Жыгімонт ІІІ Ваза, пляменнік апошняга караля з дынастыі Ягелонаў Жыгімонта Аўгуста, атрымаў краіну на піку вайсковай велічы і багацця. Вазы кіравалі Рэччу Паспалітай амаль восем дзесяцігоддзяў і хаця вынікі ўладарання дынастыі Вазаў можна ацаніць як вельмі спрэчныя, аднак першыя дзесяцігоддзі XVII ст. гэта сапраўды залаты век «дзяржавы абодвух народаў».
Тое быў час росквіту архітэктуры, мастацтва, гаспадаркі і ваеннай справы Рэчы Паспалітай, калі, здавалася, нічога не будзе ў стане аслабіць і тым больш знішчыць гэтую велічную дзяржаву.
Пра цікавы артэфакт эпохі Вазаў піша канал пра гісторыю Hrodna 11:27.
2019 год (памятаеце, гэта яшчэ да пандэміі, калі ўсё было добра) у Варшаве прайшоў пад знакам святкавання 430-годдзя ўзыходжання на трон Рэчы Паспалітай дынастыі Вазаў. Бясконцыя канцэрты, выставы, гістарычныя лекцыі, тэматычныя кніжныя выданні…
Пачалося з выставы пад назвай «Кароль жэніцца». Яна была прысвечана «Рольцы Стакгольмскай» — адзінаму такому твору мастацтва ў Польшчы і аднаму з нямногіх у Еўропе.
Ролька Стакгольмская (у літаральным перакладзе на беларускую мову будзе Стакгольмскі рулон), даўжынёй больш за 15 метраў, належыць да жамчужын замкавай калекцыі. Унікальны малюнак ананімнага мастака паказвае ўрачысты ўезд у Кракаў вясельнай працэсіі караля Жыгімонта III і эрцгерцагіні Канстанцыі Аўстрыйскай 4 снежня 1605 г. Канстанцыя была другой жонкай Жыгімонта, сястрой Ганны Габсбуржанкі, якая памерла сем гадоў таму.
Пабачыць у добрай якасці ўсе фрагменты рулона можна на сайце Каралеўскага замка ў Варшаве. Увага, практыка паказвае, што для прагляду з Беларусі можа спатрэбіцца VPN.
Паглядзець Рольку: https://kolekcja.zamek-krolewski.pl/obiekt/id/ZKW_15281−39
Стакгольмская ролька — малюнак гуашшу, створаны ў першым дзесяцігоддзі 17 ст. Каляровая гуаш напісана на папяровым рулоне шырынёй 27 см, ад якога захаваўся ўчастак даўжынёй 16,1 м.
Ананімны мастак, якога некаторыя гісторыкі атаясамлівалі з каралеўскім прыдворным жывапісцам Бальтазарам Гебхардам, увекавечыў трыумфальны ўезд каралеўскай світы. Акрамя фігур маладых, на ім таксама паказаны каралеўскі двор, польская шляхта і польскае войска, у тым ліку даволі рэдкія выявы гусар.
Рулон быў часткай прыватнай калекцыі польскага караля да шведскага ўварвання ў Польшчу. Пасля захопу Варшавы 30 жніўня 1655 г. спецыяльна падрыхтаваныя атрады шведскай арміі выкралі згорнутую рольку разам з іншымі польскімі творамі мастацтва. Потым сотні гадоў яна ляжала забытай у Ліўрусткамарэне — каралеўскай збройнай палаце ў Стакгольме.
У 1961 г. ёю зацікавіліся польскія даследчыкі, якія планавалі на пачатку 1966 г. сумеснае польска-шведскае выданне ролькі ў выглядзе кнігі. Аднак публікацыя не адбылася.
У 1969 г. рулон быў перададзены на захоўванне ў Нацыянальны музей у Варшаве. У красавіку 1974 г. прэм’ер-міністр Швецыі Улаф Пальмэ, які знаходзіўся з афіцыйным візітам у Польшчы, падарыў яго адноўленнаму Каралеўскаму замку. Вялікая рэдкасць — вяртанне такога каштоўнага экспаната з іншаземных збораў.
