Паступовае сталенне ў школьным асяроддзі прымушала ўсё больш увагі звяртаць хлопцам і дзяўчатам адно на аднаго. Не ведаю як дзяўчаты, але хлопцы-падлеткі шмат увагі надавалі дзявочай форме.
Дзяўчаты «акругляліся», а іх школьныя сукенкі паступова, месяц за месяцам, станавіліся карацейшымі. Ці гэта дзяўчаты вырасталі са сваёй школьнай формы, ці самі рабілі карацейшымі карычневыя сукенкі і чорныя хвартушкі, падшываючы іх, цяпер не істотна. Сёмыя-дзесятыя класы былі часам нон-стоп змагання школьнай адміністрацыі з даўжынёй дзявочых сукенак.
Іншымі словамі, ногі разглядаць было зручна што ў піянерак, што ў камсамолак. З гэтым не было праблем. Дзявочая школьная форма — спрыяла.
Адкуль, запытаеце вы, тады такое супрацьстаўленне ў школе хлапечых упадабанняў: піянеркі ці камсамолкі? На каго з іх мы, хлопцы, звярталі больш увагі?
Нам значна больш падабаліся камсамолкі!
Больш за тое, мы чакалі калі некаторыя, найбольш прывабныя з нашага гледзішча дзяўчаты, стануць нарэшце камсамолкамі. Прычына адна — за піянерскім гальштукам цяжка было разгледзець ладныя формы дзявочых грудзей.