Андрусь Андрушкевіч вучыцца ў Варшаве на лагіста. З-за эпідэміялагічнай сітуацыі ён зараз навучаецца дыстанцыйна, таму вярнуўся ў родны Гродна. Паралельна з вучобай ён працуе над праектам «woodenberg» — малюе і расказвае пра архітэктуру Заходняй Беларусі. Пра ідэю праекта хлопец распавёў журналісту Hrodna.life.

Праект пачаўся ў канцы вясны. Цяпер хлопец намагаецца на кожных выхадных прагуляцца па малавядомых вулачках старога Гродна або выехаць у навакольныя вёскі: Путрышкі, Чашчаўляны, Ялоўшчыну, Русоту і там маляваць. Больш за ўсё Андрусю падабаецца традыцыйная драўляная забудова, якая знікае з кожным годам.

«Я нарадзіўся ў горадзе і з дзяцінства жыў на Дзевятоцы, бачыў старыя сялянскія дамы. Мне гэта вельмі падабалася, але на працягу 18 гадоў не мог зразумець, у якім кантэксце. Апошнім летам я шмат ездзіў і бачыў, размаўляў з людзьмі на Гродзеншчыне, Наваградчыне і бачыў гэтыя дамкі, якія так запалі ў душу. Яны ўсе падобныя і розныя адначасова. Шмат якія былі закінуты. Мне давялося пабачыць разбор адной такой пабудовы».

Андрусь лічыць, што гэтыя дамы павінны быць цікавосткай Беларусі, таму ён і пачаў іх маляваць.

«Хочацца захаваць дух Гародні». Гродзенец малюе драўляныя будынкі, каб звярнуць увагу на іх лёс
Дом на вуліцы Міцкевіча, 7. Драўляная архітэктура канца ХІХ ст. «Нават не верыцца, што дрэва можа столькі гадоў пратрываць. Насамрэч, драўляныя дамы вельмі доўга могуць быць у добрым стане, пакуль там жывуць людзі. Гэты дом мясцовыя называюць „дом з цмокамі“. Гэта звязана з тым, што пад дахам выразаны гэтыя міфічныя істоты. Раю наведаць гэтую мясціну і пачуць атмасферу ХІХ ст. ў Заходняй Беларусі».
«Хочацца захаваць дух Гародні». Гродзенец малюе драўляныя будынкі, каб звярнуць увагу на іх лёс
Дом на вуліцы Міцкевіча, 9. «Яго фасад прываблівае ўсіх, хто ідзе побач. На жаль, на дадзены момант дом закінуты і з кожным годам губляе сваю прыгажосць. Быў пабудаваны ў часы Расійскай імперыі ў псеўдарускім стылі. Мясцовыя кажуць, што за польскім часам тут жыў польскі афіцэр з сям’ёй. Пасля прыходу савецкай улады дом быў прызначаны на некалькі сем’яў. Новыя гаспадары не ставіліся да гэтага дома, як да нечага каштоўнага».
«Хочацца захаваць дух Гародні». Гродзенец малюе драўляныя будынкі, каб звярнуць увагу на іх лёс
Дом на вуліцы Малышчынскай. «Шчыра кажучы, гэта адзін з маіх самых любімых дамоў. За яго лёсам ужо гады тры сачу. Нават здалёк бачна, што ў ім няма гаспадароў. Але сярод усіх навакольных дамоў гэты- самы цікавы. Першае, што кідаецца ў вочы — гэта аканніцы і разныя шыбы. Дарэчы, яны ў досыць добрым стане. Але фарба ўжо злазіць. Па-другое, гэта абрэзаны франтон дома. Такое вельмі часта можна было пабачыць, яшчэ гадоў 30−40 таму. Гэта ўсё досыць тыпова для традыцыйнай заходнебеларускай архітэктуры».
«Хочацца захаваць дух Гародні». Гродзенец малюе драўляныя будынкі, каб звярнуць увагу на іх лёс
Дом на вуліцы Лермантава. «Па гэтай вуліцы вельмі шмат „нетыповых“ дамоў для вачэй беларусаў. Большасць з іх пабудавана ў пачатку ХХ ст. і мае адметныя рысы, характэрныя для польскай міжваеннай архітэктуры. Большасць з іх драўляная, але сустракаюцца ў завулках побач дамкі ХІХ ст., часоў Расійскай Імперыі».

Калі Андрусь набярэ больш матэр’ялу, ён пачне складаць уласны зборнік. Пакуль у яго 71 малюнак ці, як ён кажа, паштовак з Гародні, якія ў будучыні можна будзе набываць.

«На жаль, сёння сітуацыя не найлепшая з такімі будынкамі. Шмат ужо знесена, яшчэ палова ў спісах на знішчэнне. Такое становішча мяне вельмі клапоціць. Гродзеншчына з’яўляецца рэгіёнам са шматвекавымі традыцыямі будавання драўляных дамоў. У нас яны на кожным кроку. Яны не горшыя за мураваныя. Але сто адсоткаў, што прыгажэйшыя».

У гэтых будынках можна спакойна адчыняць кавярні, крамы, рэстараны, кажа Андрусь. Лічыць, што нельга зносіць, а пасля будаваць макеты з пенаблокаў з пенапластавай ляпнінай і бляхай на даху.

«Я асабіста ў горадзе не бачыў ніводнага нармальна адрэстаўраванага драўлянага дома, акрамя лямуса на тэрыторыі Брыгіцкага клаштара. Хочацца захаваць дух Гародні, які псуюць усё больш і больш».

«Нават у блізкіх да нашай мяжы Друскеніках (Літва) ёсць некалькі драўляных дамоў ХІХ ст, якія зараз можна прыводзіць як прыклад для рэканструкцыі».

Чытайце таксама:

У Гродне можа з’явіцца свой прыклад добрай рэстаўрацыі?

Праз некалькі гадоў у Гродне можа з’явіцца добры прыклад, як трэба аднаўляць драўляныя пабудовы. Дом па вул. Міцкевіча, 9 у жніўні на аўкцыёне набыла гродзенская кампанія «Формула воды». Будынак яны набылі за 116 тысяч рублёў.

Кампанія хоча аднавіць дом так, як ён выглядаў на момант пабудовы ў пачатку XX стагоддзя. У планах на першым паверсе зрабіць рэстаран і невялікі музей, дзе раскажуць гісторыю сям'і Кур’яновіч і іншых жыхароў раёна Новы свет. На другім паверсе плануецца апарт-гатэль.

драўляныя будынкі

Хто яшчэ маляваў драўляны Гродна?

У 2014 годзе ў абарону раёна Новы свет у Гродне, дзе пераважае драўляная архітэктура, выступілі гісторыкі і краязнаўцы. Мастачка Наталля Клімовіч выпусціла серыю паштовак. У 2000 годзе ў гэтым жа раёне драўляныя дамы вырашыла намаляваць для ўласнага праекта мастачка Улада Шамава.

Чытай таксама: