Малако звычайна прадавалі ў шкляных бутэльках з шырокай гарлавінай і покрыўкамі з фальгі з адціснутай на ёй датай. На малаку заўсёды былі срэбныя покрыўкі, на кефіры — сінія ці зялёныя, вяршкі, якія з’яўляліся час ад часу, былі з паласатымі покрыўкамі. Покрыўкі часта зляталі з бутэлек. І звычайна малако выбіралі намацваючы ці добра трымаецца покрыўка.
А яшчэ малако прадавалі ў папяровых пакунках-пірамідах. Мне гэтае малако неяк больш смакавала, чым тое, што было ў бутэльках. Магчыма, мне падабалася адразаць верхавінку піраміды і смактаць малако адразу з пакета.
Трэба сказаць, што практычна заўсёды дзе былі пірамідкі была калюжына разлітага малака. Ці то склейвалі неахайна на заводзе, ці грузчыкі кідалі абы-як. Не магу сказаць, але малочная калюжа была там дзе былі пірамідкі.
Я ніколі не купляў малако ў пірамідках, калі было малако ў бутэльках, хоць яно мне смакавала. Бо кожная здадзеная пустая бутэлька каштавала 15 капеек. І гэта былі адзіныя мае кішанковыя грошы. Чым больш бутэлек з-пад малака — тым больш грошай.