Трэцюю кнігу ад інтэрнэт-выдання Hrodna.life прэзентавалі 20 кастрычніка ў Цэнтры гарадскога жыцця. Яна называецца «Гарадзенкі» і расказвае пра жанчын у сучаснасці і мінулым горада. На сустрэчу прыйшлі жыхары Гродна і некаторыя гераіні кнігі.

Асаблівасцю кнігі з’яўляецца тое, што яе можна чытаць з двух бакоў. З аднаго боку — гісторыі жанчын мінулага, з другога гісторыя нашых сучасніц. У Андрэя Вашкевіча, які пісаў гістарычную частку, не атрымалася прыйсці на прэзентацыю. Таму пра кнігу разам з Ірынай Новік, аўтаркай часткі пра сучасных жанчын, расказваў Аляксей Шота, галоўны рэдактар Hrodna.life.

кніга Гарадзенкі, Аляксей Шота і Ірына Новік
Аляксей Шота і Ірына Новік

«Я думала, чаму так мала захавалася сведчанняў пра жанчын? Магчыма, гэта праз тое, што пісалі гісторыю жанчын людзі, якія іх не любілі, не цанілі і гэтак далей. Таму для мяне гэта было такім выклікам.

Я вельмі люблю гарадзенскіх жанчын, я імі ганаруся і сябрую з многімі. Калі яшчэ год назад была наша фотавыстава, з якой і пачалася ідэя кнігі, я казала, што можна заплюшчыць вочы, падысці да любой жанчыны, пакласці руку на плячо і ёй будзе што расказаць. Нашы жанчыны — сапраўдныя гераіні, яны насамрэч робяць і пішуць гісторыю", — сказала Ірына Новік.

У Гродне прэзентавалі кнігу «Гарадзенкі», якую можна чытаць з двух бакоў
Аўтограф-сесія ад аўтаркі нарысаў пра сучасных гарадзенак

Ірына захацела, каб у кнізе засталося «Я» кожнай гераіні. Таму кожны нарыс у частцы пра сучасных жанчын Гродна напісаны ад першай асобы. «Я калі пісала, прымярала іх лёс на сябе… Гэта быў круты досвед перажыванняў».

Як гэта — быць гераіняй кнігі «Гарадзенкі»?

На прэзентацыі мелі магчымасць выказацца гераіні кнігі, якія змаглі прыйсці.

Анжаліка Борыс, старшыня непрызнанага ўладамі Саюза палякаў Беларусі

— Мне вельмі прыемна, для мяне гэта неспадзянка — быць гераіняй кнігі. Я думаю, што кожны ў сваім жыцці стаіць перад выбарам, ці захавацца з годнасцю, са сваім сумленнем, ці не. Чалавек робіць выбар, і ад гэтага выбару залежыць яго лёс. Калі ты вытрымаеш першы момант ламання, то будзеш далей ісці з горда паднятай галавой.

У Гродне прэзентавалі кнігу «Гарадзенкі», якую можна чытаць з двух бакоў
Анжаліка Борыс

Наста Трафімчык, беларускамоўная ўльтрамарафонка, «Гарадзенская беларусачка — 2017»

У мінулым годзе Наста бегла цэлыя суткі і адолела 127 кіламетраў.

— Мая гісторыя пра адкрыццё магчымасцяў свайго цела, мыслення, думак. Бо пакуль ты бегаеш 5−10 кіламетраў, для цябе адкрыццё, што ты гэта можаш, пераадольваеш сябе. Пасля ты пачынаеш бегаць паўмарафоны, і праз неверагодныя гісторыі ты сустракаеш людей, якія бегаюць суткі і двое сутак. Ты паступова далучаешся да гэтай суполкі людзей і пачынаеш бегаць ультрамарафоны. Я б хацела параіць вам не спыняцца на тых дасягненнях, якія ёсць у вашым жыцці.

У Гродне прэзентавалі кнігу «Гарадзенкі», якую можна чытаць з двух бакоў
Ірына Новік і Наста Трафімчык

Вольга Вялічка, дырэктарка дзіцячага хоспіса імя святога Губерта

— Сёння кажуць, што у Беларусі жаночы твар рэвалюцыі. Мне падаецца вельмі важным не спыняцца на сімвалізмах. У нашай краіны ёсць унікальная мажлівасць перайсці да феміністычнага руху, перайсці да правоў жанчын і да недаскрымінацыі жанчын праз гэту рэвалюцыю. Тое, што сёння адбываецца, паказвае жаночую моц. Мне падаецца, што мужчыны згодныя, што беларускія жанчыны моцныя.

