У Савецкім Саюзе было прынята каб было ўсё як у людзей.

З буйных рэчаў, якія былі ва ўсіх — гэта дываны на сценах і, па-магчымасці, на падлозе. Сервант ці «сценка» ў гасцёўні-залі, раскладны стол-кніга, «вісючкі» ў праходзе з вітальні ці калідора да гасцёўні, фарфоравы набор шклянак-рыбак і канешне крышталёвыя фужэры.

Але я памятаю яшчэ адну рэч, якая была практычна ў кожнай гарадзенскай хаце васьмідзясятых — шкляначкі з паскам.

Звычайна мужыкі выпівалі са стаграмовых кілішкаў, але на святы ставілі ладныя тоненькія шкляначкі з залатым паскам пасярэдзіне. Каб паказаць, што ў гэтай хаце — усё як у людзей!

150 словаў пра эСэСэСэР. Святочныя шклянкі як ва ўсіхПілі з тых шкляначак таксама як з гранёных. Пілі нагбом. Кульнуўшы, стрымлівалі дых і пасля нюхалі хлеб ці закусвалі салёным гурком. Іншымі словамі, працэс быў аднолькавы. Але лічылася больш «культуральна» жлукціць гарэлку з далікатных шкляначак.

Толькі праз шмат год, наведаўшы блізкі свет, даведаўся, што тыя шкляначкі ў Турцыі, Азербайджане і іншых краінах выкарыстоўваюцца выключна для гарбаты.