На Маставой, 31, дзе знаходзяцца папулярныя ў Гродне бары і кавярні, забаранілі спажываць алкаголь на вуліцы пасля 23:00. Забарона пачала дзейнічаць у жніўні 2022 года. Hrodna.life даведаўся, што пра гэта думаюць уладальнікі ўстаноў у папулярным дворыку, якія прэтэнзіі былі ў суседзяў і як час працы рэгулюецца ў іншых турыстычных гарадах Еўропы.
Што здарылася?
На вуліцы Маставой, 31 размяшчаюцца многія гродзенскія рэстарацыі, кавярні і бары. Сярод іх SPRAVA, Svaboda, PODVAL, «Урбанист», «Проходная», «МЯТА Lounge», «Пятница», Werden, «Гранат», «Красным по белому». Рыхтуецца да адкрыцця «Молодость». Раней у выхадныя наведнікі адпачывалі на вуліцы да глыбокай ночы. Цяпер пасля 23:00 летнія пляцоўкі закрываюцца: бавіць час можна толькі ў памяшканнях бара.
«Забаранілі не проста распіваць алкаголь. Забаранілі працу ўсіх тэрас у двары. Мы, канешне, ставімся негатыўна да такой забароны. […] На агульных сходах усе [уладальнікі ўстаноў - Hrodna.life] былі максімальна незадаволены», — сказалі Hrodna.life у бары «Красное по белому».
Жыхары хочуць цішыні. Уласнікі бараў: «Калі жывуць у цэнтры, то павінны цярпець»
«Ініцыятары — жыхары дома, чый двор мяжуе з дворыкам [дом на Маставой, 29 — Hrodna.life], яны напісалі скаргу ва ўпраўленне гандлю, далей „гандаль“ прыйшоў на Маставую і быў сход арандадаўцаў. Пытанне было пастаўлена катэгарычна — закрыць летнія тэрасы, ледзь атрымалася пайсці на кампраміс да 23:00», — сказалі Hrodna.life у бары PODVAL. Прадстаўнікі бара іранізуюць, што, маўляў, жыхары настолькі хочуць цішыні, што «паводле іх там павінны быць бібліятэкі».
Уладальнікі бара «Красное по белому» пацвярджаюць, што забарона, якую ўвёў Гродзенскі гарвыканкам, заснавана на скаргах суседзяў.
«Гэта песня з года ў год і ўсё ніяк не знойдзецца чалавека „з яйкамі“ патлумачыць, што гэта цэнтр горада. Тут людзі тусуюцца, а не спяць. І калі яны тут жывуць, значыць абавязаны прымаць умовы, цалкам адэкватныя для сучаснага свету», — сказалі Hrodna.life у бары «Красное по белому».
Сапраўды, яшчэ ў 2021 годзе жыхары бліжэйшых дамоў змагаліся з высокім узроўнем шуму. Яны скардзіліся ў Гродзенскі гарвыканкам, а таксама выклікалі санстанцыю для замераў узроўню шуму. Але тады спыніць начныя імпрэзы не ўдалося.
Паводле інфармацыі Hrodna.life, гэтым разам жыхароў дома абурылі вельмі гучныя імпрэзы ў гастрабары «Пятніца», летняя пляцоўка якога стала самай шумнай кропкай дворыка на Маставой, 31. Мы двойчы спрабавалі звязацца з уласнікамі ўстановы, каб высветліць іх пазіцыю, але яны праігнаравалі нашыя паведамленні.
Мясцовы жыхар: «Немагчыма было спаць»
«Моладзь збіралася да пяці раніцы. У пятніцу, суботу, у нядзелю ужо меней [людей — Hrodna.life] перад працоўным днём. Летам у кватэры не прадыхнуць, трэба было адкрываць вокны. А калі на вуліцы 100−150 чалавек размаўляюць, то немагчыма было спаць. Яшчэ дворык знаходзіцца ў „калодзежы“ і акустыка вельмі добрая», — сказаў Hrodna.life жыхар дома на вуліцы Маставая, 29 Эдуард.
