Дамінікане, францысканцы, брыгіткі, аўгустыны, езуіты, кармеліты… У павуцінні гэтых дзіўных назваў блытаюцца многія, хто пачынае цікавіцца гісторыяй ці архітэктурай Беларусі. Выходзім у цэнтр Гродна, а тут касцёлы і манастыры таямнічых брыгітак, заможных і адукаваных езуітаў, рэлігійных ды прадпрымальных бернадзінцаў. Пра спадчыну каталіцкіх манаскіх ордэнаў піша канал Hrodna 11:27.

Усе яны маліліся, здзяйснялі паломніцтвы, прымалі новых паслушнікаў, праводзілі хрышчэнні, арганізоўвалі богаслужэнні. І ва ўсіх было сваё адзенне, абрады, распарадак дня і нават харчаванне.

Ордэны валодалі землямі, атрымлівалі прывілеі ад каралёў і князёў, будавалі цэрквы і манастыры, стваралі навучальныя ўстановы, адкрывалі друкарні. Архівы манастыроў - гэта скарбніца ведаў, бо тут былі перапісаны і захаваны летапісы, створаны вялікія бібліятэкі, сабраны самыя розныя гістарычныя дакументы.

Канал пра гісторыю Hrodna 11:27 падрыхтаваў гайд па ордэнах, якія ў розныя часы працавалі ў Гродне.

Аўгустыны

Аўгустыны — адзін з самых старых манаскіх каталіцкіх ордэнаў. Манахі жылі паводле настаўленняў аднаго з бацькоў царквы — святога Аўгустына (жыў у IV — V стагоддзях). Аўгустыны адносіліся да ліку так званых жабрацкіх ордэнаў. Гэта, аднак, не перашкодзіла ім стаць адным з найбагацейшых ордэнаў. Аўгустыны павінны былі ненадакучліва нагадваць людзям пра іх грахі, аднак у Сярэднія вякі менавіта яны найбольш актыўна прадавалі індульгенцыі - адпушчэнне розных грахоў за пэўную фінансавую плату.

Манахі-аўгустынцы
Манахі-аўгустыны

Так выйшла, што аўгустыны з ці не самага ўплывовага каталіцкага ордэна канца Сярэднявечча хутка прыйшлі да заняпаду. Прычынай таму — манах-аўгустын Марцін Лютар. Менавіта ён у канцы 1517 года выступіў са сваімі тэзамі аб рэформе каталіцкай царквы, якія далі пачатак Рэфармацыі.

На тэрыторыі Вялікага княства Літоўскага ў той час каталіцызм яшчэ толькі пачынаў заваёўваць пазіцыі, таму ад аўгустынаў у Беларусі засталіся толькі сляды. Існавалі аўгустынскія манастыры ў Гродне і Брэсце, якія зніклі ў XVI і XIX стагоддзях. Гісторыкі так і не прыйшлі да агульнай высновы, у якім месцы нашага горада некалі размяшчаўся аўгустынскі манастыр. На Гродзеншчыне захаваліся яшчэ храмы ў Крамяніцы і Міхалішках, дзе служылі прадстаўнікі розных галін аўгустынаў.

Касцёл у Крамяніцы
У пабудаваным у 17 стагоддзі касцёле ў Крамяніцы на Зэльвеншчыне служылі латэранскія канонікі - галіна аўгустынаў.

Сёння ў свеце прыкладна 4000 аўгустынаў, займаюцца яны галоўным чынам пастырскай і адукацыйнай працай.

Францысканцы

Ордэн францысканцаў быў заснаваны ў пачатку XIII стагоддзя Францыскам Асізскім. Ордэн прапагандаваў вяртанне да веры, зварот грамадства да Евангелля. Манахі стаялі на пазіцыях паслухмянасці, дапамогі бедным і пакрыўджаным. Сімвалам беднасці францысканцаў з’яўляецца пояс у выглядзе звычайнай вяроўкі з вузламі, які манахі выкарыстоўвалі замест ружанца. Францысканцы з’явіліся ў 14 стагоддзі яшчэ ў язычніцкім Вялікім княстве Літоўскім, да іх прыслухоўваўся вялікі князь Гедымін.

францысканцы францішкане
Францысканцы

У розны час на тэрыторыі сучаснай Беларусі існавала больш за 20 францысканскіх манастыроў і храмаў. У добрым стане захаваліся францысканскія храмы ў Гродне, Івянцы, Гальшанах, Пінску, Навагрудку (цяпер праваслаўны храм). У руінах стаяць касцёлы ў Ашмянах, Дзісне, Вялікай Лапеніцы, Губіна на Лепельшчыне.

