Антоній Тызенгаўз — знакаміты дзеяч Вялікага Княства Літоўскага. Вядомы мецэнат, падскарбій і стараста Гродна. Дзякуючы яму ў Гродне з’явіўся шэраг мануфактураў, адкрыўся першы тэатр і кафенгаўз. Hrodna.life сабраў 5 фактаў з жыцця гродзенскага старасты.

Т-Тызенгаўз. 5 фактаў пра рэфарматара, якога абвінавацілі ў растраце казны
Антоній Тызенгаўз. Малюнак. Ігар Варкулевіч

«Гарадзенская азбука» ад Hrodna.life — гэта 32 артыкулы пра цікавосткі Гродна. Кожнаму з іх адпавядае адна з літар алфавіту. А — Ажэшка, Б — Баторый, В — Вітаўт і так далей. У кожным артыкуле азбукі вы знойдзеце па пяць цікавых фактаў аб адметных гродзенскіх асобах, месцах ці з’явах.

Нарадзіўся ў Наваельні, вучыўся ў Вільні, змяніў Гродна

Антоній нарадзіўся ў 1733 годзе ў мястэчку Наваельня і паходзіў з вядомага шляхецкага роду Тызенгаўзаў. Будучы падскарбій атрымаў адукацыю у Віленскім універсітэце. Пасаду гродзенскага падстарасты атрымаў па рэкамендацыі Юзэфа Масальскага (папярэднік Тызенгаўза на пасадзе гродзенскага старасты — заўв. Hrodna.life). Праз восем год кароль Польскі і Вялікі князь Літоўскі Станіслаў Аўгуст Панятоўскі прызначыў яго літоўскім падскарбіем. Менавіта тады, на пасадзе кіраўніка фінансавай сістэмы Вялікага Княства Літоўскага, Антоній распачынае свае рэформы ў Гродне.

Хацеў упарадкаваць горад па прыкладу сталіцы

Гродна быў даспадобы Тызенгаўзу, таму ён распачаў тут свае рэформы. Антоній хацеў упарадкаваць горад па прыкладу сталіцы. У вёсцы Гарадніца, побач з горадам, у 1760-х гадах падскарбій пачынае будаўніцтва разнастайных мануфактур. Усяго налічвалася дваццаць адна мануфактура, восем з якіх працавалі ў Гродне. Пад кіраўніцтвам гродзенскага старасты ў Гарадніцы быў збудаваны жыллёва-прамысловы комплекс з 85 будынкаў.

Для стварэння новага культурна-прамысловага цэнтра спецыяльна запрасілі італьянскага архітэктара Джузэпэ Сака.

Былое сяброўства з каралём уратавала ад смяротнага пакарання

Кароль быў вельмі задаволены працай Тызенгаўза. Але нажаль, вельмі хутка ўсё скончылася. Расія і Пруссія былі не задаволены хуткім узмацненнем Рэчы Паспалітай. Крэдыторы, якіх падгаворвалі паслы, перасталі выдаваць крэдыты. Некаторыя мануфактуры былі не рэнтабельны і не прыносілі прыбытку. У 1780 годзе кароль прызначыў новага кіраўніка эканоміі. Тызенгаўза абвінавацілі ў растраце казны і пасадзілі за краты на 6 тыдняў. Толькі былое сяброўства з каралём уратавала Антонія ад смяротнага пакарання.

Як захавалі памяць пра Тызенгаўза ў Гродне

Апошнія гады былы падскарбій дажываў у мястэчку Паставы. Ён памёр 31 сакавіка 1785 года. Пахавалі Антонія Тызенгаўза ў радавым склепе, што месціцца ў касцёле ў мястэчку Жалудок. У Гродне, акрамя захаваўшыхся архітэктурных помнікаў, пра постаць старасты нагадвае назва плошчы ў цэнтры горада і помнік у Фарным касцёле.

Улады горада былі супраць помніка на плошчы

Помнік Антонію Тызенгаўзу першапачаткова планавалі ўсталяваць напрыканцы XIX стагоддзя на адной з гарадскіх плошчаў. Але мясцовыя ўлады былі супраць. Тады помнік з мармура і залачонай бронзы паставілі ў Фарным касцёле. Скульптуру жанчыны і бронзавы медальён з партрэтам былога падскарбія зрабіў львоўскі майстар Томаш Дукас у 1895−1900 гг. Зафундавала помнік графіня Марыя Пшэздзецкая — праўнучка знакамітага рэфарматара.