Чытайце таксама: Гродненский детский хоспис выселяют из помещения

Вольга Вялічка, кніга Гарадзенкі
Вольга Вялічка

Таццяна Чысцякова, кіраўнічка фермерскай гаспадаркі, заснавальніца праекта «Акадэмія жаночага бізнесу»

— У мяне ёсць мара напісаць кнігу пад назвай «Женщины меняющие мир». І ўжо пачатак гэтай кнігі быў у 2006 годзе. Калі я зразумела, што мне мала бізнесу, я вырашыла вучыцца, стаць бізнес-трэнерам. І ў навучання быў добры працяг — напісанне кнігі. Там я і пачала пісаць творы. Я не ўмею гаварыць, я не ўмею пісаць, я гэтаму толькі вучуся…

У Гродне прэзентавалі кнігу «Гарадзенкі», якую можна чытаць з двух бакоў
Таццяна Чысцякова

Вольга Гаўрылік, кіраўнічка прадпрыемства «Мядовы шлях», адзіны ў Беларусі мядовы самелье

— Хачу сказаць, што пчолы збіраюць мёд, не я. У працэссе, калі ты, Ірына, пісала кнігу, мы з табой размаўлялі. Вось тады я адкрыла для сябе і цяпер выразна кажу: магу. Дзякуй за натхненне і цудоўную кампанію, мы ў кніжцы з такімі супер-жанчынамі. Я вельмі рада, у мяне шмат натхнення і цудоўных ідэй.

У Гродне прэзентавалі кнігу «Гарадзенкі», якую можна чытаць з двух бакоў
Ірына Новік і Вольга Гаўрылік

Валянціна Шоба, мастачка, лаўрэатка прэміі імя Дубко (Гродна) і прэміі Тэйлара (Парыж)

— Мы бы маглі верыць, што малітва не працуе, але яна працуе. Напэўна Бог меў нада мною руку. Ён ведае, што я псіх, калі мяне ткнуць у гэта, мяне заб’юць, я больш ніколі не ўстану і не змагу нешта рабіць. І я сяджу і раблю сваю працу ў якімсці вакууме. Я думаю, што ўсё тое, што я раблю, я раблю з чыстай думкай аб тых людзях, якія хочуць адстаяць сваё права на свабоду, права на самавыяўленне, права на тое, каб быць любімым.

У Гродне прэзентавалі кнігу «Гарадзенкі», якую можна чытаць з двух бакоў
Валянціна Шоба

Алена Шчасная, архітэктарка, навуковая кіраўнічка праектаў рэканструкцыі храмавай архітэктуры

— Нягледзячы на мае невялікія габарыты, усё ж такі мне давяраюць, вераць. Нягледзячы на ўзрост, я усё ж такі ўжо спецыяліст, які можа і дапамагчы, і пракансультаваць. Людзі звяртаюцца. Сумленна скажу, што многія аб’екты я кансультую бясплатна, каб проста гэта захаваць. Асабліва, калі храм у вёсцы гэта адзіны аб’ект, які яшчэ захоўвае жыццё ў гэтай вёсцы. Я проста дапамагаю сваімі ведамі зрабіць нешта лепш.

У Гродне прэзентавалі кнігу «Гарадзенкі», якую можна чытаць з двух бакоў
Алена Шчасная

Працяг кнігі будзе

Чытаць кнігу мужчынам не забаронена, удакладніла аўтарка кнігі. Але найперш яна была накіравана на жаночую аўдыторыю, каб дадаць веры ў свае сілы і годнасці адчування сябе тымі асобамі, якія робяць свае жыццё і выбудоўваюць лёс сваёй краіны.

У Гродне прэзентавалі кнігу «Гарадзенкі», якую можна чытаць з двух бакоў
Ірына Новік з Міколам Таранда. Яго ўспаміны аўтары выкарысталі ў нарысе пра адну з гістарычных гераінь Гродна, балетмайстарку ансамбля «Нёман» Ларысу Ляшэнку

«Тое, што кніга пераварочваецца, гэта вельмі сімвалічна. Яна аб’яднала пад адной вокладкай свет мінулага і цяперашняга. Бо людзі і жанчыны цяпер не слабейшыя, чым тыя, што былі раней, хто змяняў горад і Беларусь. І цяпер жанчыны, якія тут прысутныя, змяняюць горад і змяняюць краіну.

Як доўга іх будуць памятаць, мы не можам даведацца. Але вельмі незвычайна, што мы можам цяпер быць з тымі, хто змяняе гісторыю — кожны і кожная можа стаць тым, хто змяняе гісторыю. І цяпер, напэўна, той самы момант, калі гэта робім мы", — дадала рэдактарка кнігі «Гарадзенкі» Надзея Вішнеўская.

У Гродне прэзентавалі кнігу «Гарадзенкі», якую можна чытаць з двух бакоў
Ірына Новік і Надзея Вішнеўская, рэдактарка кнігі «Гарадзенкі»

«Заўсёды, калі адна праца скончваецца, калі можна паставіць кропку, то аказваецца, што замест кропкі жыццё ставіць коску. Пасля таго, як мы ўбачылі не 10 гераінь, а дзясяткі гераінь, я падумала — трэба пісаць працяг. Ён будзе пра тых жанчын, якія ўсвядомілі сябе ўдзельніцамі гістарычнага працэсу, пра тое, як быць жанчынай на фоне тых падзей, якія зараз адбываюцца», — сказала Ірына Новік.

Кніга "Гарадзенкі" - алігат. Гэта значыць, мае два ўваходы. З аднаго боку - гістарычная частка, з іншага - сучасная
Кніга «Гарадзенкі» — алігат. Гэта значыць, мае два ўваходы. З аднаго боку — гістарычная частка, з іншага — сучасная