У нашу вёску, дзе летам збіраліся з розных гарадоў Беларусі, прыязджаў хлопец на канікулы з Рыгі. Ён ганарыўся, што ён рускі, хоць паходзіў з каталіцкай сям'і, і яго бабуля, вядома, лічыла сябе полькай. Але гэта было не важна. Для аднагодак ён быў «гансам», хоць па латышску не ведаў ні слова.
І гэты факт, што ён «ганс», заўсёды вылазіў у самы нязручны для яго момант. Калі нешта трэба было дзяліць, ці нехта за нешта на яго пакрыўдзіўся. Дастаткова было каму-небудзь крыкнуць — ГАНС! І далей не важным быў яго скураны мяч. Усе, чамусьці аб’ядноўваліся супраць няшчаснага ганса і пачыналі яго ганіць і здзеквацца. Было так, што часам і месяц з ім ніхто не размаўляў.
Потым неяк забывалі і прымалі да сябе, але пры першай магчымасці - выганялі.
Што так настройвала супраць яго? Ён нічым прынцыпова ад нас не адрозніваўся, ну мо толькі правільным рускім акцэнтам, які таксама як ва ўсіх гарадскіх зглажваўся ў канцы лета, набліжаючыся да пануючай беларускай гаворкі.
Не любілі яго толькі за тое, што лічылі чужым.