Летась, да 180-годдзя Элізы Ажэшкі, яна пераклала на беларускую раман «Два полюсы» і вярнула яму аўтарскую назву — «Дзікунка». Яна разглядае пераклад як «стратэгію рэпатрыяцыі» творчасці Ажэшкі ў беларускую літаратуру. Ёй не давялося «вывучаць літаратуру раскладзенай па палічках і шаноўнымі прафесарамі патлумачанай», бо яна — біёлаг паводле адукацыі. Але цяпер у яе жыцці няма ні дня без пані Элізы. Усё гата пра Святлану Воцінаву — журналістку, перакладчыцу і даследчыцу творчасці Ажэшкі. Для Telegram-канала «Тётя Ира разрешила» яна расказала, як варта перакладаць раман, якому больш за 100 гадоў, і чым ажэшкінскія гераіні адрозніваюцца ад тургенеўскіх барышняў.
Рамана з назвай «Дзікунка» ў афіцыйнай бібліяграфіі Элізы Ажэшкі няма. Там гэты твор значыцца як «Два полюсы». «„Дзікунка“ — аўтарская назва, і Ажэшка вельмі не хацела яе змяняць, — кажа Святлана Воцінава. — Але прымусілі акалічнасці». Пісьменніца павінна была аддаць раман у варшаўскае выданне, якое яго замовіла, але цэнзар твор не прапусціў. Тады Ажэшка звярнулася ў пецярбургскую рэдакцыю, якой кіраваў яе сябра. Гэта быў польскамоўны часопіс «Край». «Эразм Пільц, так звалі сябра-рэдактара, браўся надрукаваць раман „без купюр“, але пры адной „жалезнай“ умове: назва павінна быць зменена непазнавальна — каб у варшаўскіх цэнзараў не было нагод для прэтэнзій».
«Перакладаючы, я паралельна вывучала гісторыю стварэння рамана, — расказвае Святлана Воцінава. — За змену назвы аўтарцы было балюча і крыўдна. І за злосную крытыку ад такіх рэцэнзентаў, якіх Ажэшка называла „ананімамі і псеўданімамі па шэсць грошаў за радок“, — таксама. Я вырашыла, што варта не проста перакласці раман на беларускую мову, але і вярнуць з перакладам тую самую назву, ад якой давялося так неахвотна пазбавіцца, — падарыць чытачам на 180-годдзе Элізы Ажэшкі вяртанне яе „Дзікункі“».
Чытайце таксама:
Хаця Эліза Ажэшка большую частку свайго жыцця правяла ў Гродне і героямі яе былі мясцовыя жыхары, перакладзена з яе твораў на беларускую мову няшмат. Нават знакаміты раман «Над Нёманам», за які Ажэшка намінавалася на Нобелеўскую прэмію, выйшаў па-беларуску толькі ў пачатку 2000-х. Праўда, у 2020 годзе ён быў перавыдадзены разам з цыклам навэл «Gloria victis» («Слава пераможаным»). Аўтар гэтых перакладаў - Анатоль Бутэвіч. У савецкі час быў перакладзены так званы беларускі цыкл Ажэшкі: творы «Хам», «Дзюрдзі», «Нізіны». Апроч таго — нарыс «Людзі і кветкі над Нёманам» і некалькі апавяданняў.
«Гэта так мала! — адзначае перакладчыца. — Пры тым, што яе ведалі ва ўсёй Еўропе, а асобныя раманы выходзілі і ў Нью-Ёрку, пры тым, што яна разам з Генрыкам Сенкевічам, Львом Талстым, Рэдзьярдам Кіплінгам, Сельмай Лагерлёф намінавалася на Нобелеўскую прэмію, — пры ўсім гэтым сёння яе твораў няма ў беларускай школьнай праграме і імя яе не называецца ў пераліку нашых літаратурных класікаў».
«Я разумею, што адна з прычын — небеларускамоўнасць яе творчасці, — разважае Святлана Воцінава. — Але польская мова яе аповесцяў і раманаў - гэта толькі абалонка. Змест жа іх — лёсы людзей, прадстаўнікоў розных народаў, што жылі менавіта на нашай зямлі. Ёй балела і за беларусаў, і за яўрэяў, і за палякаў - за ўсіх, незалежна ад моў, на якіх яны гаварылі. І калі прызнаны наш класік Францішак Багушэвіч пісаў ДЛЯ абяздоленых, то яна пісала ДЗЕЛЯ такіх. У гэтым выпадку польская мова яе творчасці сябе апраўдвала: з ёю больш было шанцаў прабіць тую сцяну, якой адгароджвалася ад „простага люду“ улада, і яшчэ адну — за якой стваралася сусветна вядомая літаратура».
