Польскі пасол абяцаў Гітлеру забіць усіх яўрэяў за год да пачатку вайны? Армія Краёва была бандыцкім фармаваннем? У польскім консульстве ў Гродне збіраюцца калабаранты? Hrodna.life разабраў тэзісы беларускіх прапагандыстаў.
У пачатку снежня 2022 года беларускія прапагандысты апублікавалі адразу некалькі амаль аднолькавых тэлесюжэтаў. Іх тэма — калядная вечарына ў Генеральным консульстве Польшчы ў Гродне. Прапагандыстаў абурыў удзел у вечарыне мясцовых бізнесоўцаў, святароў каталіцкай і праваслаўнай цэркваў, ветэранаў Арміі Краёвай, дзеячоў культуры і арганізацый нацыянальных меншасцяў.
Супрацоўнікі дзяржаўнага тэлебачання агучылі адразу некалькі хлуслівых тэзісаў.
«Як называецца чалавек, які спрабуе ўсядзець на двух крэслах: карыстаецца дабротамі сваёй краіны і пры гэтым водзіць сяброўства з ворагам? Хітрун? А можа, калабарант?» — абражала ўдзельнікаў свята вядоўца навінаў на тэлеканале СТБ.
Насамрэч у такой святочнай сустрэчы ў консульстве няма нічога незвычайнага. Яна адбываецца штогод ужо вельмі даўно. Але толькі ў 2022 годзе гэта выклікала ўвагу дзяржаўных тэлеканалаў. Якім чынам запрашэнне на свята азначае калабарацыю, прапагандысты не патлумачылі. Паводле Генеральнага консульства, падчас каляднай сустрэчы госці спявалі каляндыя песні і выказвалі адзін адному пажаданні.
Калабарацыянізм — супрацоўніцтва з ворагам супраць краіны свайго грамадзянства ў вайсковы час. Таксама калабарацыянізмам лічаць грамадзян акупаванай дзяржавы, што супрацоўнічаюць з ворагам і на шкоду сваёй краіне падчас вайны.
Сярод гасцей сустрэчы, з якімі змаглі пагаварыць прапагандысты, быў кіраўнік гродзенскага гарадскога яўрэйскага нацыянальнага аб’яднання Міхаіл Корж. У размове ён сказаў, што, нібыта, ў 1938 годзе пасол Польшчы ў Германіі паабяцаў Гітлеру, што «будуць усе яўрэі ў Польшчы знішчаны».
Насамрэч, гэты фэйк стварыў Уладзімір Пуцін. У снежні 2019 года прэзідэнт Расіі выступіў на сустрэчы лідараў Еўразійскага эканамічнага саюза ў Санкт-Пецярбургу. Там ён сказаў, што азнаёміўся з дакументамі «той эпохі, набытымі ў еўрапейскіх краінах» і быў агаломшаны тым, «як вырашалася „яўрэйскае пытанне“ ў Польшчы».
Маўляў, праз Юзафа Ліпскага, пасла Польшчы ў Германіі, Гітлер паведаміў міністру замежных спраў Польшчы аб сваёй ідэі адправіць яўрэяў у Афрыку ў калоніі. «Вы ўяўляеце, 1938 год — выслаць яўрэеў з Еўропы ў Афрыку? На выміранне, не смерць», — казаў Пуцін.
Паводле Пуціна, Юзаф Ліпскі цалкам сімпатызаваў Гітлеру ў яго антысеміцкай пазіцыі і «абяцаў паставіць яму помнік у Варшаве за яго злачынствы ў адносінах да яўрэйскага народа».
У верасні 1938 года тагачасны пасол Польшчы ў Берліне Юзаф Ліпскі сапраўды сустракаўся з Адольфам Гітлерам. Пасля сустрэчы, ён адрасаваў Юзафу Бэку, міністру замежных спраў Польшчы, справаздачу аб размове з Гітлерам. Тэкст справаздачы упершыню быў апублікаваны ў 1958 годзе і з таго часу добра вядомы гісторыкам. Паводле гісторыка Польскай акадэміі навук і Кракаўскага педагагічнага ўніверсітэта Марыюша Воласа, сустрэча амаль цалкам складалася з маналогу Гітлера. Пытанне яўрэйскай эміграцыі ўзнікла толькі ў апошнім пункце размовы.
Гітлер заявіў, што «кіруецца ідэяй урэгулявання яўрэйскага пытання праз эміграцыю ў [афрыканскія] калоніі па дамоўленасці з Польшчай, Венгрыяй і, магчыма Румыніяй». Ліпскі нічога Гітлеру не абяцаў. Ён сапраўды адказаў, што Польшча паставіць у Варшаве помнік Гітлеру, калі той вырашыць пытанне яўрэйскай эміграцыі з Еўропы. У той час сапраўды шырока абмяркоўвалася пытанне адкрыцця Палестыны для эміграцыі яўрэяў, перадусім сіяністаў.