Былы касцёл і манастыр францысканцаў у Гальшанах
Былы касцёл і манастыр францысканцаў у Гальшанах

У свеце зараз не менш за 15 000 манахаў-францысканцаў. Яны вярнуліся ў Беларусь 30 гадоў таму і працуюць у Гродне, Івянцы, Гальшанах, Свіслачы і многіх іншых гарадах і мястэчках нашай краіны.

У Гродне францысканскі касцёл і кляштар былі пабудаваны ў сярэдзіне XVII ст. Комплекс дасюль з’яўляецца найважнейшым гістарычным будынкам у занёманскай частцы горада. У касцёле доўгі час захоўвалася вялізарная бібліятэка са старадрукамі, якую некаторы час таму перадалі Музею гісторыі рэлігіі. А яшчэ касцёл можа пахваліцца самым старым у Беларусі дзеючым арганам. Акрамя таго, гэта адзіны ў Гродне касцёл і манастыр, дзе дагэтуль працуе той жа ордэн, што яго некалі засноўваў.

Бернардынцы і бернардынкі

Бернардынцы былой Рэчы Паспалітай, гэта, насамрэч, таксама францысканцы, яны прадстаўляюць рэфармаваную версію ордэна францысканцаў, якая склалася да пачатку 15 стагоддзя. Звычайна іх называлі манахамі-абсервантамі, аднак на нашых землях іх дзейнасць пачыналася з касцёла святога Бернарда ў Кракаве, таму ў нас яны называліся бернардынцамі. Таму фактычна гродзенскія бернардынцы гэта насамрэч францысканцы. Яны не маюць дачынення да перавала Сен-Бернар у Паўночнай Італіі, дзе з’явіліся сапраўдныя бернардынцы са сваімі знакамітымі сабакамі сенбернарамі.

бернардынцы
Бернардынцы

Гродзенскі пабернардынскі касцёл — самы стары працуючы касцёл Гродна. Яго збудавалі ў самым канцы XVI — пачатку XVII ст. часткова ў стылі готыкі, а часткова ў стылі рэнесансу, а праз некалькі дзесяцігоддзяў перарабілі яго фасад у традыцыйным для нашых земляў барочным выглядзе а-ля нясвіжскі фарны касцёл.

Манастыры бернардынак (на пярэднім плане) і бернардынцаў (на заднім) у Гродне на малюнку Напалеона Орды. На месцы жаночага кляштара зараз драмтэатр
Манастыры бернардынак (на пярэднім плане) і бернардынцаў (на заднім) у Гродне на малюнку Напалеона Орды. На месцы жаночага кляштара зараз драмтэатр

З бернардынкамі таксама ўсё няпроста. Бэрнардынкі насамрэч базавалі свой статут на дзейнасці святой Клары, і насамрэч павінны былі называцца кларыскамі. Сёстры кларыскі заўсёды будавалі манастыры побач з бернардынцамі і знаходзіліся пад іх духоўнай апекай. Таму на нашых землях іх сталі называць зазвычай бернардынкамі, а гараджане часта жартавалі, што ад манахаў бернардынцаў да бернардынак заўсёды пракапаны падземныя хады. Для прыватных візітаў, так бы мовіць.

Бернардынкі (кларыскі)
Бернардынкі (кларыскі)

Характэрным момантам у жыцці бернардынцаў было і тое, што на сваіх гарадскіх юрыдыках (уладанні, якія не падпарадкоўваліся гарадскому магістрату) манахі не дазвалялі селіцца яўрэям, што прыводзіла да з’яўлення чыста хрысціянскіх гарадскіх кварталаў.

Калі лічыць разам мужчынскія і жаночыя манастыры, то ў Беларусі іх было не менш за 30. Многія захаваліся цалкам ці часткова — гэта Гродна, Будслаў (вядомы сваёй іконай Божай Маці храм, нядаўна пацярпелы ад пажару), Беніца на Міншчыне, Валожын, Друя, Іўе, Слонім і цэлыя два храмы ў Мінску — адзін з іх — кафедральны праваслаўны сабор, іншы — Архіў-музей гісторыі беларускай літаратуры.

Дамінікане

Ордэн з’явіўся ў XIII стагоддзі. Названы па імені яго заснавальніка Дамініка дэ Гусмана, аднак гульня лацінскіх слоў прывяла да таго, што дамінікан часта перакладалі як «доміні канес», што значыць «сабакі божыя». Дамінікане кіравалі еўрапейскай інквізіцыяй, за што атрымалі вельмі неадназначныя характарыстыкі.