Хто вызначае час працы? Як штрафуюць за шум?
Мясцовыя выканкамы паводле закону узгадняюць рэжым працы прыватных устаноў і прадпрымальнікаў.
Калі суседзі парушаюць начную цішыню, яны могуць атрымаць штраф ад 2 да 10 базавых велічынь (ад 64 да 320 рублёў). За паўторнае парушэнне ў перыяд аднаго года — штраф ад 10 да 30 базавых велічынь (ад 320 да 960 рублёў).
«Буднія дні праселі канкрэтна»
Пасля забароны на начныя вулічныя тусоўкі бары пачалі губляць прыбытак. «Страта выручкі каласальная, людзі проста сыходзяць з вуліцы. У 30 градусаў спёкі [размова вялася ў канцы жніўня — Hrodna.life] ніхто не хоча ісці ў памяшканні», — сказалі ў бары PODVAL.
Па словах уладальнікаў бара «Красное по белому», «буднія дні праселі канкрэтна», а гасцей прыходзіцца выганяць з тэрас.
«Мы іх ветліва просім, але яны максімальна хочуць сядзець на вуліцы, сыходзяць вельмі павольна. А яшчэ бывае, як дзеці тыкаюць пальцам на іншых. Маўляў, вось яны яшчэ сядзяць. Агулам, госці не ідуць з тэрасы ўнутр, яны ідуць у іншую ўстанову, на іншую вуліцу, дзе тэраса працуе».
Уласнікі бараў: вырашэння праблемы няма
Паводле словаў уладальнікаў бара «Красное по белому», на сходзе з жыхарамі суседняга дома размаўляць было безсэнсоўна. «Яны крычалі, слова не давалі сказаць». У бары запэўніваюць, што гатовыя былі нават уставіць незадаволеным суседзям чатырохкамерныя вокны, але тыя нібыта адмовіліся.
У бары PODVAL кажуць, што «вырашэння праблемы няма, толькі ўсё больш накальваецца». Адміністрацыя будынка, маўляў, пытанне вырашаць не хоча, а выпісвае прадпісанні арандатарам: закрыць «леткі», пасля 23:00 не шумець і гэтак далей. Пры гэтым рэжым працы быў узгоднены гарвыканкамам да 05:00. «Асабіста мая ўстанова, хутчэй за ўсё пераедзе. Іншага выйсця не бачу», — сказаў прадстаўнік PODVALа.
Эксперт: Такія канфлікты вырашаюцца праз медыяцыю
Практыка абмежавання шуму вельмі пашыраная. У краінах Еўрасаюза таксама ёсць нормы і правілы, якія абмяжоўваюць любую гучную актыўнасць пасля пэўнай гадзіны. Як правіла гэта 10−11 гадзіна ўвечары, кажа урбаніст і антраполаг Андрэй Вазьянаў.
«У еўрапейскіх краінах барам праз гэта таксама даводзіцца закрываць тэрасы. А ў выніку парушэння рэжыму можа быць накладзены штраф. Ёсць дыскусія пра тое, наколькі людзі павінны цярпець шум, маючы прывілей жыцця ў цэнтры горада, аднак гэта пытанне выключна з маральнай плоскасці», — тлумачыць Вазьянаў.
«Канфлікты такога кшталту, як паміж уладальнікамі бараў і мясцовымі жыхарамі, вырашаюць праз медыяцыю ў тых краінах, дзе інстытут медыяцыі развіты. Уладальнікі бараў могуць сустрэцца з мясцовай супольнасцю і праз медыятара патлумачыць, якія плюсы яны маюць праз жыццё ў цэнтры. У тым ліку, уладальнікі могуць паспрабаваць данесці, што цэнтр не будзе цэнтрам без бараў, бо менавіта бары павышаюць прывабнасць гэтага раёну, колькасць падаткаў, сабраных з гэтай тэрыторыі і, адпаведна, павышаецца якасць раёну», — кажа эксперт.
