Савецкая сістэма была спрэс прапітаная ідэалогіяй. Мы нават не адчувалі яе, бо яна была ва ўсім, нават у самых простых побытавых рэчах. Што казаць, калі нават навагодняя елка ўпрыгожвалася крамлёўскай зоркай.
Едзем у аўтобусе з аднаго канца Гродна на другі ў дзіцячы садок. Я стаю ля шкла якое аддзяляе вадзіцеля ад пасажыраў, трымаюся за парэнчы і гляджу ў кабіну. Можа памятаеце старыя рэйсавыя аўтобусы з двума ўваходнымі дзвярыма, дзе рухавік быў спераду і таму ў вадзіцеля была ці не траціна аўтобуса.
Я любіў стаяць так ля шкла і разглядаць прадметы кіроўцы, глядзець на дарогу і слухаць прымач, які ў некаторых вадзілаў быў адмысловым чынам замацаваны ў кабіне.
Стаю, значыцца, з усіх бакоў заціснуты торбамі і людзьмі набітымі чыста тыя селядцы ў пушку. Пот кропелькамі сплывае па маім тварыку. Я слухаю музыку па прыймачу, а пазней навіны. І сярод навінаў перадаюць інфармацыю пра нейкую афрыканскую краіну ў якой паміраюць з голаду дзеці.
Я стаю і так сабе думаю: «Які ж я шчаслівы, што нарадзіўся ў СССР». Ці маглі мне, пяці-шасці гадоваму дзіцяці, самому прыйсці такія думкі?