У канцы 1980-х гадоў было прынята рашэнне падзяліць помнік на 39 адзіночных лістоў у месцах, дзе яны былі склеены ў доўгую паласу. З-за разрыву ў палосах, пранумараваных паміж 15 і 24, мяркуецца, што доўгі ўчастак рулона можа адсутнічаць.
Стакгольмскі рулон захоўваецца ў Каралеўскім замку ў Варшаве. З-за адчувальнасці да святла яго паказы адбываюцца вельмі рэдка і коратка, апошні раз акурат у 2019 г.
На малюнку, выкананым у тэхніцы акварэлі і гуашы з выкарыстаннем залацістай фарбы, намалявана амаль 600 удзельнікаў шэсця. Дакладнасць роспісу дазваляе распазнаваць не толькі асобныя групы, але і канкрэтных асоб, якія ўдзельнічаюць у цырымоніі.
Галоўныя героі гэтай маляўнічай галерэі персанажаў - кароль Жыгімонт III на кані і каралеўская нявеста Канстанцыя Аўстрыйская, якая едзе ў чорна-залатой параднай карэце.
Сярод фігур, прадстаўленых на рольцы, таксама можна ўбачыць:
Асабліва інтрыгуе фігура т.зв. «жанчыны з барадой» — Хелены Антоніі дэ Лье — прыдворнай Габсбургаў, якая прыехалала з імі з Граца ў Кракаў.
Карціна паказвае ўдзельнікаў шэсця, якія ідуць справа налева, не звяртаючы ўвагі на дэталі рэльефу мясцовасці. У верхняй частцы — тлумачэнні на нямецкай мове, змешчаныя ў дзевяці картушах.
Працэсію адкрывае група вельмі дарагіх коней. За ёй дзве прыватныя вайсковыя часткі - гусары і пяхота, якія належалі ваяводу познаньскаму Іераніму Гастомскаму. Далей каралеўскія скакуны, упрыгожаныя папонамі з гербамі Жыгімонта III.
Звяртае на сябе ўвагу і каралеўская гусарская харугва, якую нясе каронны сцяганосец Себасцьян Сабескі.
За гусарамі ідуць самыя выдатныя ўдзельнікі маршу. Спачатку вышэйшыя вайсковыя камандзіры, за імі польскія і аўстрыйскія саноўнікі і прадстаўнікі замежных краін. Усходнімі строямі тут вылучаюцца персідскае і турэцкае прадстаўніцтвы.
За імі ў групе з васьмі вершнікаў, хутчэй за ўсё, ідзе Якуб фон Брэйнер, аўстрыйскі прыдворны маршал, які прадстаўляе імператара. Звяртае на сябе ўвагу і сцэна, у якой некалькі чалавек з натоўпу гледачоў збіраюць раскіданыя грошы (у Рэчы Паспалітай у той час асабліва важны звычай падчас працэсій).
Чытайце таксама: Крылатыя гусары Рэчы Паспалітай: адкуль узяліся і кім былі апошнія рыцары Еўропы
За гэтай сцэнай — маскоўскае прадстаўніцтва. На баку царскага пасланца Афанасія Іванавіча Уласева можна пазнаць Ежы Мнішака, бацьку Марыны Мнішак, якая некалькі дзён раней выйшла замуж за «маскоўскага цара» Дзмітрыя Самазванца (Лжэдзмітрыя).
Нарэшце, перад групай пажаў, на каштанавым кані, у чырвоным строі, расшытым золатам, жэмчугамі і каштоўнасцямі, едзе сам кароль Жыгімонт III. За каралём едуць старэйшы брат нявесты, эрцгерцаг Максіміліян Эрнэст і на белым кані каралевіч Уладзіслаў, сын Жыгімонта III і яго першай жонкі Ганны Аўстрыйскай.
