Аднойчы знаёмы расказваў, як хадзіў на канцэрт гурта “Ленінград”. Казаў так: “Вельмі спадабалася! Адчуванне, нібыта цябе абліваюць памыямі. Але калі так падумаць – “а прыкольна гэта”,  то можна злавіць своеасаблівы кайф ад нестандартнасці сітуацыі”.

Нешта падобнае адчула я, калі праходзіла тэхагляд на ГАП №1.

Схема простая:

1) Ідзеш афармляць за белыя дзверы неведаюшто, там жа плаціш нейкія грошы за тэхагляд.

2) Едзеш на тэхагляд САМА! Ніхто за руль не сядзе, як на Гроднааўтасервіс, дзе я праходзіла да гэтай пары.

3) Вяртаешся за белыя дзверы, каб табе выдалі паперы.

4) З паперамі ідзеш за драўляныя дзверы да інжынера, які выпісвае табе патрэбную паперынку.

Расказаць хачу пра пункты 1 і 3 – адныя і тыя ж дзверы, адныя і тыя ж людзі: хлапец гадкоў 20-22 і цётачка – каля 55. Цётачка памятае часы савецкія, калі “вас многа, а я адна”. Чаргі няма, але яна нібыта прысутнічае перад яе вачыма. Такой няўвагі, такой цудоўнай пагарды да чалавека я не адчувала… хіба ніколі. Хлапец яшчэ малады-малады, куртка ў яго “каламбія”, а мазгі –наскрозь мэйд ін совет юніон.

Што яны такога сказалі? Ды нічога! Ніхто цябе не зневажае, да цябе проста ставяцца як да пустога месца. Табе тлумачаць так, каб ты не зразумела, а потым уздыхаюць: “Ну вядома, чаго ад такой чакаць”. Ты проста фізічна адчуваеш сваю недалёкасць і нязначнасць. І атрымліваеш амаль асалоду, бо гэта музей – музей савецкасці і савецкага сэрвісу. Праўда-праўда.

Я думаю, такі сэрвіс не трэба мяняць. Яго трэба культываваць і турыстам паказваць. Яны такога нідзе не ўбачаць.

Ідэю аддаю турыстычным фірма дарма. Карыстайцеся, калі ласка.