З акна нашага класа было відаць будоўлю 23-й школы. На неагароджанай пляцоўцы былі раскіданы шкляныя блокі. З такіх блокаў рабілі капілкі. Гэтыя блокі не магчыма было купіць, але капілкі былі шмат у каго!

Па занятках усе хлопцы сабраліся на будову па блокі. Адзіная дарога да іх была праз глыбокі роў па вузенькай дошцы. Было вельмі страшна праходзіць, але адзіны на той момант у нашым класе піянер, бо стаць піянерам, як нам казалі, трэба было заслужыць, сказаў: «Піянеры — нічога не баяцца!» і прайшоў. Мы пайшлі следам.

Шкляны блок
Шкляны блок
Узяліся рабіць капілкі. Спрабавалі прабіць дзірачку для капеек цэглай. Ад удараў блок лопаўся і мы браліся за наступны…

Нехта прыйшоў, запісаў нашыя прозвішчы і выгнаў з пляцоўкі. Пазней, калі мы даўно забылі гэты выпадак, падчас уроку да нас прыйшла завуч з нейкім дзядзечкам. Зачыталі спіс прозвішчаў і папрасілі ўстаць. Дзядзечка сказаў, што нас усіх трэба пасадзіць. Мы збялелі…

На заўтра нас усіх прынялі ў піянеры.