Цяжка адшукаць аркестр клезмераў [выканаўцы народных яўрэйскіх песень], у рэпертуары якога не было б песні «Папяросы». У савецкія часы яе перапявалі выканаўцы рускага шансону Алік Бэрісан і Аркадзь Северны. Пазней песня з’явілася ў рэпертуары расійскага гурта «Чиж и Ко». Аўтара мелодыі адшукаць немагчыма, а аўтар словаў - Герман Яблакаў - нарадзіўся ў Гродне. Гісторыю жыцця Яблакава і яго галоўнага хіта ўзгадаў Telegram-канал Радыё «Harodnia».
Герман Яблакаў, у дзяцінстве Хаім Яблонік, нарадзіўся 11 жніўня 1903 года ў беднай яўрэйскай сям'і брукара (спецыяліста па брукаванні дарог) Абрама Яблоніка і яго жонкі Рівы-Леі Шілінгоф. У 10 гадоў Хаім ужо спяваў у сінагагальным хоры кантара [кіраўнік хора ў храме — Радыё «Harodnia»] Сланімера, а праз два гады ён пачаў граць дзіцячыя ролі ў мясцовым яўрэйскім тэатры, а таксама ўдзельнічаць у моладзевай сіянісцкай арганізацыі.
У 1920 годзе Хаім пакінуў дом і далучыўся да суполкі актораў Аб’яднанай Ковенскай группы, якая давала прадстаўленні на ідыш у гарадах і мястэчках Літвы, Польшчы і Заходняй Беларусі.
У 1924 годзе праз Германію і Галандыю Яблакаў эміграваў у Амерыку. Там ён граў у правінцыйных тэатрах Манрэаля, Тарона і Лос Анджэлеса, якія давалі прадстаўленні на ідыш. Пазней ён пераехаў у Нью-Ёрк. Там, на Эліс-Айлэндзе ён даў імправізаваны канцэрт для іміграцыйных чыноўнікаў, бо тыя не паверылі, што ён прафесійны артыст.
Хутка Яблакаў стаў адной з самых пазнавальных асоб раёна Другой Авеню [раён Манхэтана — Радыё «Harodnia»], бо там размяшчаліся памяшканні тэатраў, дзе адбываліся спектаклі яўрэйскіх тэатральных труп.
Калі Яблонік пераехаў у Амерыку, ён змяніў сваё імя. Спачатку ён стаў Хайманам, а пазней Германам. Таксама ён змяніў прозвішча на Яблакаў.
Гродзенец спалучаў талант актора, рэжысёра, драматурга, паэта, кампазітара і прадзюсара. Але асноўнай дзейнасцю Яблакава былі музычныя спектаклі і п’есы. Самы паспяховы быў «Дер Паец» [Клоўн — Радыё «Harodnia»]. Дзякуючы папулярнасці спектакля «Клоўн», Яблакаў пачаў весці перадачу на ідыш на радыё. А маску клоўна з гэтага спектакля Яблакаў будзе выкарыстоўваць у сваёй далейшай творчасці.
У адной з радыёпраграм Яблакава ў 1932 годзе ўпершыню прагучала песня «Папяросы». Яна адразу стала папулярнай. Яе Яблакаў напісаў яшчэ ў 1922 годзе ў Коўне [Літва — Радыё «Harodnia»], пад уражаннем ад пакутаў дзяцей, якія асірацелі пасля Першай сусветнай вайны. Яны спрабавалі зарабляць на жыццё, прадаючы папяросы на вуліцах. Выгляд дзяцей нагадаў Яблакаву пра яго дзяцінства ў Гродне, дзе ён спрабаваў прадаваць папяросы мінакам.
У 1933 годзе песня патрапіла ў музычнае выдавецтва братоў Каммен «J and J Kammen Co.», якое яе апублікавала. У 1935 годзе Яблакаў выкарыстаў песню ў аднайменным спектаклі, у аснову якога патрапіў сюжэт песні. А кінарэжысёр Генры Лінн стварыў 15-хвілінны кароткаметражны фільм, у якім ролю 11-гадовага прадаўца папярос сыграў будучы галівудскі рэжысёр Сідні Люмет.
Пасля Другой сусветнай вайны Яблакаў выдаў кнігу «Клоўн: Вакол свету з тэатрам на ідышы». У ёй Яблакаў распавёў гісторыю напісання песні і пацвердзіў, што музыка не яго аўтарства. Хто аўтар мелодыі - высвятліць немагчыма, бо падобная кампазіцыя сустракаецца ў народных песнях балгар, румын і грэкаў.
Тады ж адбыўся сапраўдны выбух папулярнасці песні. Яго выклікала выкананне твора дуэтам сясцёр Бэры (Багельман). Яблакаў добра ведаў сясцёр і прымаў удзел у пастаноўцы песні. Вынікам стаў маленькі шэдэўр, які хацелі слухаць усе — нават тыя, хто не ведаў мовы ідыш.
Яблакаў шмат гастраляваў са сваёй трупай па Паўднёвай Амерыцы, Ізраілі, Скандынавіі і іншых еўрапейскіх краінах. Ён часта граў са сваёй жонкай, акторкай і спявачкай, Бэлай Майсел. У 1947 годзе падчас сямімесячнага тура па лагерах перемешчаных асобаў з Германіі, Аўстрыі і Італіі, Яблакаў даў больш за 100 спектакляў для 180 тыс яўрэяў, якія перажылі халакост. У адным з такіх лагераў ён адшукаў сваю пляменніцу Дору. Яна была адзінай, хто ацалеў з яго гродзенскай сям'і.
Сам Яблакаў пражыў да красавіка 1981 года. Ён пахаваны ў Нью-Ёрку, разам са сваёй жонкай Бэлай Майзель.
Считается, что сложно выбрать подарок именно мужчине - мужу, сыну, отцу, партнеру или другу. Ситуация…
Белорус Алекс Вознесенский посетил Новогрудок как турист. Мужчину поразило, что город с богатой историей находится…
Ресторан-кафе «Неманская витина» в виде ладьи – часть концепции новой гродненской набережной, которую обсуждали в…
Алексей Коженов уехал из Минска в 1998-м году. Он получил работу в Google, стал дьяконом…
Сленг постоянно меняется - в последнее время под влиянием TikTok. Понять его сразу и весь…
Каждый месяц 22 тонны кофейных зерен выезжают из Гродно, чтобы попасть на заправки по всей…