Дамінікане
Дамінікане

У XVIII-XIX стагоддзях дамінікане ажыццяўлялі апеку над вялікай колькасцю навучальных устаноў на тэрыторыі Вялікага княства Літоўскага. Сёння дамінікане — адзін з самых высокаадукаваных каталіцкіх манаскіх ордэнаў.

Дамінікане прайшлі праз усю гісторыю каталіцызму ў Беларусі, пачынаючы з XIV стагоддзя аж да нашых дзён. На нашых землях існавала больш за 40 дамініканскіх манастыроў. У Гродне дамінікане размясціліся яшчэ ў XVII ст. на сучаснай вуліцы Савецкай, якая нават некаторы час называлася Дамініканскай. Пабудаваны ў пачатаку XVIII ст. касцёл прастаяў да 1870-х гг. і быў разбураны, цяпер на яго месцы помнік маршалу Сакалоўскаму.

Гродзенскі дамініканскі касцёл на малюнку Напалеона Орды
Гродзенскі дамініканскі касцёл на малюнку Напалеона Орды
Сучасная вуліца Савецкая ў 1860-я. Бачна яшчэ не зруйнаваны дамініканскі касцёл
Сучасная вуліца Савецкая ў 1860-я. Бачна яшчэ не зруйнаваны дамініканскі касцёл

Сёння можна ўбачыць дамініканскія касцёлы ў Астраўцы, Дунілавічах на Пастаўшчыне, Клецку, Навагрудку. Паколькі дамінікане спрабавалі весці місіянерскую працу ў тых месцах, дзе было ў асноўным праваслаўнае насельніцтва, то там-сям захаваліся грандыёзныя, аднак да гэтага часу не адноўленыя храмы, напрыклад у Смалянах Аршанскага раёна або Княжыцах на Магілёўшчыне.

Былы дамініканскі касцёл у Навагрудку
Былы дамініканскі касцёл у Навагрудку

Сёння ў свеце не менш як 7000 манахаў-дамініканаў, што робіць ордэн адным з самых уплывовых у каталіцкім свеце.

Езуіты

Ордэн езуітаў быў заснаваны ў XVI стагоддзі на хвалі барацьбы супраць рэфармацыі. Ён хутка стаў самым уплывовым каталіцкім ордэнам. Галоўнай мэтай езуітаў была абарона каталіцкай веры, а на тэрыторыі Вялікага княства Літоўскага — місіянерская дзейнасць праз асвету. Менавіта ім, якія могуць не выконваць некаторыя манаскія абяцанні (напрыклад, неабходнасці насіць манаскае адзенне) і маюць магчымасць удзельнічаць у палітычным жыцці, удалося заваяваць давер каралёў і магнатаў.

Езуіты
Езуіты

Толькі буйных устаноў езуіты на тэрыторыі Беларусі мелі больш за 40. І гэта не лічачы рознага роду невялікіх рэзідэнцый. Цікава, што езуіты пакрывалі амаль усю тэрыторыю краіны, спрабуючы працаваць у цалкам праваслаўных рэгіёнах. Добра захаваўся былы калегіум у Гродне (там зараз турма), вельмі цікавы касцёл у Дубаі на Піншчыне, храмы ў Лучаі на Пастаўшчыне, Мінску (каталіцкі катэдральны касцёл), Нясвіжы. У Пінску і Полацку можна ўбачыць грандыёзныя будынкі калегіумаў, аднак касцёлы былі знесены ў савецкі час.

Былы езуіцкі касцёл у Гродне - сёння Кафедральны сабор Гродзенскай дыяцэзіі (Фарны касцёл)
Былы езуіцкі касцёл у Гродне — сёння Кафедральны сабор Гродзенскай дыяцэзіі (Фарны касцёл)

Гродзенскі кафедральны касцёл першапачаткова быў збудаваны акурат як езуіцкі і належаў езуітам да забароны ордэна Ватыканам у 1773 г. Таму дасюль яго называюць паезуіцкім касцёлам.

Гродзенскі калегіум езуітаў да 1885 г. Сёння ў яго будынках знаходзіцца турма №1
Гродзенскі калегіум езуітаў да 1885 г. Сёння ў яго будынках знаходзіцца турма № 1

Сёння Таварыства Езуса мае па ўсім свеце больш за 20 000 манахаў-святароў. Уласна цяперашні папа рымскі Францішак таксама езуіт.

