапейскія, амерыканскія і расійскія фільмы. Самымі папулярнымі ў міжваенныя гады былі меладрамы, камедыі і дэтэктывы. Перад паказамі заўсёды прадстаўлялі кінахроніку аб грамадска-палітычных падзеях

Эпоха «Чырвонай зоркі»

З прыходам у Гродна «саветаў» пачынаецца эпоха «Чырвонай зоркі». У 1944-м на кінасеансы маглі прыходзіць 610 гледачоў.

Праз 30 год пасля вызвалення Гродна ў сценах найстарэйшага кінатэатра ладзілі только дзіцячыя сеансы, а потым кінатэатр увогуле зачынілі. Рэканструкцыю «Чырвонай зоркі» правялі ў другой палове 70-х. Пасля гэтага будынак пазбавілі некалькіх унутраных балконаў.

Трэцяя рэканструкцыя дала будынку сучаснае памяшканне, якое мы бачым сёння.

Прывід старага кінатэатра

Былыя супрацоўнікі «Чырвонай зоркі» расказваюць, што аднойчы жартам запыталіся ў пустым памяшканні: «Ці тут яшчэ палкоўнік Манастыркі?». У гэты момант гучна ўпала фрамуга.

Іншыя казалі, што ў памяшканні часта без чужога ўмяшальніцтва падалі кубкі і талеркі.

Яшчэ расказваюць, што ў 1970-я Камітэт дзяржбяспекі шукаў ў будынку нейкі таямнічы радыёпрымач. Вобшукі тады вынікаў не далі. А зранку працаўнікі абнаружылі, што з адлучанага ад сеткі радыё грае музыка. З тых часоў кажуць, што былы «Эдэн», як амаль кожны стары будынак Гродна, мае свайго прывіда.

Hrodna.life reprint of materials is possible only with the written permission of the publisher. Contact info@hrodna.life