Аляксандр нарадзіўся ў Белгародскай вобласці, але жыве ў Маскве. Яму 19 гадоў, ён графічны дызайнер. Пасля абвяшчэння мабілізацыі ў Расіі 21 верасня хлопец вырашыў пакінуць сваю краіну і прыехаў у Гродна. Як ён плануе хавацца ад мабілізацыі Аляксандр распавёў Hrodna.life.
У першыя дні вайны Расіі супраць Украіны ў лютым 2022 года Аляксандр выходзіў на антываенныя мітынгі ў Маскве. 26 лютага яго разам з сяброўкай затрымалі і пакаралі штрафам. Пасля гэтага Аляксандр вырашыў з’ехаць у Грузію. У жніўні 2022 года хлопец вернуўся ў Маскву, але пасля аб’яўлення мабілізацы ён з’ехаў у Беларусь.
«Чуткі пра мабілізацыю з’явіліся не ўчора»
«Чуткі пра мабілізацыю з’явіліся, груба кажучы, не ўчора. Яшчэ калі я вылятаў з Расіі ў першы раз у сакавіку 2022 года. Але яна адбылася ў верасні. Інфармацыя пачала з’яўляцца загадзя. Спачатку проста былі інсайды, потым гэта пачало выглядаць больш праўдападобна з-за таго, што ў крымінальны і адміністрацыйны кодэксы ўнеслі паняцці „Мабілізацыя“, „Вайсковы стан“. Тады я пачаў прыкідваць варыянты, куды і як, бо ў мяне практычна ні накапленняў, нічога, а патрэбна зрывацца і зноўку бяжаць», — сказаў Hrodna.life Аляксандр.
Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін у звароце 21 верасня 2022 года аб’явіў у Расіі частковую мабілізацыю. Па афіцыйных дадзеных у войска плануюць прызваць не менш за 300 тыс. чалавек.
Хлопец вырашыў ехаць у Беларусь, бо квіткі ў Казахстан, Узбекістан і іншыя краіны, «куды яшчэ нешта лятала з Расіі, скончыліся прыкладна ў той жа дзень калі Пуцін сказаў, што пачынае мабілізацыю».
«Я выбраў адзіны правільны варыянт — жыць»
Калі аб’явілі мабілізацыю, Аляксандр думаў, што гэта яго не тычыцца, бо ў войску хлопец не служыў, а ў звароце казалі, што будуць браць тых, хто мае нейкую вайсковую спецыяльнасць. «Але адразу апынулася, што гэта не так, бо апублікавалі дакументы і з’явілася інфармацыя, што не 300 тыс. чалавек, а 1 млн патрэбна сабраць. Таксама пачалі з’яўляцца навіны, што прызываюць проста ўсіх, і памерлых, і тых хто не служыў, і пенсіянерам прыходзяць позвы».
Аляксандр зразумеў, што ўсё, што робіць расійская ўлада і ўсё, што яна кажа — «пі***ёж». Паводле яго словаў, гэта не частковая, а паўнавартасная мабілізацыя і грасці будуць усіх. «Калі я ў сакавіку з’яжджаў, то тут быў выбар жыць у дзяржаве-агрэсары, альбо не жыць у дзяржаве-агрэсары. А зараз выбар іншы: жыць альбо не жыць. Я выбраў адзіны верны варыянт — жыць».
Перад выездам пасажыраў папярэдзілі аб адказнасці за ўхіленне
З Масквы Аляксандр выязжаў аўтобусам у Мінск. Перад паездкай усім пасажырам далі падпісаць паперу, што яны азнаёмлены з тым, што адбываецца мабілізацыя і яны папярэджаны аб адказнасці за ўхіленне.
«Увогуле яна [папера якую далі падпісаць пасажырам — Hrodna.life] не мае ніякай юрыдычнай моцы. Там трэба было пазначыць прозвішча, імя, імя па бацьку, пашпартныя дадзеныя і падпісацца пад тым, што ты папярэджаны аб правядзенні мабілізацыі і папярэджаны аб крымінальнай адказнасці за ўхіленне», — сказаў Аляксандр.
Ад мабілізацыі ехаў чалавек на кепцы якога была літара «Z»
Па словах Аляксандра, у аўтобусе былі практычна адныя мужчыны. «Быў адзін персанаж у кепцы з літарай «Z». Аляксандр распавёў, што праз гэта адмовіўся даць мужчыне цыгарэту. У адказ, той патлумачыў, што ён цякае ад мабілізацыі і апрануў кепку як маскіроўку, каб яго ні ў чым не западозрылі.
Хлопец думаў, што зможа выляцець з Беларусі «куды-небудзь, куды будзе можна». Але калі ён прыехаў, то зразумеў, што выяляцець «нерэальна». «Першапачаткова глядзеў, былі яшчэ нейкія квіткі, але хутка атрымалася, што квіткоў няма. Большая частка рэйсаў не лётае, пасля самалётнага тэрарызма. А ўсё, што засталося ўжо раскупілі. Адзінае, што можна набыць — на кастрычнік. Але там у асноўным рэйсы праз Маскву», — сказаў Аляксандр.
Прыехаў у Беларусь, але прыйдзецца вярнуцца ў Расію
Зараз Аляксандр плануе вернуцца ў Маскву. На 1 кастрычніка хлопец набыў квіток за 87 тыс. расійскіх рублёў [амаль € 1,5 тыс. — Hrodna.life] выляцець у Сеўл. «Я зараз проста нервова назіраю за сітуацыяй. Закрыюць ці не закрыюць межы Расіі. Змагу выляцець альбо не», — сказаў Аляксандр. «Маршут у Сеўл увогуле не зручны 1 кастрычніка я вылятаю з Масквы і толькі 4 кастрычніка прызямляюся ў Сеўле. Такое адчуванне, што я здзяйсняю падарожжа ў ХХ стагоддзі. Перасадкі у Кыргызстане, Таджыкістане і Казахстане».
Што перашкаджала казаць «Нет войне» паўгады таму?
«Да вайны я як ставіўся вельмі кепска, так і стаўлюся вельмі кепска. Вайна для мяне як была чымсці жудасным, так і засталася», — сказаў Аляксандр. «І, насамрэч, гэта дзіўны момант, але я нават крыху са злараднасцю гляджу на людзей, якія сёння прачнуліся. Дагэтуль яны лічылі, што вайна — гэта дзесьці ў тэлевізары і гэта нейкае ток-шоў. А зараз „Куды гэты вы майго сыночка павялі“. Яны прачнуліся і кажуць „Нет войне“, а што перашкаджала казаць „Нет войне“ паўгады таму?».