Кармеліты

Ордэн кармелітаў быў заснаваны рыцарамі-крыжакамі ў Палестыне ў 12 стагоддзі. Назва паходзіць ад гары Кармэль, на якой знаходзіўся адзін з манастыроў ордэна. Пасля сыходу з Палестыны (яе адбілі ў хрысціян арабы-мусульмане) кармеліты распаўсюдзіліся па Еўропе. Галоўная задача манахаў была — служэнне людзям, аднак вельмі шмат увагі надавалася малітвам, разважанням, кармеліты таксама давалі шматдзённыя абяцанні маўчання.

кармеліты
Кармеліты

У XVI стагоддзі ордэн падзяліўся на кармелітаў-абутых і кармелітаў-босых. Апошнія падкрэслівалі сваю прыхільнасць да беднага ладу жыцця, аднак храмы кармелітаў як правіла выглядаюць вельмі багата.

Самыя прыгожыя будынкі кармеліцкіх манастыроў з храмамі захаваліся ў Глыбокім, Засвіры на Міншчыне, Магілёве, Мсціславе, Мядзелі. Кармеліты аднавілі сваю працу ў Беларусі і служаць у Пінску, Мядзелі, Нарачы і іншых месцах. У свеце зараз не менш за 7000 манахаў кармелітаў (босых і абутых).

Кармеліцкі касцёл у Гродне (зараз Прыёрбанк) у пачатку ХХ ст.
Кармеліцкі касцёл у Гродне (зараз Прыёрбанк) у пачатку ХХ ст.

Гродзенскі кляштар кармелітаў быў збудаваны ў сярэдзіне XVIII ст. пры вуліцы Маставой. Будынак кляштара ў цэлым захаваўся, а з былога касцёла зрабілі казармы, цяпер там офіс Прыёрбанку.

Касцёл кармелітаў у Глыбокім на Віцебшчыне. Зараз - праваслаўная царква
Касцёл кармелітаў у Глыбокім на Віцебшчыне. Зараз — праваслаўная царква

Брыгіткі

Ордэн быў заснаваны шведскай князёўнай Брыгітай у 14 стагоддзі і атрымаў вялікую папулярнасць у Еўропе. Ордэн быў жаночы і прымалі туды строга па сацыяльным статусе. Напрыклад, у манастыры павінна было быць 60 манашак, з якіх не менш за 45 павінны былі належаць да шляхецкага саслоўя, хаця абавязкова павінны былі быць прадстаўленыя і мяшчанкі і нават сялянкі. Таму брыгіцкія манастыры заўсёды былі вельмі багатыя. Напрыклад у Гродне настаяцельніцай была цётка будучага караля Рэчы Паспалітай Яна Сабескага.

брыгіткі
Брыгіткі

На галаве манашкі-брыгіткі насілі нейкае падабенства кароны з пяццю кропкамі, якія сімвалізавалі пяць ран Ісуса Хрыста. Манашкі брыгіткі вельмі шмат часу прысвячалі малітве і рэлігійнай медытацыі, разважалі пра смерць, нават спецыяльна наведвалі могілкі з развагамі на тэму жыцця і смерці. Пры гэтым брыгіткі былі вельмі заможныя — яны валодалі броварамі, корчмамі і цэлымі вёскамі.

У былым гродзенскім манастыры брыгітак у савецкія часы размясцілі псіхіятрычную лякарню. Сёння манастыр рэстаўруецца
У былым гродзенскім манастыры брыгітак у савецкія часы размясцілі псіхіятрычную лякарню. Сёння манастыр рэстаўруецца

Кляштары брыгітак і ў сілу строгасці статута і патрабаванняў да ізноў прыманых паслушніц былі вельмі рэдкімі - на тэрыторыі Беларусі толькі ў Гродне і Брэсце. Манастыр у Гродне захаваўся, сёння ён рэстаўруецца. Што цікава — манастырскі храм — амаль поўная копія касцёла ў Алыцы на Украіне, пабудаванага Радзівіламі таксама ў 17 стагоддзі.

Брыгітак у свеце зараз менш за тысячу, а ў Беларусі няма наогул.

Баніфратры

Баніфратры з’явіліся ў XVI стагоддзі ў Іспаніі і першапачаткова ставілі за мэту дапамогу хворым, сіротам і ўдовам. Ордэн ніколі не быў багатым, а манахі насілі зусім сціплую вопратку. У першую чаргу манахі будавалі шпіталь, а вялікіх храмаў не ўзводзілі абмяжоўваючыся капліцамі.

