У іх… за мяжой… вось там… Звычайна згадваем мы, калі нам не падабаецца сэрвіс, калі на нас не так паглядзелі, ці нешта сказалі, ці не так абслужылі. Пры чым гэта ўзаемна. Пакупнікі гавораць пра тое, што вось «там» — абслугоўванне, а прадаўцы таксама ў даўгу не застаюцца: «Нашыя людзі інакш паводзяць сябе за мяжой. Там яны ветлівыя і цярплівыя, а тут…».
Нядаўна мы вярнуліся «адтуль». Ну добра, не зусім «адтуль» — з Украіны. Ведаеце, што адразу кінулася ў вочы? Абслугоўванне. З табой размаўляюць, жартуюць, радзяць, падтрымліваюць зрокавы кантакт. Пасля пакупкі есць адчуванне, што пагаварыў з чалавекам, а не проста «совершил сделку».
Мы думалі - гэта іх навучылі так? Жыццё прымусіла? Яны бліжэй да разумення таго, што добры сэрвіс — гэта канкурэнтная перавага? І прыйшлі да высновы — можа крыху паспешнай, але ў нас было толькі два дні - украінцы проста больш кантактныя самі па сабе, яны больш гаваркія, адкрытыя, камунікабельныя. Іх не трэба вучыць размаўляць — гэта іх натуральная патрэба.
Я не вельмі люблю такія абагульненні - беларусы-украінцы, жанчыны-мужчыны — людзі ж такія розныя. Так! Але вы можаце згадаць, калі з вамі апошні раз проста так паразмаўлялі ў краме? А перадапошні?
Дарэчы, у «гаваркосці» есць і зваротны бок. Нас аблічылі на… сале. Дакладней, спрабавалі аблічыць. Дзяўчынка была такая прыемная, што мы толькі на касе заўважылі, што тры кавалкі даражэйшыя, а адзін таннейшы. А мы куплялі на дваіх — сувеніры, так бы мовіць. Вось так выпадкова і раскрыўся падман. Наша ветлівая дзяўчынка не была здзіўлена, яна ведала, што рабіла. Але мы ей прабачылі - надта ж прыемна размаўлялася.