Назва Новага моста на Паповіча — зусім не «Новы», а на гэтым месцы раней быў яшчэ адзін мост. Пабудавалі яго, дарэчы, побач з трасай для мотакроса. Тэлеграм-канал Hrodna 11:27 узгадвае гісторыю моста, які нядаўна закрылі на рэканструкцыю — першую з 1971 года.
Новы мост — не першы ў гэтым раёне
У пачатку ХХ стагоддзя праз Нёман, паміж сучаснымі вуліцамі Герасімовіча і Нёманскай, праклалі драўляны мост. Ён меў вайсковае значэнне, бо дарога, якая праз яго ішла, вяла да земляных фартоў. Адзін з іх і сёння можна знайсці ў лесапарку Пышкі, а другі некалі быў у раёне вуліцы Багуцкага.
Той драўляны мост руйнавалі двойчы. Першы раз — у 1920 годзе, падчас савецка-польскай вайны. Яго хутка аднавілі інжынеры сапёрных частак польскага войска. Калі мост зруйнавалі другі раз — невядома. Але яго слупы захаваліся ў вадзе дагэтуль. Калі Нёман робіцца плыткім, напрыклад летам, паміж выспай і правым берагам ракі можна ўбачыць драўляныя слупкі, якія тырчаць з вады.
Выспа на Нёмане каля Новага моста штучная. Яе насыпалі будаўнікі, каб накіраваць плынь ракі паміж дзвюх апораў Новага моста. Пратока паміж выспай і правым берагам не мае судаходнага значэння, таму слупкі драўлянага моста не сталі дэмантаваць.
Будаўніцтва адбывалася павольна
У другой палове 1960-х гадоў чыноўнікі прынялі рашэнне збудаваць мост праз Нёман у раёне вуліцы Паповіча. Будаўніцтвам займаўся «Мостаатрад-58». Паводле расповедаў краязнаўцы Віктара Саяпіна, будаўніцтва адбывалася павольна, у адну змену, у працоўных былі выхадныя і святочныя дні.
«Балкі Новага моста паміж сабой злучаны так, што яны рухаюцца адна адносна другой. Таму мост увесь час знаходзіцца ў руху, гэта нармальна, так прадумана. Калі вы ідзеце па мосце і побач праязжае цяжкі грузавік, то можа стварыцца ўражанне, што вас падкідвае», — расказаў гісторык Андрэй Вашкевіч.
У даўжыню мост атрымаўся 300 метраў, а ў шырыню — больш за 20
У пачатку восені 1970 года будаўнікі паклалі першыя чатыры маставыя фермы на цэнтральным пралёце і абодва берагі злучыліся. У даўжыню мост атрымаўся 300 метраў, а ў шырыню — больш за 20 метраў. У эксплуатацыю мост увялі ў 1971 годзе. Побач з ім добраўпарадкавалі берагі і арганізавалі спускі для пешаходаў да ракі з кожнага боку моста.
Новы мост не планавалі назваць «Новым»
Планавалася, што праспект Будаўнікоў пракладуць да моста і ён стане часткай «Паўночна-Заходняга» кола вакол Гродна. Таму мост назвалі «Мост Будаўнікоў». Але кола так і не сфармавался, а назва моста не прыжылася. Падчас запланаванага будаўніцтва новага мікрараёна «Вясенні» праспект Будаўнікоў усё ж плануюць працягнуць і злучыць з Новым мостам.
Мост пабудавалі на месцы трасы для мотакроса
Месца пад будаўніцтва моста абралі ў раёне яўрэйскіх могілак. Побач была пракладзена траса для матацыклетных гонак, якія там адбываліся традыцыйна. Матакрос праводзілі нават падчас будаўніцтва моста! А калі рух па мосце яшчэ не адкрылі, гледачам ужо дазвалялі назіраць за гонкамі з моста.
Глядзіце таксама: Як змяніліся маршруты транспарту пасля закрыцця Новага моста ў Гродне