Назва Новага моста на Паповіча — зусім не «Новы», а на гэтым месцы раней быў яшчэ адзін мост. Пабудавалі яго, дарэчы, побач з трасай для мотакроса. Тэлеграм-канал Hrodna 11:27 узгадвае гісторыю моста, які нядаўна закрылі на рэканструкцыю — першую з 1971 года.

Новы мост — не першы ў гэтым раёне

У пачатку ХХ стагоддзя праз Нёман, паміж сучаснымі вуліцамі Герасімовіча і Нёманскай, праклалі драўляны мост. Ён меў вайсковае значэнне, бо дарога, якая праз яго ішла, вяла да земляных фартоў. Адзін з іх і сёння можна знайсці ў лесапарку Пышкі, а другі некалі быў у раёне вуліцы Багуцкага.

драўляны мост праз Нёман
Жаўнеры адпачываюць на фоне драўлянага маста праз Нёман. 1916 г. Фотакартка з калекцыі Фелікса Варашыльскага

Той драўляны мост руйнавалі двойчы. Першы раз — у 1920 годзе, падчас савецка-польскай вайны. Яго хутка аднавілі інжынеры сапёрных частак польскага войска. Калі мост зруйнавалі другі раз — невядома. Але яго слупы захаваліся ў вадзе дагэтуль. Калі Нёман робіцца плыткім, напрыклад летам, паміж выспай і правым берагам ракі можна ўбачыць драўляныя слупкі, якія тырчаць з вады.

драўляны мост пра Нёман
У 1920 г. мост быў знішчаны і яго нанава пабудавалі вясной 1921 г. Узвялі новы мост польскія жаўнеры. Праіснаваў ён недзе да сярэдзіны 1920-х гг.

Выспа на Нёмане каля Новага моста штучная. Яе насыпалі будаўнікі, каб накіраваць плынь ракі паміж дзвюх апораў Новага моста. Пратока паміж выспай і правым берагам не мае судаходнага значэння, таму слупкі драўлянага моста не сталі дэмантаваць.

Драўляны вайсковы масток, штучная выспа і мотакрос: гісторыя Новага моста, які ўзяліся рамантаваць упершыню за паўстагоддзя

Будаўніцтва адбывалася павольна

У другой палове 1960-х гадоў чыноўнікі прынялі рашэнне збудаваць мост праз Нёман у раёне вуліцы Паповіча. Будаўніцтвам займаўся «Мостаатрад-58». Паводле расповедаў краязнаўцы Віктара Саяпіна, будаўніцтва адбывалася павольна, у адну змену, у працоўных былі выхадныя і святочныя дні.

Драўляны вайсковы масток, штучная выспа і мотакрос: гісторыя Новага моста, які ўзяліся рамантаваць упершыню за паўстагоддзя
Будоўля Новага моста. 1970 г.

«Балкі Новага моста паміж сабой злучаны так, што яны рухаюцца адна адносна другой. Таму мост увесь час знаходзіцца ў руху, гэта нармальна, так прадумана. Калі вы ідзеце па мосце і побач праязжае цяжкі грузавік, то можа стварыцца ўражанне, што вас падкідвае», — расказаў гісторык Андрэй Вашкевіч.

Драўляны вайсковы масток, штучная выспа і мотакрос: гісторыя Новага моста, які ўзяліся рамантаваць упершыню за паўстагоддзя

У даўжыню мост атрымаўся 300 метраў, а ў шырыню — больш за 20

У пачатку восені 1970 года будаўнікі паклалі першыя чатыры маставыя фермы на цэнтральным пралёце і абодва берагі злучыліся. У даўжыню мост атрымаўся 300 метраў, а ў шырыню — больш за 20 метраў. У эксплуатацыю мост увялі ў 1971 годзе. Побач з ім добраўпарадкавалі берагі і арганізавалі спускі для пешаходаў да ракі з кожнага боку моста.

Драўляны вайсковы масток, штучная выспа і мотакрос: гісторыя Новага моста, які ўзяліся рамантаваць упершыню за паўстагоддзя

Новы мост не планавалі назваць «Новым»

Планавалася, што праспект Будаўнікоў пракладуць да моста і ён стане часткай «Паўночна-Заходняга» кола вакол Гродна. Таму мост назвалі «Мост Будаўнікоў». Але кола так і не сфармавался, а назва моста не прыжылася. Падчас запланаванага будаўніцтва новага мікрараёна «Вясенні» праспект Будаўнікоў усё ж плануюць працягнуць і злучыць з Новым мостам.

Новы мост Гродна 1971

Мост пабудавалі на месцы трасы для мотакроса

Месца пад будаўніцтва моста абралі ў раёне яўрэйскіх могілак. Побач была пракладзена траса для матацыклетных гонак, якія там адбываліся традыцыйна. Матакрос праводзілі нават падчас будаўніцтва моста! А калі рух па мосце яшчэ не адкрылі, гледачам ужо дазвалялі назіраць за гонкамі з моста.

Глядзіце таксама: Як змяніліся маршруты транспарту пасля закрыцця Новага моста ў Гродне

Драўляны вайсковы масток, штучная выспа і мотакрос: гісторыя Новага моста, які ўзяліся рамантаваць упершыню за паўстагоддзя