За імі чорная дэкаратыўная карэта, запрэжаная васьмеркай коней, у якой везлі нявесту — эрцгерцагіню Канстанцыю, яе маці - эрцгерцагіню Марыю, сястру — Марыю Крысціну Батары і сястру караля — шведскую прынцэсу Ганну Ваза. 17-гадовую Канстанцыю адрознівае лёгкая сукенка, расшытая каштоўнымі камянямі, і дэкаратыўны буйны варатнік.
Найбольш важных удзельнікаў цырымоніі суправаджае шэраг каралеўскіх алебардыстаў, або драбантаў. Гэта была каралеўская стража, якая набіралася з найбольш заможным і адданых каралю шляхціцаў. Далей едуць экіпажы, у якіх перавозяць прыдворных дам і багаж.
Шэсце замыкаюць парадкі гарадскіх апалчэнцаў. Першыя тры вайсковыя адзінкі апрануты ў «польскія» строі - гэта гараджане Казімежа, цяперашняй часткі Кракава, а тады асобнага горада, чацвёрты — жыхары Страдама (прадмесце Кракава), а ў канцы — войскі кракаўскага апалчэння.
Цікава, што кракавяне апранутыя ў багатыя заходнееўрапейскія строі, а вось іншыя маюць больш рэгулярны выгляд і так званую гайдуцкую вопратку. Гайдуцкія часткі былі створаны яшчэ каралём Стэфанам Баторым у якасці рэгулярнай пяхоты Рэчы Паспалітай.
Вялікая іканаграфічная каштоўнасць гэтага сапраўднага спектакля заключаецца ў надзвычай праніклівым, дакладным і рэалістычным узнаўленні характару і дэталяў адзення і даспехаў, а таксама ў спробе персаніфікаваць больш важныя асобы ў партрэтах. Аднак вернасць рэаліям мастак спалучаў са спецыфічнай стылізацыяй, яны мелі на мэце надаць усяму больш прадстаўнічы характар, таксама за кошт дакументаваных крыніцамі фактаў. Такім чынам, аб’ект адлюстроўвае надзвычайную яркасць самой цырымоніі.
Чытайце таксама: Ад аўгустынаў да назаратанак: гайд па каталіцкіх манаскіх ордэнах, якія мелі рэзідэнцыі ў Гродне
У якасці дэталёвага, мудрагелістага сувеніра ад захапляльнага каралеўскага свята, Стакгольмскі рулон раскрывае сакрэты прыдворнай цырымоніі чатыры стагоддзі таму. Гэта рэв’ю моды XVII стагоддзя, як заходняй, так і айчыннай. Колеры — парча, аксамітныя жупаны, белыя фальбаны, каўнеры, малінавыя боты, галаўныя ўборы, аздобленыя пер’ем і цюрбаны.
Заслугоўвае ўвагі і цудоўнае прадстаўленне гусараў - сімвала тагачаснага польскага войска. Крылатыя вершнікі ўпрыгожаны рознакаляровымі пёрамі, а спіны пакрытыя скурай леапарда. У руках яны носяць шчыты, шаблі і булавы. У світы грацыёзна дэфілююць коні ўсіх відаў - белыя, шэрыя, гняды, чорныя, каштанавыя.
Над працэсіяй лунаюць шматлікія сцягі - каралеўскія, дзяржаўныя, прыватных харугваў і гарадоў. Можна дакладна сказаць, што такія працэсіі, толькі менш маштабныя і ўрачыстыя, адбываліся і падчас уездаў каралёў з дынастыі Вазаў у Гродна.
До зимних праздников остается чуть больше месяца — самое время задуматься о праздничном декоре. Hrodna.life…
В межвоенный период Гродно приобрел необыкновенную славу. Город стал местом притяжения необычных туристов – тех,…
Хватает ли в центре Гродно продуктовых магазинов? Споры об этом вызвало открытие на углу Советской…
Нарядная хвоя, свечи, новогодние венки и гирлянды, светлый или темный фон на выбор. Гродненские фотостудии…
Власти создали новую платформу “меркаванне.бел”. Ее позиционируют как онлайн-площадку, на которой каждый сможет в свободной…
Коллекция одежды гродненки Екатерины Корлатяну дебютировала этой осенью на Парижской неделе моды. А начиналось все…