У паліклініках і ў школе ўсцяж віселі плакаты пра шкоду палення. Але ў 5−7 класах практычна ўсе хлопцы палілі. На перапынках выбегалі за кут школы і стоячы блізка да сцяны 14-й школы, насупраць 23-й сярэдняй школы, пацягвалі «Прыму» ці, калі пашчасціць, «Космас». І аніяк прапаганда здаровага ладу на нас не дзейнічала.
А вось з класа 8-га раптам стала модна мець прыгожую фігуру, падцягвацца, качацца, каб быць моцным. Цяпер на перапынкі мы выходзілі каб згуляць у «пятачок» — падцягваліся спачатку адзін, потым два разы і так да пяці, а пазней з пяці - да аднаго. Ці спаборнічалі хто больш падцягнецца.
Што ж так паўплывала на нас? Акурат у гэты час на нас раптам звалілася куча фільмаў з Брусам Лі, Чакам Норысам, Арнольдам. І ўмомант стала модным быць здаровым. Буржуазная прапаганда станоўча паўплывала на наша стаўленне да здароўя.
Дзяўчат практычна ніколі не бачылі, як яны палілі, бо палілі яны па дарозе са школы.