На Лідскай, паміж інтэрнатамі і цацачнай фабрыкай, да вайсковай часткі праходзіла дарога. Калі мы выходзілі з параднага ўвахода, адразу траплялі на гэтую дарогу і нашым вачам адкрывалася аграмадная калюжа, якая не перасыхала практычна круглы год.
Вада ў гэтай калюжы была чыстая, празрыстая і вельмі цёплая. Мы любілі гуляць тут. То караблікі пускалі, то штурхалі адно аднаго ў ваду.
Але найбольш нам падабалася назіраць за развіццём жабак, што жылі ў калюжыне. Ці не штодня я прыходзіў са сваім сябрам паназіраць, як з яек вылупліваюцца палонікі, як яны плаваюць, ядуць, ганяюцца адно за адным. Як у іх паступова вырастаюць заднія лапкі і як яны страчваюць жабры і становяцца маленькімі жабкамі.
Забыў сказаць! Палова калюжыны выходзіла проста на асфальтавую дарогу, па якой ездзілі вайсковыя машыны. І ўсе тры гады, што мы там жылі, ніхто ніколі не цікавіўся, адкуль вада і чаму дзірка ў дарозе. Затое я добра засвоіў працэс развіцця палонікаў.