Чытайце таксама: Ажэшка посціла б кветачкі, Цётка — акцыі пратэстаў. Беларускія літаратаркі мінулых стагоддзяў «завялі» Instagram
«Дзікунка», якую абрала да перакладу Святлана Воцінава, на беларускую мову раней не перакладалася. На рускую раман пераклалі амаль адразу па напісанні, у 1893 годзе, і апублікавалі ў часопісе «Веснік Еўропы». Але гэты пераклад, як адзначае Воцінава, быў слабы і месцамі вельмі недакладны.
«Я зазірала і ў „Веснік Еўропы“, і ў кніжнае выданне, каб падглядзець некаторыя складаныя месцы — як з іх выблытваліся калегі з пазамінулага стагоддзя. Дарэмна! Гэтыя месцы яны ці прапускалі, ці перакладалі іх абы збыць. У некаторых эпізодах нават сэнс увесь страчаны. Да прыкладу, з рускага перакладу нельга зразумець, за якую ж такую ідэю гераіня „Дзікункі“ змагаецца, дзеля чаго адмаўляецца ад асабістага шчасця і багатай спадчыны. Не зразумела, што яе брат удзельнічаў у паўстанні, быў высланы і загінуў, не вярнуўся дадому. У тым перакладзе ён проста памёр ад невядомай хваробы».
На думку перакладчыцы, такі пераклад знішчыў ідэю твора, ператварыў яго ў банальны раман пра каханне. «Не дзіўна, што ў ХІХ стагоддзі многія так яго і ўспрынялі. Ацанілі твор па-сапраўднаму ўжо значна пазней, у ХХ стагоддзі».
У сваім перакладзе Святлана Воцінава імкнулася захаваць гістарычную дакладнасць. «Гэта адзін з тых твораў, якія маюць дачыненне да паўстання 1863 года. Пасля перакладзеных Анатолем Бутэвічам навэл цыкла „Gloria victis“ і рамана „Над Нёманам“, якія прасякнуты атмасферай паўстання, „Дзікунка“ заставалася апошнім такім творам, дзе таксама згадваецца паўстанне. З гэтым перакладам можна сказаць, што „прапаўстанцкае“ з Ажэшкі перакладзена на беларускую цалкам».
Чытайце таксама: Дзе ў Гродне дзейнічалі паўстанцы і чаму Каліноўскі - універсальны беларускі герой
Паколькі пераклад на беларускую адбыўся праз паўтара стагоддзя пасля напісання рамана, перакладчыца хацела «зрабіць яшчэ нешта такое для гэтага твора, каб ён добра ўспрымаўся сённяшнім чытачом». Ідэя, якой будзе кніга, прыйшла ёй у маршрутцы «Гродна—Мінск».
«Я вярталася з камандзіроўкі, а перад гэтым, паміж працоўнымі справамі і ад’ездам, паспела трапіць у Каложу. І нешта там са мной адбылося, бо едучы назад у Мінск, я ўсё ў сваёй галаве склала: што гэта павінна быць кніга ў кнізе, чытанне-квэст. Прыехала дадому і не магла паўночы заснуць — столькі ўва мне было энергіі дзеяння. Тады я зразумела, што гэты ўсплёск энергіі - падказка: як я прыдумала там, у Гродне, так яно і правільна. Таму я і зрабіла такую кніжку, у якой спалучаюцца сам твор у перакладзе на беларускую мову і мае допісы пад назвай „Раман ХІХ стагоддзя і як яго сёння чытаць“. Бо калі пагружаешся ў акалічнасці напісання, тады цікавей».
Шэсць раздзелаў «Дзікункі» ў кнізе з перакладам Святланы Воцінавай пераслоены дакументальна-публіцыстычнымі ўстаўкамі, якія адыгрываюць ролю падказак. Каб прачытаць чарговы раздзел рамана, трэба адказаць на пытанне квэста — выбраць правільны варыянт з некалькіх прапанаваных.
«Калі б да творчасці і асобы Элізы Ажэшкі ў нашым літаратуразнаўстве і ў сістэме адукацыі ставіліся больш усвядомлена і сур’ёзна, то, як у рускай літаратуры ёсць тыпаж „тургенеўская барышня“, у нас быў бы тыпаж „ажэшкінская гераіня“ — ён павінен быць», — гаворыць Святлана Воцінава.
