Мая мама працавала ў сістэме дашкольнай дадатковай адукацыі і займала кіруючую пасаду. У савецкія часы займаць кіруючую пасаду без партыйнага білета было выключэннем з правілаў. І як яна сама казала, ёй шмат разоў прапаноўвалі ўступіць у партыю, але ў яе неяк атрымлівалася выкруціцца.
Не ведаю як яна гэта рабіла і што казала, але адзін выпадак я памятаю добра.
Сядзелі мы з татам у зале нашай двухпакаёўкі і глядзелі праграму “Время”. А тут мама з кухні заходзіць, тата ўжо пад’еў, сыты і задаволены паўляжыць на крэсле. Мама да яго:
— Ты ведаеш… Больш няма ніякіх сілаў адмаўляцца ад уступлення ў партыю. Сказалі, што калі не напішу заяву, то не змагу больш працаваць на сваім месцы… Гэта вельмі су…
— Уступіш у партыю – дахаты не прыходзь! – спакойна перапыніў вытлумачэнні мамы мой бацька. Тата мой быў простым рабочым-мантажнікам і яго ніхто і ніколі не прымушаў нікуды ўступаць.
Мама прапрацавала на сваёй пасадзе да пенсіі ды так і не стала камуністам.