Летам праз нашую вёску ездзілі бэтээры, машыны з пантонамі і нават танкі. Для малых хлопцаў сапраўдным шчасцем было калі нейкая машына ламалася. Не скажу, што гэта было часта, але запомніўся выпадак, калі мы пабачылі баевую машыну пехоты, што стаяла ўся запыленая пасярод поля калгаснай бульбы.
Мы з прыяцелем здалёк разглядалі як брудныя салдаты нешта рамантавалі.
Падыходзіць да нас цётка Гандзя ды кажа каб занеслі салдацікам пад’есці і працягвае трохлітровы слоік яшчэ цёплага малака.
Мы набралі з хатаў, што было: печаную кашу на шкварках, цыбулю, агуркоў і слоік малака. І кожны з вуліцы, хто даведваўся каму мы нясем, нешта нам даваў. Хто яблыкі, хто сала, а вядомы скупердзяй дзед Гэлюсь аддаў свой пачаты пачак цыгарэт.
За гэта нам дазвалялі палазіць па машыне.
Цікавае тут не надзвычай прыязнае стаўленне людзей да простых жаўнераў, а тое, чаму ўсе былі перакананы, што ніхто салдацікаў карміць не будзе?
А яны заставаліся ў полі яшчэ два дні…