Паводле яе меркавання, «ажэшкінская гераіня» выразна вымалёўваецца ў Марыі Кірлавай з рамана «Над Нёманам», пані Тэрэсе з навэлы «Гекуба», панне Ружы з аднайменнай навэлы і іншых.
Ёсць і агульныя рысы, якія даследчыца заўважае ў гэтых жанчынах:
«Гэта прыгажосць, якая заўважаецца далёка не з першага позірку. Бо яна „былая“, „страчаная“, ад яе засталіся толькі „сляды“ — гэта першае. Другое — энергічнасць і выключная працаздольнасць. Трэцяе -адсутнасць „жаночага шчасця“. Муж у яе або недарэка, або п’яніца, або яго зусім няма. На ёй і гаспадарка, і процьма дзяцей. Але гэта вобраз не гаротніцы, якую трэба пашкадаваць, а жанчыны дзеяння. „Ажэшкінская гераіня“ дэманструе той варыянт асобаснага развіцця, калі свае праблемы жанчына вырашае не праз эгаістычна-мітуслівыя пошукі лепшай партыі, а праз уласнаручнае рашучае здабыванне сэнсу свайго існавання з відавочнай грамадскай карысцю, калі горыч падманутых чаканняў трансфармуецца ў дух стваральніцтва».
Чытайце таксама: Жанчынам слова не давалі. Чаму ў школьнай праграме па літаратуры так мала пісьменніц
Такія ж рысы бачацца Святлане Воцінавай ў Севярыне Здраёўскай з «Дзікункі» і ў панне Ружы: у Севярыны загінуў брат, у Ружы — каханы. І ў першай, і ў другой ёсць шанец на шчасце: дзікунка сустрэла сваё каханне, і яно ўзаемнае, а да панны Ружы сватаецца самы багаты і самы прыстойны жаніх ва ўсёй акрузе. І але і першая, і другая адмаўляюцца ад прапановы рукі і сэрца. Да панны Ружы пан Дорша сватаецца тройчы — і кожны раз яна адмаўляе. Яна не можа пакінуць сваю схіму, а памерлага жаніха называе сваім святым, якому ніколі не здрадзіць. Дзікунка Севярына Здраёўская таксама ўскладае сваё каханне на алтар грамадскага дабрабыту. «Вось хто такая ажэшкінская гераіня», — кажа даследчыца.
Першы артыкул пра пані Элізу Святлана напісала ў 2014 годзе, а польскую мову пачала вывучаць толькі на год раней. Цяпер тэма Ажэшкі стала асноўнай у яе даследчыцкай працы.
«Ніводнага дня не праходзіць у мяне без Ажэшкі - не бывае, каб я што-небудзь не чытала пра яе, або не перакладала, або не пісала артыкул пра нешта, з ёю звязанае, або не разблытвала якіясьці акалічнасці, эпізоды яе жыцця».
Святлана кажа, што да напісання першага артыкула — у гістарычную рубрыку жаночага «глянцу» — ведала толькі, што была такая пісьменніца, ды чытала некаторыя яе творы. «Потым я зразумела, што гэтая пісьменніца і жанчына вартая нашмат большай увагі, што яе трэба „вяртаць“, — кажа Воцінава. — Увогуле, я не магу даць сабе поўны адказ, чаму мне так трэба ведаць пра яе ўсё, што толькі магчыма ведаць. Але я адчуваю ў сувязі з ёй тое натхненне і тую энергію дзеяння, якіх мне хапае на вывучэнне і перакладанне не толькі яе».
Цяпер Святлана Воцінава працуе над перакладам на беларускую мову рамана «Ad astra», гераіня якога — тая самая дзікунка Севярына Здраёўская. У гэтым творы Ажэшка дае ёй новы шанец на шчасце.
Святлана Воцінава абяцае, што у кнізе таксама не абмяжуецца толькі тэкстам перакладу.
Чытайце таксама:
Считается, что сложно выбрать подарок именно мужчине - мужу, сыну, отцу, партнеру или другу. Ситуация…
Белорус Алекс Вознесенский посетил Новогрудок как турист. Мужчину поразило, что город с богатой историей находится…
Ресторан-кафе «Неманская витина» в виде ладьи – часть концепции новой гродненской набережной, которую обсуждали в…
Алексей Коженов уехал из Минска в 1998-м году. Он получил работу в Google, стал дьяконом…
Сленг постоянно меняется - в последнее время под влиянием TikTok. Понять его сразу и весь…
Каждый месяц 22 тонны кофейных зерен выезжают из Гродно, чтобы попасть на заправки по всей…