Маральны кодэкс будаўніка камунізму, п.6:
Гуманные отношения и взаимное уважение между людьми: человек человеку друг, товарищ и брат
У наш час, здаецца, хапала ўжо цацак. Але дзецям хочацца больш, хочацца нечага новага. Мне было ўжо амаль восем год, пакуль мы жылі на Лідскай. Адразу праз дарогу, насупраць нашых інтэрнатаў, была фабрыка. На гэтай фабрыцы, сярод іншага, рабілі нейкія цацкі.
Фабрыка была адгароджана бетонным плотам, але не надта высокім. Дзве пліты і трэцяя — ромбікамі. Дык вось, ля самага плоту, з адваротнага ад нас боку, стаяла вялікая драўляная скрынка. І ў гэтую скрынку скідалі розныя рэшткі вытворчасці і там можна было знайсці бракованыя часткі ад розных цацак.
Цяжка было пералезці з боку інтэрната на фабрычны падворак. Мы ставілі дошку і, падтрымліваючы адно-аднаго, пералазілі, капаліся ў тых рэштках, перакідалі праз плот знойдзенае, а потым хутка залазілі на драўляную скрынку і саскоквалі. Рабочыя нас ганялі.
Аднаго разу мы назбіралі вельмі файных частак ад розных машынак. Не паспелі перакінуць, як нас нагнаў рабочы, што выйшаў на надворак папаліць. Мы ўцяклі і вельмі шкадавалі тыя часткі.
Той рабочы сам, без нашых просьбаў, перакінуў навызбіраныя намі часткі. Нашаму шчасцю не было мяжы.