100 год БНР — турыстычная карта Гродна

alen vitaje

Прывітанне! Я — Лявон, нашчадак таго самага легендарнага аленя з крыжам паміж рагоў, намаляванага на гербе горада Гродна.

Да 100-годдзя абвяшчэння незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі Hrodna.life разам з Цэнтрам гарадскога жыцця падрыхтаваў спецыяльнае святочнае выданне нашай турыстычай карты «Зроблена тутэйшымі». На ёй — месцы, звязаныя з беларускім рухам і дзейнасцю ўрада БНР у Гродне.

Карта ў PDF — сцягні і раздрукуй!

100 год БНР - турыстычная карта Гродна

Месцы БНР

месцы БНР у Гродна

Манастыр бернардынаў

вул. Парыжскай камуны, 1

Цяпер Пабернардынскі касцёл на Маставой вуліцы. Напярэдадні Першай сусветнай вайны тут адбываліся паседжанні Гродзенскага гуртка беларускай моладзі. Гродзенскі гурток беларускай моладзі быў утвораны вучнямі гродзенскіх гімназій пад апекай ксяндза Францішка Грынкевіча. Гурток займаўся тэатральнымі пастаноўкамі на беларускай мове, трымаў бібліятэку, выдаў некалькі нумароў часопіса «Колас беларускай нівы». Нейкі час гуртком фактычна кіравала Людвіка Сівіцкая, будучая паэтка Зоська Верас.


школа

Беларуская школа

вул. Валковіча, 1

Цяпер корпус аграрнага ўніверсітэта на вуліцы Валковіча. Тут было апошняе месцазнаходжанне беларускай школы пад кіраўніцтвам Уладзімера Федарука. Беларуская школа ў Гродне паўстала ў 1916 г. у будынках былога Барысаглебскага манастыра і знаходзілася на вул. Паўночнай (цяпер Валковіча) да канца 1920-х гг.


хатка

Беларуская хатка

вул. Карбышава, 10

Вядомая гродзенцам як былая мастацкая школа. Цяпер у гэтым шэрым будынку на скрыжаванні вуліц Тэлеграфнай і Карбышава месціцца разлікова-касавы цэнтр. Тут размяшчалася Грамада беларускай моладзі, адбываліся сустрэчы беларускіх актывістаў. Менавіта тут пазнаёміліся Тамаш Грыб і Паўліна Мядзёлка. Адсюль пачалася гісторыя іхнага кахання.


месцы БНР у Гродна

Міністэрства беларускіх спраў

вул. Леніна, 4

Цяпер Гуманітарны каледж на вуліцы Леніна. Тут адбываліся сустрэчы Міністэрства беларускіх спраў на чале з Язэпам Варонкам. Міністэрства беларускіх спраў было ўтворана пры ўрадзе Літоўскай рэспублікі, якт разлічваў на тое, што ўдасца ўключыць Гродзеншчыну ў склад літоўскай дзяржавы на правах шырокай палітчнай і культурнай аўтаноміі.


багдановіч

Дом Багдановіча

вул. 1 мая, 10

Сайт: bagdanovichmuseum.by

Цяпер музей Максіма Багдановіча. Тут у 1890-х гадах жыла сям’я Адама Ягоравіча Багдановіча, бацькі Максіма. Непасрэднага дачынення да стагоддзя БНР дом не мае. Але, паводле аўтараў мапы, для беларускай дзяржаўнасці і культуры гэта знакавы будынак.


месцы БНР у Гродна

Гатэль «Расія»

вул. Савецкая, 23

Таксама раней называўся гатэль «Маскоўскі» — цяпер камітэт прыродааховы. На пачатку 1919 году тут адбываліся сустрэчы ўраду БНР. Фактычна — апошняе месца паседжанняў ураду БНР на тэрыторыі Беларусі.


месцы БНР у Гродна

Гатэль «Еўропа»

вул. Савецкая, 18

Ад яго нічога не засталося, цяпер на гэтым месцы стаіць універмаг «Нёман». У канцы 1918 — на пачатку 1919 гадоў тут жыў старшыня ўраду БНР Антон Луцкевіч. Малюнак будынка на мапе зроблены паводле алоўкавай рэканструкцыі гатэлю. У 1941 г. у гатэль трапіла нямецкая бомба. Пасля вайны будынак планавалі аднавіць але ў канцы канцоў зруйнавалі.


гатэль раяль

Гатэль «Раяль»

вул. Гараднічанская, 20

Цяпер зачынены ружовы будынак на Гараднічанскай вуліцы, у працэсе зацягнутай рэканструкцыі. Тут адбываліся сустрэчы беларускіх і польскіх актывістаў у 1919 годзе, а таксама жылі сябры вайскова-дыпламатычнай місіі Антанты, якая павінна была вырашыць будучую дзяржаўную прыналежнасць Гродзеншчыны. Паміж іншымі тут жыў маёр амерыканскай арміі Дуайт Эйзенхауэр — будучы прэзідэнт ЗША.


месцы БНР у Гродна

Беларуская камендатура

вул. Горкага, 2

Сучасная рэзідэнцыя праваслаўнага япіскапа, побач з архірэйскім падворкам. Тут размяшчалася Беларуская вайсковая камендатура і цэнтр вайсковых частак у Гродне на пачатку 1919 года. Адсюль паходзіць большасць здымкаў з беларускімі вайскоўцамі таго часу. У Гродне ў пачатку 1919 г. быў створаны беларускі полк, кавалерыйскі эксадрон, камендатура і іншыя аддзелы.


бернардыны

Былы Барысаглебскі манастыр

вул. Маставая, 35

Яго не засталося, на ягоным месцы пабудаваны драмтэатар. З 1916 году ў будынках манастыра дзейнічалі беларускі прытулак і беларуская школа. Кіравалі школай Аляксандар Грыкоўскі і Тэкля Станішэўская. Рэканструявалі выяву па некалькіх фатаграфіях з розных ракурсаў.


могілкі

Старыя гарадскія могілкі на вуліцы Антонава

вул. Антонава, вул. Прыгарадная

Тут пахаваны адзін з заснавальнікаў Гродзенскага гуртка беларускай моладзі ксёндз Францішак Грынкевіч і першы настаўнік Гродзенскай беларускай школы Аляксандар Грыкоўскі. На могілках таксама пахаваныя многія людзі датычныя да беларускай культуры — паэт Міхась Васілёк, маці Максіма Багдановіча.


100 год БНР - турыстычная карта Гродна

Турма

вул. Кірава, 1

Цяпер таксама турма № 1 на вуліцы Кірава. Тут у міжваенныя часы ўтрымлівалі беларускіх патрыётаў, у тым ліку, Браніслава Тарашкевіча і Пятра Сяўрука. Тут таксама сядзелі паэты-камуністы Піліп Пястрак і Валянцін Таўлай.