З самага ранку мы з бабуляй ладна апранутыя стаялі на ганку вясковай школы дзе праходзілі выбары. Кандыдатам у Сельскі савет народных дэпутатаў быў толькі адзін чалавек. Упершыню ім быў мой дзед.

На выбарчым участку цёткі ў святочных хустках падыходзілі адна па адной да стала, распісваліся ў ведамасці, бралі нейкі лісток, падыходзілі да вялікай драўлянай скрынкі пафарбаванай чырвонай маслянай фарбай, кідалі туды лісток і йшлі ў буфет. А вось у буфеце было значна весялей! Мужыкі сядзелі расчырванелыя ад некалькіх кілішкаў, а жанчыны гаманілі, смяяліся і ўсе дзяліліся на тых, хто ўжо купіў «гарадское» масла і тых, хто яшчэ стаяў па яго ў чарзе.

Уночы, калі прыехаў дзед каб сказаць, што яго абралі, у хаце за яго выбары ўжо даўно выпівалі сваякі.

У нейкі момант гаворка закранула і выбары, тады мая бабуля з выглядам вельмі дасведчанага ў выбарах чалавека падсумавала:

— Не, гэтыя выбары былі так сабе… Кракаўскай каўбасы не прывезлі!

720-vyibaryi-2