Ці памятаеце вы як адчынялі дзверы? Я дык памятаю сябе заўсёды скручаным-перагнутым перад дзвярыма ў нашу кватэру. А ўсё з-за таго, што адчыняў я дзверы ключом, што вісеў на шнурку ў мяне на шыі. Каб не рабіць спецыяльных маніпуляцый з расшпільваннем кашулі і здыманнем ключа, я зазвычай падыходзіў да дзвярэй, даставаў між канцамі піянерскага гальштука з-за кашулі ключ, прыгінаўся і адчыняў ніжні замок. Бацькі заўсёды зачынялі толькі на ніжні і ў мяне быў толькі адзін ключ. Верхні замок мы зачынялі толькі на ноч, калі ўсе былі ўжо ў хаце. Гора было калі ключ «западаў» за падкашульку з тонкімі шлейкамі, якую прымушала апранаць мама.
Ключ штогод мама вешала на новы шнурок. Гэта была то бічоўка, то доўгі шнурок ад чаравікаў, які не так проста было знайсці. Запомніўся мне шырокі шнурок у чорна-белую паску. На адным з агульных здымкаў класа, ён мне нават застаўся на памяць, бо акурат вылез за каўнер.
Амаль усе мае сябры насілі ключ на шыі. Гэта быў такі асаблівы «крыжык» савецкага школьніка.