Кратко пересказать смысл дискуссии, посвященной Владимиру Короткевичу, можно в трех словах: «Короткевич — наше все». Hrodna.life позволил себе немного больше слов и попытался втиснуть самые яркие высказывания про классика в 10 цитат.
Обсуждали магию Короткевича Андрей Хаданович, Владимир Орлов, Александр Федута и Марыся Мартысевич на фестивале интеллектуальной книги Pradmova в Гродно. Фестиваль проходил в Центре городской жизни 7 марта.
-1-
Я скончыў школу і не ведаў, што ёсць такі пісьменнік. Калі аднакурснік мне прапанаваў пачытаць «Каласы пад сярпом тваім», у мяне ўзнікла пэўная перасцярога. Мне здалося, што гэта нешта пра вёску, пра сельскую гаспадарку. Цяпер гэта смешна, анекдатычна гучыць. Уладзімір Арлоў
-2-
Творы Караткевіча не проста вярталі еўрапейскае мінулае нашай зямлі. Караткевіч нам даў Радзіму. Мы пачыналі разумець, што з народам, пазбаўленым памяці, можна рабіць самыя злачынныя палітычныя эксперыменты. Уладзімір Арлоў
-3-
Караткевіч насуперак афіцыёзу прапаноўваў бачанне Беларусі не як малодшай сястры, не як партызанскай рэспублікі. Гэта была не ваенная, не вясковая проза. Гэта была гарадская, бліскучая, гістарычная і сучасная, а таксама інтэлектуальная проза. Гэта не магло не прывабліваць. Гэта быў не павеў нават, а такі моцны вецер. Для кагосці творчасць Караткевіча стала сапраўды ўраганам, што ўварваўся ў свядомасць. Уладзімір Арлоў
-4-
Мы вывучалі тады шэрую безаблічную гісторыю, дзе дзейнічалі народныя масы. Да народных масаў ніхто не хоча быць падобным. Ты хочаш быць падобным да паўстанцкага правадыра, да князя, да палкаводца, да авантурніцы, без каторай ніводная гісторыя не абыходзіцца. І вось Караткевіч нам прапаноўваў такіх герояў. Уладзімір Арлоў
-5-
Калі параўнаць Караткевіча з яго сябрам і сучаснікам, Васілём Быкавым, калі параўнаць іх папулярнасць, мне падаецца, што Быкаў адкрываў Беларусь, беларускую душу свету. А Караткевіч найперш адкрываў Беларусь самім беларусам. Найперш ён наш. Уладзімір Арлоў
-6-
Караткевіч ніколі не хаваў [прыхільнасці да дэтэктываў] і заклікаў калегаў звяртацца да не-сур'езных, так званых нізавых жанраў. «Дзюдзікі» — так ужо тады пачыналі называць дэтэктывы, зрабілі яго метамарфозу — з пісьменніка нізкага жанру ён зрабіўся неабходным і кананічным. Я для сябе знайшоў формулу абаяння і поспеху Караткевіча: «Калі нельга, але вельмі хочацца, то можна». Караткевіч сабе такое дазваляў і ў яго такое спрацоўвала. Андрэй Хадановіч
-7-
Кожнаму чытачу хочацца перамагчы. І ёсць жанры, дзе дабро заўжды перамагае, а зло заўжды пакаранае. Дэтэктыўны жанр адзін з такіх. Фенамен гістарычнага дэтэктыва «Дзікае паляванне караля Стаха» менавіта з гэтым і звязаны. Мы атрымалі гісторыю, у каторай зло было пакарана, і гэта была гісторыя з нашай гісторыі. Аляксандр Фядута
-8-
Калі ў продажы з’явіўся зборнік гістарычнай прозы Караткевіча, у нас на гістарычным факультэце сарвалася лекцыя. Бо амаль увесь курс незгаворваючыся рушыў у кнігарню. Калі «Дзікае паляванне…» выйшла спачатку ў часопіснай версіі, то таксісты прадавалі гэтыя пераплеценыя разам часопісы. Уладзімір Арлоў
-9-
Караткевіч — адзіны беларускі класік, каторы нідзе, ні ў водным сваім творы, не скардзіцца, не кажа, што нешта не атрымліваецца. Яго герой заўжды пераможца. Успомніце, напрыклад, Гервасія Выліваху, злодзея. Чалавека, які абыграў, абдурыў, смерць. Тое, што не ўдалося зрабіць Астапу Бэндару — скрасці ладдзю, у Караткевіча ўдалося. Аляксандр Фядута
-10-
З аўгусцейшых вуснаў зноў і зноў гучаць звернутыя да пісьменнікаў патрабаванні стварыць беларускую «Вайну і мір». У маім уяўленні, мы даўно маем яе. Гэта Караткевічавы «Каласы пад сярпом тваім». Уладзімір Арлоў