Баніфратры
Баніфратры

Баніфратры, будучы даволі «познім» манаскім ордэнам, паспелі ўладкавацца толькі ў Гродне, Навагрудку, Мінску і Высокім (Камянецкі раён Брэсцкай вобласці). Толькі ў Высокім захаваўся грандыёзны комплекс манастыра і шпіталя баніфратраў, праўда яго стан далёкі ад першапачатковага выгляду. У Гродне баніфратры мелі шпіталь і драўляную капліцу на вуліцы Свярдлова, якая тады акурат называлася Баніфратэрскай. У сярэдзіне ХІХ ст. манахі хацелі пабудаваць каменную капліцу, але дазволу на гэта не атрымалі. Праз некалькі гадоў ордэн забаранілі.

Так выглядаў манастыр і шпіталь баніфратраў у Высокім на Брэстчыне
Так выглядаў манастыр і шпіталь баніфратраў у Высокім на Брэстчыне

Сёння баніфратаў у свеце няшмат — не больш за паўтары тысячы, але гэта, як правіла, людзі з медыцынскай адукацыяй, якія ўтрымліваюць больш за дзвесце бальніц. Не так даўно баніфратры пачалі працаваць ва Украіне, дзе дапамагаюць цяжка хворым людзям. У Беларусі іх няма.

Назаратанкі

Адзін з самых «маладых» манаскіх ордэнаў, якія дзейнічаюць у Беларусі. Створаны ён у 1875 г. але канчаткова сфармаваўся толькі да 1923 г. Манахіні ставілі за мэту дапамогу бедным і асветніцкую працу, чым, уласна, займаюцца ў Беларусі і цяпер, працуючы ў Гродне, Лідзе, Навагрудку і іншых месцах краіны.

У Гродне назаратанкі з’явіліся ў пачатку ХХ ст. Яны занялі месца ўжо амаль вымерлых да таго брыгітак. Пры гэтым гродзенскаму губернатару, які не хацеў дазволіць пасяліцца ў горадзе новаму каталіцкаму ордэну, было патлумачана, што назаратанкі з’яўляюцца ўсяго толькі нейкім мясцовым падвідам брыгітак.

Чытайце таксама: Марыя Гажыч: мастачка, якая памяняла выставы ў Сан-Францыска на кляштар у Гродне

Лямус былога кляштара брыгітак, 1971 г. Гэтыя сцены ў пачатку ХХ ст. занялі назаратанкі
Лямус былога кляштара брыгітак, 1971 г. Гэтыя сцены ў пачатку ХХ ст. занялі назаратанкі

У адрозненне ад старых манаскіх ордэнаў назаратанкі прынцыпова адкрыты да людзей і як правіла не маюць забарон на зносіны з «светам». У назаратанак няма грандыёзных архітэктурных помнікаў, аднак яны пакінулі аб сабе памяць сваімі дабрачыннасцю і ахвярнасцю. Каля Фарнага касцёла ў Навагрудку стаіць крыж на месцы, дзе былі пахаваны 11 сясцёр-назаратанак, расстраляных фашыстамі ў жніўні 1943 г. Праца з сіротамі, старымі і хворымі людзьмі - галоўная мэта манашак гэтага ордэна.

Назаратанкі-пакутніцы з Навагрудка
Назаратанкі-пакутніцы з Навагрудка

Базыльянкі

Базыльянкі, або сёстры Ордэна Святога Васіля (Базыля) Вялікага — жаночы манаскі ордэн грэка-каталіцкай царквы, якая з’яўляецца часткай каталіцкага касцёла. Лічыцца, што гэты ордэн сягае сваімі каранямі IV ст., калі святая Макрына, сятра Васілія Вялікага, распрацавала правілы жыцця жаночай манаскай супольнасці. Асноўная задача манашак — місіянерская апостальская праца сярод простых людзей, праца з дзецьмі, выпяканне прасфоры, шыццё літургічных шат. У свеце сёння каля 700 манашак-базыльянак.

Базыльянскі манастыр на малюнку Напалеона Орды
Базыльянскі манастыр на малюнку Напалеона Орды

У Гродне манастыр бызыльянак быў пабудаваны ў сярэдзіне 18 ст. на месцы былой праваслаўнай Прачысценскай саборнай царквы. Уніяцкім манастыр прабыў да сярэдзіны 19 ст., калі перайшоў да праваслаўных. Цяпер у яго сценах знаходзіцца праваслаўны жаночы манастыр Раства Багародзіцы.