Ніколі не мог сабе ўявіць Леніна, які займаецца сэксам. Як картава прамаўляе з браневіка, як зацікаўлена размаўляе з сялянамі, што
прыйшлі да яго распытаць пра зямлю, як паказвае дзе ўзяць кіпеню салдату ў «Зімнім» — магу. А вось як ён можа з жарсцю цалаваць жанчыну — не магу сабе ўявіць.
Нейкая нягеглая лысая галава, казліная бародка, дзядулін прышчур — ніяк не ўпісваюцца ў вобраз мужчыны-каханка. Вось з дзецьмі на каленях, у лесе ў грыбах — уяўляю. Але ніяк з жанчынай на руках.
Не магу ўзгадаць персанажа яшчэ больш пазбаўленага прыкмет мужчыны-лідара, самца. Ну, хіба што Кукарэка, які ў савецкі час жыў у нашым двары. Маленькі, згорблены, брудны, з дзіцячымі рысамі твару парэзаным глыбокімі маршчынамі. Быццам з фільмаў жахаў зморшчаная лялька… Ён збіраў бутэлькі і кукарэкаў для нас, тады дурных смаркачоў, за 10 капеек. Хоць пра Кукарэку хадзілі чуткі, што ён падпольны мільянер і таму жыве ў чатырохпакаёўцы.
І мы верылі.