Як Вы думаеце, што гэта за будынак на фота ніжэй? Ён выглядае як мусульманская святыня, але насамрэч гэта будынак былой тытунёвай фабрыкі ў Дрэздэне. Зараз тут галерэя сучаснага мастацтва, а святыняй ён ніколі не быў.

Yenidze Dresden cigarette factory

Паралель першая: тытунёвая фабрыка

Адкуль такі будынак? Тытунь у канцы ХІХ — першай палове ХХ стагоддзяў - адзін з самых хадавых тавараў. Грошай ад продажу было дастаткова не толькі на тое, каб забяспечыць сябе і сваіх блізкіх, але заставалася дастаткова на дэманстрацыю крэатыву і багацця. Прычына пабудовы фабрыкі ў выглядзе мусульманскай святыні - у наяўнасці дастатковай колькасці грошай і жадання «здзівіць».

У Горадні прыблізна ў гэтыя ж час таксама будуецца тытунёвая фабрыка. І старыя будынкі складоў, усім добра вядомыя, на Будзённага 48-а. Зараз тут месцяцца офісныя памяшканні. Маштаб пабудоваў для Горадні, верагодна, быў значным, але з крэатывам і грашыма ў нас было значна горш чым у Дрэздэне…

Але не толькі наяўнасць тытунёвай фабрыкі робіць нас падобнымі. У Дрэздэне ёсць яшчэ адзін будынак, лёс якога даволі падобны да лёсу Фары Вітаўта ў Горадні. Адзін і другі будынкі былі знішчаны ў сярэдзіне ХХ стагоддзя. Толькі ў Дрэздэне будынак святыні быў спалены разам з горадам напрыканцы вайны, а Фара была ўзарваная савецкімі ўладамі, бо тыя ўлады, верагодна, не разгледзелі ў гэтым будынку гістарычнай каштоўнасці.

Паралель другая: зруйнаваны святыні

Падобным з’яўляецца асаблівая ўвага грамадства да зруйнаваных святыняў. У Нямеччыне, у савецкі перыяд, доўга ішла дыскусія, ці варта аднаўляць будынак, ад якога засталіся цэлымі толькі два муры. Прычым і ў часы аб’яднанай Нямеччыны было шмат прыхільнікаў, што казалі, каб будынак пакінуць як сымбаль жахлівых стратаў Дрэздэна у канцы вайны. Не адбудоўваць прапаноўвалі не з-за адсутнасці грошаў, а для напаміну пра страты Дрэздэна.

Акрамя азначанай прычыны, называлася і вельмі рацыянальная — калі інжынеры пралічылі памеры купала, то раптам прыйшлі да высновы, што гэты асаблівы, выцягнуты купал, у прынцыпе не можа існаваць… Цяпер сабор выглядае вось так, а званы прывезеныя з Вялікабрытаніі ў знак прымірэння.

У Горадні, на жаль, не было ніякіх шырокіх грамадскіх абмеркаванняў, ці варта аднаўляць Фару. Памятаю толькі, як у канцы 90-х гадоў вуніяцкая гарадзенская суполка спрабавала ўзняць пытанне аднаўлення Фары як уніяцкай бажніцы.

Магчыма касцёл і праваслаўная царква ўзнімалі гэтае пытанне перад уладамі, але наша дзяржава любіць вырашаць усё ціха, без абмеркаванняў, і нам невядомыя сёння прычыны, па якіх было адмоўлена вернікам, калі такія запыты ад каталіцкай і праваслаўнай супольнасцей былі.

Фара Вітаўта, помнік

Памятаю, як у канцы 90-х праводзілі раскопкі падмуркаў Фары. Пасля раскопак гадоў з дзесяць іх не маглі закапаць, ажно да вялікай «рэканструкцыі». У выніку маем невялікае каталіцка-праваслаўнае «надмагілле» на месцы самага высокага храму ў Горадні. Аднаўленне Фары магло б стаць добрам пачаткам аднаўлення гістарычнага цэнтра Гародні. А сам храм можна было б дазволіць выкарыстоўваць розным рэлігійным супольнасцям горада.

Парелель трэцяя: патопы

І яшчэ адно. Падобна да Гародні, Дрэздэн падтопліваўся, і не адзін раз. Але і з гэтага немцы зрабілі цікавостку. На мосце ўсталяваны металічны знак у выглядзе хвалі. Як мне сказалі, вышыня хвалі адпавядае максімальнаму ўзроўню вады ў рацэ падчас найбольш буйнога патопу ў Дрэздэне.

(відэа хвалі)

Я паспрабаваў быў зняць, да якога ўзроўня былі падтоплены старыя будынкі, але атрымалася ў мяне — не надта гегла:) Мне проста камеру трэба навучыцца трымаць раўней!

Але, што вядома дакладна, дык гэта максімальны ўзровень падтаплення, які дакладна вызначаны. Тады пад ваду пайшла прыблізна палова першага паверха ўсіх будынкаў, разам з карціннай галерэяй Новага замку… У тыя часы ўся Нямеччына дапамагала выратаваць музейныя зборы.

Гародня таксама некалькі разоў цярпела ад падтапленняў. Больш шчасціла нашаму месту, толькі тое, што старая частка знаходзіцца на ўзвышшы. Але ці не падтапленне спрычынілася да падмывання ўзгорка на якім стаіць Барыса-Глебская царква, і ці не гэта паўплывала на абвал сцяны гэтага старажытнага будынка?

Зараз патопы ў розных мікрараёнах адбываюцца збольшага з-за дажджу, а не з-за разліву Нёмана. А вось мой бацька памятае апошні буйны патоп 1958-га, калі па Нёмане плылі цэлыя хаты з пеўнямі на дахах. Не ведаю як з горада, але з ваколіц у той час людзей адсялялі. Асаблівае ўражанне на хлопцаў рабілі вайсковыя амфібіі.

Надзіва падобныя будынкі і нават з падобным лёсам у Дрэздэне і ў нашым горадзе. Але наколькі рознае стаўленне да сваёй спадчыны!

Ранейшыя развагі пра падабенства Гродна і Дрэздэна — у блогу на нашым старым сайце «Твой стыль».