Маральны кодэкс будаўніка камунізма п. 1.
«…любовь к социалистической Родине, к странам социализма».
У савецкай, другой эканоміцы свету тых часоў, не хапала якаснай тканіны. Да таго не хапала дызайнераў, краўцоў, прадаўцоў… А можа гэта ўсё было? Але прыстойнай адзежы было вобмаль.
Крута лічылася «натрапіць» на сукенку польскай, паліто чэшскай, боты югаслаўскай вытворчасці. А ўжо буржуйскія — хоць райстопы, хоць трусы былі вяршыняй мараў.
Шыкам было калі нехта заўважаў нашыты на азадку амерыканскі сцяжок ці лэйбу вядомай заходняй фірмы на плячы. Часам здавалася, што чалавек у гэтай вопратцы неяк спецыяльна выстаўляе гэтыя сцяжкі і лэйбы.
Была ў нас дырэктарка ў школе — старой, яшчэ сталінскай нарыхтоўкі. Яна і апранута была, і пастрыжана, і ўсім выразам свайго зморшчанага твару дэманстравала, што жыве ў часах целагрэек і керзавых ботаў. Вось яна і вяла непрымірымы, бясконцы бой з тымі, хто прыходзіў на школьныя мерапрыемствы ў джынсах ці ладных замежных рэчах.
Дырэктарка падыходзіла, брала сваімі кашчэевымі кіпцямі за фірмовую адзежу ды шыпела: «А ну, быстренька сняла! А то я научу цібя родзіну любіць!»