Калі ў Гродне ўладальнікі бараў не змогуць дамовіцца з мясцовымі жыхарамі і не маюць пэўных сувязяў з адміністрацыяй горада, то ім прыйдзецца працаваць проста па літары закону, упэўнены Вазьянаў. То бок, выконваць правілы абмежавання гучнай актыўнасці.
Як гэта рэгулююць у іншых гарадах і краінах
Расія
У Расіі кожны суб’ект федэрацыі самастойна рэгулюе закон аб цішыні. Напрыклад у Маскве існуюць шумавыя рэжымы. З 23:00 да 7:00 у горадзе забаранілі будаўнічыя працы, запуск піратэхнікі, крык, свіст, спевы, музыку, гукі аўтамабільнай сігналізацыі, а таксама іншыя дзеянні, якія парушаюць цішыню.
Украіна
Час працы летняй пляцоўкі акрэслівае яе ўладальнік. Але сваё рашэнне яму трэба ўзгадніць з органамі мясцовага самакіравання. Бо мясцовыя ўлады могуць устанавіць дадатковыя патрабаванні да працы летніх пляцовак у начны час для забеспячэння захавання дазволенага ўзроўня шума паводле санітарных патрабаванняў.
Ва Украіне на летніх пляцоўках забаронена выконваць жывую музыку, а таксама гучна ўключаць любую гукавую апаратуру. З 9:00 да 23:00 узровень шуму, які сыходзіць з кафэ, у бліжэйшых дамах не павінен перавышаць 40 дэцыбел. У начы такі узровень не павінен перавышаць 30 дэцыбел. [40 дБ — гучнасць ціхай размовы двух чалавек — Hrodna.life].
На летніх пляцоўках, якія размяшчаюцца побач з жылымі дамамі, шумныя мерапрыемствы павінны сканчацца ў 19:00.
Заходняя Еўропа
У Парыжы нельга праводзіць гучнае мерапрыемства на тэрасах пасля 22:00. Пляцоўку трэба завесіць палатном альбо закрыць цалкам.
У Вене пасля 22:00 трэба закрываць пляцоўку. У Барселоне вулічныя музыкі могуць выступаць толькі да 23:00, а ў Берліне існуюць асобныя нормы шуму для жылых і камерцыйных зонаў.
«Хочацца сябраваць з упраўленнем гандлю»
Забарона на начную працу вулічных пляцовак на Маставой, 31 будзе дзейнічаць да канца 2022 года. «Калі ніхто не адумаецца і не зразумее, што дадзеная пазіцыя неадэкватная, нічога не зменіцца і мы згубім больш. Для ўстановаў лета — гэта і так залатая магчымасць зарабіць на зімовы перыяд, але вядома, што ўсім „паехаць“, — сказалі ў бары „Красное по белому“. — Вельмі хочацца сябраваць з „торговлей“ [упраўленне гандлю гарвыканкама — Hrodna.life], праўда! Быць добрымі, узаемавыручаючымі сябрамі! А не быць дзіцём, якога наказалі за то, што наш гадаванец налаяў падчас шпацыру на суседа».
Чытайце таксама: «Можна, але без платнага ўваходу». Як у Гродне праходзяць канцэрты пасля новаўвядзення аб рэестры арганізатараў
У цэнтры Гродна ўжо змагаліся з гучнымі барамі
У верасні 2019 года з-за скаргаў мясцовых жыхароў на вуліцы Калючынскай да 23:00 абмежавалі час працы бара «Куба». Гэта рашэнне прыняў Гродзенскі гарвыканкам, пры тым што раней узгадніў значна даўжэйшы час працы. З-за гэтага абмежавання тады закрыўся суседні бар «MOLOKO», у які наведнікі толькі пачыналі прыходзіць бліжэй 23.00.
Чытайце таксама: Как Калючинская не стала тусовочной улицей: почему жильцы против баров