Гродзенскі блогер, краязнаўца Яўген Аснарэўскі падрыхтаваў новую кнігу — «Знатныя гісторыі: эліта Гродна ў перыяд XVI — XVIII стагоддзяў». Спампаваць электронную версію можна бясплатна. Выданне арыентаванае на масавага чытача.

Кніга пазнаёміць з гісторыямі каралёў, магнатаў і шляхты перыяду Рэчы Паспалітай. Сярод іх — гучнае палітычнае забойства і сямейныя сваркі каралеўскай пары, інтрыгі князёў і апісанні фрывольных баляў з напаўголымі шляхцянкамі, падрабязнае апісання гродзенскага жыцця Стэфана Баторыя і біяграфіі дробных дваран. Палітыка і побыт эліты Рэчы Паспалітай у кнізе паказаны з дапамогай вялікай колькасць цытат з архіўных дакументаў.

Аўтар адначасова выпусціў дзве версіі кнігі - на беларускай і на рускай мовах. Беларуская версія мае 304 старонкі, руская — 310. У выданні 119 ілюстрацый, у тым ліку аўтарскія фота і малюнкі.

Пра Баторыя ў Гродне і паднаготную шляхты

Кніга пачынаецца з невялікага ўступу, які месціць гродзенскую гісторыю XVI стагоддзя і «задае тон» выданню, падзяліўся аўтар. Вялікі раздзел з 20 частак прысвечаны свету шляхты Рэчы Паспалітай — тут шмат гродзенскіх прыкладаў. «Я стараўся закрануць як мага больш сфер жыцця прывілеяванага саслоўя тых часоў, таму чытач можа даведацца пра самыя розныя элементы іх свету: ад ідэалогіі да прыбіральняў», — падзяліўся Аснарэўскі з Hrodna.life. Там ёсць часткі «Палітычнае жыццё», «Паўсядзённае жыццё», «Рэлігія», «Мовы», «Медыцына», «Вяселлі і пахаваннi», «Паядынкі». Гэта адзін з улюбёных раздзелаў кнігі для аўтара.

Істотнае месца ў кнізе займаюць дзённікі XVII стагоддзя, з якіх выбраны менавіта гродзенскія эпізоды. Сярод аўтараў - Альбрэхт Радзівіл і культавы для польскай літаратуры Ян Хрызастом Пасек. Таксама ў выданні ёсць раздзел, прысвечаны ўмоўна гродзенскім шляхецкім родам — Валовічам, Храптовічам, Масальскім, Аляксандровічам. У мемуарнай частцы XVIII стагоддзя ёсць успаміны Станіслава Аўгуста і пісьменніка Яна Ахоцкага. У кнізе выкладзеная і падрабязная гісторыя жыцця апошняга караля Станіслава Аўгуста ў Гродне.

Архіўныя дакументы як белетрыстыка

Кніга напiсана не толькi для гісторыкаў, таму ў ёй тлумачацца элементарныя для прафесіяналаў паняцці і трапляюцца жарты.

«Сапраўдныя гісторыі з мінулага часам не менш захапляльныя, чым белетрыстыка, і я стараўся падабраць для кнігі менавіта такія, — расказаў Яўген Аснарэўскі для Hrodna.life. — Я думаю, менавіта аб’ём цытаваных дакументаў - самая незвычайная рэч гэтага выдання».

Гістарычныя дакументы займаюць у кнізе больш за 100 тысяч знакаў з прабеламі. Усе архіўныя дакументы перакладзены аўтарам. У некаторых выпадках ён выправіў памылкі папярэдніх перакладаў.

Дзе знайсці выданне

Электронную версію кнігі можна спампаваць бясплатна на рэсурсе Ridero па-беларуску, там жа ёсць і рускамоўны варыянт кнігі. Друкаваны асобнік можна замовіць на Ridero, Wildberries (па-беларуску або па-руску) ці Ozon (тут таксама ёсць руская версія).

Хто такі Аснарэўскі і пра што ён яшчэ піша

Яўген Аснарэўскі - творчы псеўданім гродзенскага краязнаўцы і блогера. Сапраўднае імя ён не раскрывае, часам называе сябе містыфікацыяй. Аснарэўскі піша для Вікіпедыі і вядзе LiveJournal, складае петыцыі аб захаванні і ўдасканаленні гарадской прасторы, аўтар мастацкай прозы. Пісаў пра архітэктуру Старого замка, летнюю каралеўскую рэзідэнцыю ў Панямуні, тэатры Тызенгаўза і іншыя помнікі гродзенскай архітэктуры. Многія артыкулы блогера цытуюць і публікуюць мясцовыя СМІ і інтэрнэт-медыя. Таксама Аснарэўскі склаў дзве тэматычныя карты — габрэйскіх славутасцяў і арыстакратычных рэзідэнцый горада.

У верасні 2021 года ў электронным выглядзе выйшла кніга Яўгена Аснарэўскага «Гродно — столица, которая осталась». Яна прысвечана гродзенскім архітэкстурным славутасцям, творам мастацтва і дзённікам падарожнікаў XVIII стагоддзя.

У сваім Facebook аўтар адзначае, што найперш яго кнігі для людзей «больш-менш далёкіх ад тэмы». Аснарэўскі падкрэслівае, што «не імкнецца ўнесці адчувальны ўклад у навуку, а толькі зрабіць такія кнігі, якія могуць „зайсці“ масаваму чытачу».

Сёлета Яўген больш не плануе выдаваць гістарычныя кнігі, але мае ідэі для іншых выданняў, расказаў ён Hrodna.life. Ці рэалізуюцца яны, пакажа час.