Восень надышла нечакана – хто мог падумаць, што ў кастрычніку так пахаладае? Жартую, вядома, успамінаючы зімовыя анекдоты накшталт “в декабре, неожиданно для коммунальных служб, выпал снег”. Так здарылася і са мной – восень ужо на двары, а я ў прыпадку навядзення парадку ў рэчах выкінула ўсе тры пары пальчатак, што мела. І засталася літаральна з голымі рукамі.

Гэта была толькі прыказка, казка наперадзе.

Пальчаткі набываць трэба вядома дзе. Не, не на рынку ў Беластоку, а ў пальчаткавай краме пальчаткавай фабрыкі, што каля кніжнай “Раніцы”. Вось і завіталі мы туды з дачкой учора неяк пасля абеду.

У краме – новы рамонт, новая выкладка тавару, але як раней не было магчымасці самой дакрануцца да тавару, так і цяпер няма – кожную пару “падае прадавец”.  Каўбасу ў гіпермаркетах вешаюць так, каб кожны мог памацаць (брр), а пальчаткі “лапаць” нельга.

Падышлі да прылаўка (амаль забытае ўжо слова) і чакаем, слухаючы тэлефонную размову прадаўца, якую тая вядзе з-за закутка – нічога не бачна, але ўсе чутно. Але ў каго не бывае – пакупнікоў няма, то можна і пагаварыць. Нават без іроніі пішу. Ну няхай. Мала што…

Выйшла. Кажу, што патрэбны пальчаткі, што можа бардовыя. Аказалася, на мяне бардовых няма – пальцы доўгія, яна адразу заўважыла. Нават не ведаю – ганарыцца мне гэтымі пальцамі (нармальныя пальцы, хіба толькі ўказальны можа трохі даўжэйшы) ці наракаць. Ну добра, прымераю іншыя. Папрасіла падаць (прылавак!) можа пар 8-10. На пятай адчула сябе няёмка, мучаю чалавека. Так і не вызначылася. Падумаю. Але, хутчэй за ўсе, вярнуся.

Шмат чаго даведалася пра сябе:

  1. Доўгія пальцы – цяжка падабраць пальчаткі такому “нестандарту”
  2. Бардовы мне не пасуе – адразу зліваюся з натоўпам. Я! Бландынка ў бардовым.
  3. Сіні мне вельмі да твару. Ага, тут цяжка не пагадзіцца. Палова майго гардэроба сіняя.
  4.  Заўтра крама працуе, а гэтая прадавец не (асабістыя продажы хіба ў іх). Таму сёння я нікуды не іду, а пішу гэты артыкул. Голымі рукамі.