Станіслаў Аўгуст Панятоўскі вядомы як апошні кароль Рэчы Паспалітай. Пры ім найбуйнейшая краіна ў Еўропе скончыла сваё існаванне. Але ці толькі гэтым мы можам узгадаць апошняга караля? Чытайце 5 фактаў пра Станіслава Аўгуста Панятоўскага ў новым артыкуле «Гарадзенскай азбукі».

«Гарадзенская азбука» ад Hrodna.life — гэта 32 артыкулы пра цікавосткі Гродна. Кожнаму з іх адпавядае адна з літар алфавіту. А — Ажэшка, Б — Баторый, В — Вітаўт і так далей. У кожным артыкуле азбукі вы знойдзеце па пяць цікавых фактаў аб адметных гродзенскіх асобах, месцах ці з’явах.

1. Атрымаў добрую адукацыю і быў неблагім аратарам

Станіслаў Панятоўскі нарадзіўся 17 студзеня 1732 года ў сям'і кракаўскага кашталяна Станіслава Панятоўскага і дачкі найбагацейшага магната Казіміра Чартарыйскага Канстанцыі. Малады Панятоўскі атрымаў добрую адкуацыю. Доўгі час жыў у Англіі, дзе дэталёва вывучаў парлменцкі строй. Дзякуючы свайму аратарскаму майстэрству, у 20 год Панятоўскі звярнуў на сябе ўвагу ў Сейме Рэчы Паспалітай.

2. Стаў каралём дзякуючы Чартарыйскім і Кацярыне ІІ

Калі Панятоўкаму было 23 гады, ў яго закахалася вялікая княгіня Кацярына Аляксееўна. Пасля смерці караля Аўгуста ІІІ, у 1764 годзе, Панятоўскага прасунулі кандыдатам на трон караля Рэчы Паспалітай. Гэта зрабіла партыя Чартарыйскіх. Пры ўдзеле шляхты і падтрымцы Кацярыны ІІ Станіслаў Аўгуст Панятоўскі стаў новым каралём Рэчы Паспалітай.

3. Намагаўся адмяніць «liberum veto»

Пасля абрання на трон Панятоўскі распачаў рэформы. У войсках кароль увёў новыя віды зброі, а таксама замяніў кавалерыю пяхотай. Намагаўся адмяніць «liberum veto» — права, якое дазваляла любому члену Сейма накласці забарону на любое рашэнне. Рэформы таксама закранулі эканамічную і заканадаўчую сістэму краіны. Пры падтрымцы Панятоўскага Антоній Тызенгаўз распачаў у Гродне змены. Дзякуючы якім ў горадзе з’явіўся новы прамысловы раён — Гарадніца.

4. Хацеў стварыць галерэю, не горшую за Эрмітаж

Кароль рабіў усё магчымае каб упрыгожыць Варшаву. Панятоўскі планаваў стварыць мастацкі музей, які б быў не горш за Эрмітаж у Санкт-Пецярбурзе. Творы для новай галерэі набываліся ў Лондане.

5. Пакінуў ў Гродне тры рэзідэнцыі

Фальваркі Гродзенскай каралеўскай эканоміі часткова належалі каралю польскаму і валяікаму князю літоўскаму — Станіславу Аўгусту Панятоўскаму. Две з трох рэзідэнцый названы ў гонар караля: Станіславова і Аўгустова. Назва трэцяй — Панямунь, паходзіць ад назвы ракі, дзе яна месціцца. Зараз гэтыя рэзідэнцыі ўваходзяць у сучасныя межы Гродна.

Перепечатка материалов Hrodna.life возможна только с письменного разрешения редакции. Контакт info@hrodna.life