Гаворка пра «канчатковае рашэнне яўрэйскага пытання» наогул не ішла. Доўгі час нацысцкія ўлады заахвочвалі эміграцыю яўрэяў з рэйха і планавалі, між іншым перасяліць яўрэяў на Мадагаскар. Канчатковае рашэнне пра падрабязны план поўнага знішчэння яўрэяў было прынята толькі на Ванзейскай канферэнцыі ў студзені 1942 года.
У прапагандысцкім сюжэце тэлеканала «Беларусь 1» Армію Краёву (АК) называюць бандфармаваннем.
Насамрэч, гэта не так. Армія Краёва была рэгулярным войскам, падначаленым легальнаму польскаму ўраду ў выгнанні. Гэты ўрад прынамсі нейкі час прызнаваў і Савецкі саюз. У ліпені 1941 года СССР і Польшча пачалі супрацоўніцтва: савецкі пасол у Лондане Іван Майскі падпісаў з прэм’ер-міністрам Польшчы ў выгнанні Уладзіславам Сікорскім дамову.
У гэтым супрацоўніцтве прымала ўдзел і АК. Яна не толькі падпольна ваявала супраць нямецкіх акупантаў, але і займалася выведкай, а атрыманымі дадзенымі дзялілася з СССР.
Але ў красавіку 1943 года СССР аднабакова сарвала супрацоўніцтва. У першай палове 1944 года, калі Чырвоная армія пачала вызваляць тэрыторыі даваеннай Польшчы, байцоў АК пачалі раззбройваць або інтэрніраваць. Але і тады былі выпадкі супрацоўніцтва абодвух армій.
Пры гэтым заходнія саюзнікі ўсё яшчэ лічылі АК часткай польскай арміі, а ў жніўні-верасні 1944 года Вялікабрытанія і ЗША прызналі байцоў АК камбатантамі. Яны мелі статус камбатантаў нават у камуністычнай Польшчы пасля заканчэння сталінізму.
АК афіцыйна ліквідавалі ў студзені 1945 года. Некаторыя атрады падпольна змагаліся з савецкімі ўладамі да 1950-х гадоў, але іх нельга фармальна называць атрадамі Арміі Краёвай і з гэтай прычын лічуць усю АК бандфармаваннем.
«Армія Краёва была часткай руху супраціву нацыстам, а пасля — Саветам, двум таталітарным рэжымам. Хоць гэты супраціў прывёў да шматлікіх ахвяр, у гісторыі засталося: людзі супраціўляліся, — пісаў журналіст Анджэй Пачобут у гістарычным артыкуле ў часопісе „Наша Гісторыя“ № 1 за 2019 год. — Я ўпэўнены, што наяўнасць такога супраціву скоўвала сілы таталітарных рэжымаў і, у канчатковым выніку, зменшыла колькасць іх ахвяр».
Кандыдат гістарычных навук Аляксандр Пашкевіч у тым жа нумары часопіса пісаў, што важна не паддавацца спакусе эмацыйнага развешвання ярлыкоў, не беручы пад увагу кантэксту падзей.
«Для мяне няма сумневу, што жаўнеры Арміі Краёвай не могуць прэтэндаваць на ролю беларускіх нацыянальных герояў. Бо арганізацыя гэта была ўсё ж не беларуская, а польская і змагалася яна ў тым ліку і за тое, каб Беларусь па-ранейшаму была падзелена напалам. З пазіцыі беларускага патрыёта такое становішча — нонсэнс, — пісаў Пашкевіч. — У той жа час непрымальны погляд на акаўцаў, які застаўся ад савецкіх часоў і які многія з нас некрытычна рэтранслююць і сёння. Гэта погляд на жаўнераў АК як на бандытаў, тэрарыстаў, няпрошаных захопнікаў, якія не мелі за душой нічога святога і жылі адно толькі думкай пра тое, як бы паздзеквацца з мясцовага насельніцтва».
Гісторык перакананы, што Армія Краёва ў Беларусі - з’ява шматаблічная і неадназначная, на якую нельга наляпіць нейкі канкрэтны ярлык.
Считается, что сложно выбрать подарок именно мужчине - мужу, сыну, отцу, партнеру или другу. Ситуация…
Белорус Алекс Вознесенский посетил Новогрудок как турист. Мужчину поразило, что город с богатой историей находится…
Ресторан-кафе «Неманская витина» в виде ладьи – часть концепции новой гродненской набережной, которую обсуждали в…
Алексей Коженов уехал из Минска в 1998-м году. Он получил работу в Google, стал дьяконом…
Сленг постоянно меняется - в последнее время под влиянием TikTok. Понять его сразу и весь…
Каждый месяц 22 тонны кофейных зерен выезжают из Гродно, чтобы попасть на заправки по всей…